“Піліпаўскія вячоркі” ў Більдзюжскім сельскім Доме культуры

Актуальное

удзельнікі “Піліпаўскіх вячорак”
удзельнікі “Піліпаўскіх вячорак”

Раней людзі строга прытрымліваліся не толькі ўсіх рэлігійных святаў, але і пастоў, у час якіх забаранялася есці скаромныя стравы, нельга было ладзіць вяселлі і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы. У гэты час дзяўчаты збіраліся на вячоркі, дзе разам ткалі, пралі, вязалі, вышывалі — рыхтаваліся да святаў.
Адным з такіх пастоў з’яўляецца Калядны, або Піліпаўскі. Гэты хрысціянскі пост, устаноўлены ў гонар Ражства Хрыстова. Захоўваецца ён з 28 лістапада па 6 студзеня. 27 лістапада адзначаецца дзень святога Піліпа, таму і гэты пост носіць аднайменную назву.
Надвячоркам 27 лістапада сабраліся ў Більдзюжскім сельскім Доме культуры тры фальклорныя калектывы раёна: народныя — “Груца” Радзюкоўскага СДК, “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору і аматарскае аб’яднанне стараверскай кухні, гульні і абрадаў “Староверские стряпухи” Більдзюжскага СДК.
Большасць удзельніц дзеі былі апрануты ў нацыянальныя касцюмы, некаторыя самі вышылі на іх узоры, іншым дапамагалі мясцовыя майстрыцы.
Як звычайна, вячоркі пачаліся са знаёмства. Старэйшыя ўдзельнікі прыгадвалі тыя часы, калі шмат увагі надавалі песням. Яны сена грабілі з песняй, збажыну ўбіралі — спявалі.
— Сёння такіх песень нідзе не спяваюць, — кажа старэйшая ўдзельніца “Груцы” Л. І. Шпак. — Захаваліся яны толькі ў нашых мясцінах і для нас яны вялікая каштоўнасць.
— Нашы вёскі былі песеннымі, — прыгадвае ўдзельніца “Купалінкі” М. В. Бяспальчык. — Калі збіраліся жанчыны разам, над вёскай плыла песня — задушэўная, мілагучная, працяглая. І здавалася, вёска ажывае.
— Раней на Піліпаўскія вячоркі запрашаліся маладыя дзяўчаты і нежанатыя хлопцы. Яны бліжэй знаёміліся, размаўлялі і, здаралася, што паміж некаторай парай пралятала іскра кахання. Дамаўляліся і вяселле спраўлялі пасля посту, — расказвае ўдзельніца “Купалінкі” Р. Я. Заяц.
Размова паміж удзельнікамі калектываў працягвалася доўга, была душэўнай, добразычлівай, лагоднай.
Звычайна праца за вязаннем, вышываннем на вячорках заканчвалася частаваннем поснымі стравамі, з песнямі і танцамі. І ў дадзеным выпадку госці прыехалі са сваімі пачастункамі, традыцыйнымі стравамі.А калі музыканты Л. М. Адамёнак і Я. У. Туронак расцягнулі мяхі гармонікаў, усе пайшлі танчыць беларускую польку і іншыя танцы, якія раней выконвалі ў нашых мясцінах, вадзілі карагоды, удзельнічалі ў гульнях.

старэйшыя ўдзельніцы вячорак А. М. Кавалёнак і Л. І. Шпак
старэйшыя ўдзельніцы вячорак А. М. Кавалёнак і Л. І. Шпак

Кажуць, што без мінулага няма будучага. Вельмі добра, што ёсць у нашым раёне такія, апантаныя фальклорам людзі. Хацелася б, каб іх рады папаўняліся, каб старэйшыя вяскоўцы перадавалі свой вопыт, веданне звычаяў і традыцый роднага краю маладому пакаленню. Застаецца дадаць, што правесці абрад дапамагала мясцовым культработнікам метадыст па фальклору АТК Алёна Сухаверская. І ўжо трэці год (сёлета далучылася і “Груца”) калектывы ідуць да адной мэты — захаваць вясковую спадчыну з яе абрадамі і традыцыямі.
Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *