У навагоднія святы для дзяцей была падрыхтавана праграма «У гасцях у Шарачка»

Актуальное

IMG_5279У навагоднія дні кожнае дзіця верыць у казку і спадзяецца на цуд. Работнікі культуры нашага раёна падрыхтавалі вельмі цікавую навагоднюю дзіцячую праграму “У гасцях у Шарачка”, якая праводзіцца ў лясной сядзібе ў вёсцы Аўласы, што паблізу Більдзюг. Вось і 26 снежня вучняў трэціх, чатвёртых класаў з Більдзюжскай СШ, Іёдскай ДС-СШ, Шаркаўшчынскай СШ №1 сустрэў сам Шарачок і яго шматлікія сябры і правялі гульню-падарожжа па зімовых святах народнага календара з пытаннямі і адказамі.
Праграма пачыналася з правядзення жартоўнага абраду сустрэчы дзетак на сядзібе Шарачка, якую праводзілі казачныя персанажы Баба Яга і Баба Карга. Яны зачытвалі цытаты з вядомых казак, а дзеці павінны былі адгадаць з якіх. Падчас другога выпрабавання вучням раздалі літары, з якіх неабходна было скласці словы прывітання. Усе прысутныя звярнуліся да гаспадара з наступным абяцаннем: “сярод дрэў на паляне ў адзіночку, з сябрамі, спраў дрэнных не здзейснім, птушыных гнёздаў не зруйнуем, галінку не абламаем”.
Пасля гэтага дзяцей сустрэла бабка-чараўніца, якая расказала легенду пра тое, што жыў калісьці на нашых землях адзін пан, і было ў яго тры сыны. Першага клікалі Фёдарам, другога — Іванам, а трэцяга за прыгожыя шэрыя вочы называлі Шарачком. Падзяліў пан землі паміж сынамі, і Шарачку пашанцавала больш за ўсіх. На яго ўчастку з пад зямлі заструмянілася чыстая чароўная крынічка. Сяляне працуюць у полі, захочуць вады папіць, ды і ўзгадаюць крынічку, кажуць: “хадзем на Шаракоўшчыну, пап’ем вадзіцы з крынічкі”.
З гадамі пра Шарачка не забывалі, паводле легенды ён пасяліўся ў лесе і жыве ў сваёй сядзібе, чакаючы зімой гасцей.
Паслухаўшы цікавую гісторыю, госці наведалі масток “добрага настрою”. Той, хто пройдзе праз яго, адшукае добры настрой і пакіне ўсе дрэнныя думкі, крыўды, якія назапасіліся ў гэтым годзе. Наступным прыпынкам стаў “калодзеж жаданняў”, абняўшы які, можна было загадаць жаданне. Далей усе крочылі да каляднай зоркі, даведаліся як святкуюцца каляды. У яблычным падворку атрымалі смачны яблык, а таксама свежавыпечаны блін. Пагулялі ў гульню “кацялок”, падчас якой і з’явіўся сам Шарачок, сардэчна прывітаўшы ўсіх прысутных гасцей. Каля ёлкі пачаўся прагляд тэатралізаванага прадстаўлення “Навагодні перапалох”. Дружна ўзяўшыся за рукі, узрадаваная прыходам Дзеда Мароза, дзеці сталі вадзіць карагоды вакол ёлкі, спяваць навагоднія песні. А каб крыху сагрэцца, Шарачок запрасіў ў сваю казачную сядзібу, дзе пачаставаў гарачай гарбатай і сушкамі. Тут жа, у гасцёўні, для вучняў, пакуль яны ласаваліся прысмакамі, самадзейныя артысты ажыццявілі пастаноўку батлейкі “Цар Ірад”, правялі латарэю “Шчаслівы нумар”.
Шарачок не хацеў адпускаць сваіх маленькіх гасцей, але час прыспешваў і дзеці, сфатаграфаваўшыся з гаспадаром сядзібы, Дзедам Марозам і Снягурачкай, радасныя і вясёлыя адправіліся дадому. Тым часам, на парозе свайго казачнага дома Шарачок суструкаў новых наведвальнікаў, гасцей, сяброў, бо ў святочныя дні мноства жадаючых хацелі пабываць у сядзібе і ўласна з ім пазнаёміцца.
Давялося пачуць, як дзеці паміж сабой казалі, што ім вельмі спадабалася свята ў Шарачка. Прыемна, што ў нашым раёне распрацавана на высокім узроўні такая праграма, якае дае цудоўную магчымасць сустрэцца з казкай.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *