Тэма тыдня ад БЕЛТА: У Беларусі ўзмацняюцца меры дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі

Тэма тыдня БелТА

23

У Беларусі з 1 студзеня 2015 года ўводзяцца дадатковыя меры дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 снежня правёў сустрэчу з міністрам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мар’янай Шчоткінай, якая прадставіла праект па дзяржпадтрымцы сем’яў, што выхоўваюць дзяцей, і стымуляванні нараджальнасці, распрацаваны з улікам заўваг і прапаноў, што абмяркоўваліся на адпаведнай нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт у цэлым згадзіўся з асноўнымі палажэннямі, якія змешчаны ў праекце, і, у прыватнасці, адобрыў рашэнне аб увядзенні сямейнага капіталу ў памеры $10 тыс. пры нараджэнні трэцяга або наступных дзяцей.
«Мы вызначыліся, што для нас гэта найважнейшая праблема. Насельніцтва ў Беларусі павінна прырастаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта грошы добрыя. Гэта доўгачасовая падтрымка».
Дзяржава павінна зрабіць усё абяцанае па падтрымцы сем’яў з дзецьмі, заявіў Прэзідэнт.
9 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 572, у адпаведнасці з якім з 1 студзеня 2015 года ў РБ устанаўліваюцца дадатковыя меры дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
У прыватнасці, сем’ям будуць аднаразова прадастаўляцца безнаяўныя грашовыя сродкі ў суме $10 тыс. пры нараджэнні трэцяга або наступных дзяцей. Права на такі сямейны капітал маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь пры нараджэнні (усынаўленні) трэцяга або наступных дзяцей, якія нарадзіліся з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года.
Назначэнне сямейнага капіталу ажыццяўляецца пры звароце ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Права на зварот за назначэннем сямейнага капіталу можа быць рэалізавана на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення) трэцяга і наступных дзяцей, а права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу — пасля 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла права на назначэнне сямейнага капіталу.
Сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне накапляльнай пенсіі маці. Пры гэтым сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг, аказваемых арганізацыямі аховы здароўя, у парадку і па пераліку, вызначаемым Міністэрствам аховы здароўя.
Фінансаванне расходаў на выплату сямейнага капіталу ажыццяўляецца ў доларах ЗША.
Сродкі сямейнага капіталу, адносна якіх грамадзяне не звярнуліся на працягу 3 гадоў пасля 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла права на назначэнне сямейнага капіталу, або нявыкарыстаныя на працягу 5 гадоў пасля падачы заявы аб распараджэнні імі, падлягаюць вяртанню ў рэспубліканскі бюджэт.
Устанаўліваецца таксама штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў сем’ям у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у памеры 50 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Мінпрацы і сацыяльнай абароны, за два апошнія кварталы.
У якасці бягучай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, указам прадугледжана, што права на дапамогу маюць маці або бацька (усынавіцель, апякун), якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў і маюць права на дапамогу па догляду дзіцяці да 3 гадоў. Пры назначэнні дапамогі не ўлічваюцца дзеці, якія знаходзяцца ў дзіцячай інтэрнатнай установе, установе адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання.
Акрамя таго, указам устанаўліваецца працэнтная стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў маладым сем’ям, якія маюць дваіх непаўналетніх дзяцей на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў, у памеры 5 працэнтаў гадавых.
Дакументам зацверджаны Палажэнне аб аднаразовым прадастаўленні сем’ям безнаяўных грашовых сродкаў пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей, а таксама Палажэнне аб парадку назначэння і выплаты штомесячнай дапамогі сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.
У Беларусі робіцца максімум для падтрымкі сем’яў з дзецьмі — Шчоткіна
Такое меркаванне выказала міністр працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мар’яна Шчоткіна ў ходзе рабочай сустрэчы ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Мар’яна Шчоткіна звярнула ўвагу на добрую тэндэнцыю: у 2013 годзе нарадзілася 56 тыс. дзяцей, якія з’яўляюцца першымі ў сям’і, і 62 тыс., якія з’яўляюцца другімі і наступнымі. «Хацелася, каб сем’і раслі, — сказала яна. — Кожная сям’я жадала б мець як мінімум дваіх дзяцей. Але, вядома, ставяцца пытанні аб набыцці жылля і падтрымцы з боку дзяржавы».
Паводле слоў міністра, меры падтрымкі будуць і далей прадугледжвацца. У Беларусі будзе распрацоўвацца новая праграма дэмаграфічнай бяспекі на наступную пяцігодку.
«Але самае галоўнае: сем’і павінны быць моцнымі, дзеці павінны быць жаданымі і дзяцей трэба любіць», — сказала Мар’яна Шчоткіна.
