
Настаўнік фізкультуры займае важную ролю ў сістэме выхавання школьнікаў. Менавіта ад яго адказнасці і прафесійнасці залежыць фізічнае развіццё юнакоў і дзяўчат, іх здароўе. Менавіта ў юным узросце пачынаецца сяброўства з тым ці іншым відам спорту, якое можа прайсці праз усё жыццё.
Настаўнік фізічнай культуры Германавіцкай СШ Пётр Пятровіч Рубніковіч з’яўляецца адным з самых вопытных спецыялістаў школьнага фізкультурнага руху і Шаркаўшчынскай ДЮСШ, узначальвае раённае метадычнае аб’яднання настаўнікаў фізічнай культуры.
Дзяцінства Пятра Пятровіча праходзіла ў тыя часы, калі яшчэ не было мноства тэлеканалаў, не існавала і паняцця пра Інтэрнэт, а ўвесь свой вольны час хлопцы праводзілі ў гульнях: летам гулялі ў футбол, зімою — у хакей. І свой будучы лёс пасля заканчэння школы вырашыў ён звязаць са спортам. Закончыўшы факультэт фізічнага выхавання Віцебскага педінстытута, Пётр Пятровіч у 1989 года вярнуўся ў родны раён, працаваў настаўнікам у Германавіцкай, Шаркаўшчынскай, Сталіцкай, Шкунцікаўскай школах. А вось дзейнасць трэнера дзіцячай юнацка-спартыўнай школы пастаянна была звязана з Германавіцкай СШ, дзе ён выхаваў не адно пакаленне юных спартсменаў. Асабліва запомніўся яму сваёй працавітасцю, настойлівасцю і таленавітасцю Дзмітрый Міхалёнак, які стаў кандыдатам у майстры спорту па скачках у вышыню. Некаторыя яго вучні працягвалі вучобу на спартыўных факультэтах, цяпер працуюць у навучальных установах выкладчыкамі фізкультуры. А адна з былых вучаніц Анна Мітрыеўна Хаданёнак вярнулася ў родную школу і сама выхоўвае юных спарстменаў, з’яўляючыся трэнерам ДЮСШ. Прывіў любоў да спорту ён і сваім сынам Артуру і Аляксандру. І хоць яны не прафесійныя спартсмены, але спартыўныя навыкі аказаліся вельмі карыснымі ў жыцці: адзін з братоў паспяхова выступае за сваю навучальную ўстанову, другі — за працоўны калектыў.
Пётр Пятровіч развівае ў Германавіцкай школе такія гульнёвыя віды спорту як футбол, баскетбол, валейбол, вялікая ўвага надаецца заняткам па лёгкай атлетыцы, зімою практыкуюцца лыжы. Вопыт і інтуіцыя дазваляюць трэнеру адразу разгледзець у малышах спартыўны патэнцыял: па целаскладзе, па тым, хто як рухаецца. Патэнцыял развіваецца падчас трэніровак, пад кіраўніцтвам Пятра Пятровіча юныя спартсмены дасягаюць поспехаў на раённых і абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Сярод цяперашняга актыву трэнер называе імёны Крысціны Александровіч, Крысціны Філіпёнак, Карыны Мядзелец, Марыны Клімзы і іншых. Дарэчы, у Германавіцкай школе існуе дзявочая футбольная каманда. “Хлопцаў у нас не так многа, — кажа Пётр Пятровіч, — а вось дзяўчат паболей. Таму і прапанаваў ім сур’ёзна заняцца футболам. У большасці гэта тыя ж, хто займаецца лёгкай атлетыкай. На трэніроўках навучаю іх асновам футбольнага майстэрства, па магчымасці стараемся ўдзельнічаць у матчах і турнірах раённага ўзроўню”.
Пётр Пятровіч перакананы, што спорт дапамагае чалавеку развівацца фізічна, выхоўвае маральна-валявыя якасці характару, а камандныя віды садзейнічаюць сяброўству, развіццю пачуцця калектывізму.
Андрэй БУРЭЦ.