Новыя меры дзяржпадтрымкі сем’яў накіраваны на стымуляванне нараджальнасці другіх і наступных дзяцей
Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вера Лабковіч, каменціруючы ўказ нумар 572 «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей».
Паводле яе слоў, цяпер у Беларусі дзейнічае эфектыўная сістэма мер эканамічнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
«У многім дзякуючы ёй дасягнуты самыя высокія паказчыкі нараджальнасці за апошнія 20 гадоў. Калі ў 1995 годзе нарадзіліся 101,1 тыс. дзяцей, то ў 2013 годзе — 118 тыс. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці вырас з 1,38 у 1995 годзе да 1,67 у 2013-м, — сказала Вера Лабковіч. — Пры гэтым больш як палавіна нованароджаных (52,6 працэнта) — гэта другія і наступныя дзеці ў сем’ях».
Эканамічныя фактары аказваюць рашаючае значэнне пры прыняцці сям’ёй рашэння аб павелічэнні свайго складу. Таму з 1 студзеня 2015 года ўстаноўлены новыя меры падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
Галоўныя навацыі — аднаразовае прадастаўленне сем’ям безнаяўных грашовых сродкаў у памеры $10 тыс. пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей; штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у памеры 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ).
Сямейны капітал — гэта грашовыя сродкі, што прадастаўляюцца ў безнаяўнай форме за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Права на яго маюць грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы: маці (мачаха) у поўнай сям’і, бацька ў няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель) пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года ўключна, калі з улікам народжанага, усыноўленага (удачаронага) дзіцяці або дзяцей у сям’і выхоўваюцца не менш як трое дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Пры гэтым дата нараджэння ўсыноўленага (удачаронага) дзіцяці павінна быць не раней за 1 студзеня 2015 года. Калі ў поўнай сям’і маці (мачаха) не мае права на назначэнне сямейнага капіталу, такое права мае бацька (айчым), дадала прадстаўнік міністэрства.
Дарэчы, умова наяўнасці пастаяннай рэгістрацыі па месцы пражывання на тэрыторыі рэспублікі таксама прад’яўляецца і да дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям’і пры вызначэнні права на сямейны капітал.
Што датычыцца напрамкаў выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу, то яны абумоўлены неабходнасцю інвесціравання сродкаў у паляпшэнне якасці жыцця сем’яў, павышэнне ўзроўню іх дабрабыту. Паколькі права распараджэння безнаяўнымі сродкамі наступае не раней за дасягненне народжаным, усыноўленым (удачароным) дзіцем паўналецця і прадугледжана для ўсіх членаў сям’і, замацаваны пералік напрамкаў выкарыстання гэтых сродкаў. Прадугледжана таксама магчымасць датэрміновага выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу ў выпадку хваробы члена сям’і.
Так, сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне накапляльнай пенсіі маці. Пры гэтым сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг, што аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя.
За назначэннем сямейнага капіталу грамадзяне павінны звяртацца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей.
Указам вызначаны парадак уліку асоб, якія маюць (не маюць) права на сродкі сямейнага капіталу, і парадак размеркавання сродкаў у выпадку змянення складу сям’і.
Упаўнаважаным банкам для адкрыцця дэпазітных рахункаў грамадзян вызначаны ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк».
Парадак і ўмовы назначэння сямейнага капіталу і распараджэння яго сродкамі вызначаецца Саветам Міністраў. Тэрмін рэалізацыі гэтага віду доўгатэрміновай падтрымкі сем’яў з дзецьмі — пяць гадоў.
У якасці бягучай падтрымкі ўводзіцца штомесячная дапамога сям’і, што выхоўвае дзіця (дзяцей) ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, якая выплачваецца ў перыяд догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, у памеры 50 працэнтаў БПМ. Права на дапамогу маюць маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель), якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў. Апякун (папячыцель) мае права на дапамогу, калі апека (папячыцельства) устаноўлена над дзіцем (дзецьмі) ва ўзросце да 3 гадоў і дзіцем (дзецьмі) ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, пры ўмове што дзіця (дзеці) ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў не знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні. Пры гэтым, падкрэсліла Вера Лабковіч, права на назначэнне дапамогі не залежыць ад даты нараджэння дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў (да 1 студзеня 2015 года або пасля гэтай даты) і ад занятасці маці (мачахі), бацькі (айчыма), усынавіцеля (удачарыцеля), апекуна (папячыцеля).
Пры выхаванні дваіх і больш дзяцей назначаецца і выплачваецца адна дапамога на сям’ю. Назначэнне дапамогі праводзіцца па месцы атрымання дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.
Указам таксама ўстанаўліваецца працэнтная стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў, што прадастаўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі адкрытым акцыянерным таварыствам «Ашчадны банк «Беларусбанк» маладым сем’ям, маючым дваіх непаўналетніх дзяцей на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў, у памеры 5 працэнтаў гадавых.
Пасля ўвядзення сямейнага капіталу дэмаграфічная дынаміка ў Беларусі павінна палепшыцца — Тозік
«Увядзенне сямейнага капіталу павінна паўплываць на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Нам вельмі трэба павялічваць нараджальнасць. Цяпер мы фактычна наблізіліся да магчымасці натуральнага прыросту. Але гэта не ўстойлівая сітуацыя, трэба пераконваць людзей, што вельмі важна нараджаць другое і трэцяе дзіця», — такое меркаванне 10 снежня выказаў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік.
Намеснік прэм’ер-міністра дадаў, што, можа, хацелася павялічыць суму сямейнага капіталу, але ўсё трэба мераць магчымасцямі дзяржавы. «На гэтым этапе мы зрабілі максімум, але мер па падтрымцы сем’яў не можа быць шмат», — дадаў ён.
У Беларусі з 1 студзеня 2015 года ўстанаўліваюцца дадатковыя меры дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Адпаведны ўказ нумар 572 Прэзідэнт Беларусі падпісаў 9 снежня. У прыватнасці, сем’ям будуць аднаразова прадастаўляцца безнаяўныя грашовыя сродкі ў суме $10 тыс. пры нараджэнні трэцяга або наступных дзяцей.
Сродкі ад плануемага павышэння падаходнага падатку да 13 працэнтаў пойдуць на падтрымку сем’яў з дзецьмі — Амарын
Міністр фінансаў Уладзімір Амарын на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах заявіў міністр фінансаў прадставіў дэпутатам законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс. Дакумент прадугледжвае ў тым ліку павышэнне стаўкі падаходнага падатку з 12 працэнтаў да 13 працэнтаў з накіраваннем дадаткова атрыманых сродкаў на падтрымку сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
З 2015 года ў структуры расходаў на сацыяльную палітыку прадугледжаны сродкі на фарміраванне сямейнага капіталу Br1,8 трлн.
У сувязі з гэтым дэпутаты выказалі меркаванне, што сем’ям можна было б прадаставіць магчымасць траціць якія-небудзь працэнты з дэпазіту да таго моманту, калі дзіцяці споўніцца 18 гадоў. Паколькі грошы на яго выхаванне, безумоўна, неабходны і да паўналецця.
Дэпутат Леанід Апанасюк адрасаваў гэта пытанне міністру працы і сацыяльнай абароны Мар’яне Шчоткінай, якая таксама прымала ўдзел у пасяджэнні. «Разбагацеем на наступны год — унясём змяненні. А пакуль давайце разлічваць з таго кашалька, які ёсць», — сказала Мар’яна Шчоткіна.
Міністр таксама падкрэсліла: «Самае галоўнае — дзеці павінны быць жаданымі. У нас не павінна быць сем’яў, якія нараджаюць дзяцей толькі для таго, каб былі дапамогі і выплаты».
Беларусь займае 36-ю пазіцыю сярод 173 краін па індэксе становішча дзяцей
Беларусь, знаходзячыся на 36-й пазіцыі сярод 173 дзяржаў па індэксе становішча дзяцей, уваходзіць у лік найбольш паспяховых краін свету, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік на міжнароднай канферэнцыі ЮНІСЕФ высокага ўзроўню для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД «Умацаванне нацыянальных механізмаў у сферы абароны дзяцей ад нядбайнага, жорсткага абыходжання, насілля і эксплуатацыі».
Абарона правоў і законных інтарэсаў дзіцяці — адна з асноўных задач дзяржавы, безумоўны прыярытэт палітыкі Беларусі, — адзначыў віцэ-прэм’ер. — У нашай краіне дзейнічае ўстойлівы нацыянальны механізм рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па абароне правоў дзяцей. Беларусь прыкладае вялікія намаганні для забеспячэння шчаслівага дзяцінства для кожнага дзіцяці».
Паводле слоў Анатоля Тозіка, асаблівая ўвага надаецца пытанням адукацыі дзяцей, аховы здароўя дзяцінства і мацярынства. Вялікія намаганні накіраваны на захаванне традыцыйных сем’яў, фарміраванне адказнага бацькоўства. Віцэ-прэм’ер запэўніў, што Беларусь гатова пераймаць перадавы замежны вопыт і дзяліцца сваімі лепшымі напрацоўкамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *