Напэўна, не будзе памылковым тое меркаванне, якое дазваляе сцвярджаць пра асаблівую душэўную атмасферу, што заўсёды пануе ў творчых пакоях-майстэрнях раённага Цэнтра рамёстваў. Згадзіцеся, праца, якой займаюцца метадысты-майстры ўстановы і наведвальнікі гурткоў, натхняе іх на стварэнне разнастайных вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва высокага густу. Вынікі творчых работ гэтых людзей заўсёды можна ўбачыць на выставах як у самім Цэнтры рамёстваў, так і ва ўстановах адукацыі і культуры раёна, а таксама падчас правядзення абласных і рэспубліканскіх культурна-масавых мерапрыемстваў.
Напрыканцы снежня гасцінна адчыніла дзверы для наведвальнікаў чарговая традыцыйная выстава творчых работ “Калядная кветка”. Яе ўдзельнікі — людзі рознага ўзросту, роду заняткаў і жыццёвых поглядаў, але іх аб’ядноўвае адно — любоў да мастацтва. У прадстаўленых творах адлюстравана калядная, навагодняя, зімовая тэматыка. Гэта і выцінанка, і аплікацыя, і вязанне, і вышыванне, і нават кулінарыя. Сёлетняя выстава сабрала ў Цэнтры рамёстваў не толькі сваіх пастаянных удзельнікаў і сяброў. Некаторыя жыхары гарадскога пасёлка вырашылі таксама далучыцца да іх і прадставіць воку наведвальніка свае, няхай і невялікія, але з густам зробленыя творы. Усе жадаючыя маглі расказаць пра свае кампазіцыі, падзяліцца ўражаннямі, выказаць сваё бачанне. Кожны аўтар-удзельнік атрымаў невялікія падарункі, прадастаўленыя індывідуальным прадпрымальнікам і пастаяннай ўдзельніцай выставы Людмілай Лабачэўскай.
А якія ж Каляды без калядоўшчыкаў? Правесці старадаўні беларускі абрад у Цэнтр рамёстваў завіталі самадзейныя артысты з Жукоўшчынскага сельскага клуба. Тут былі і цыганкі-варажбіткі, і скакуха-каза і нават непаваротлівы мядзведзь. Разам яны весялілі прысутную публіку, віншавалі з калядамі і Новым годам, стваралі выдатны святочны настрой.
А каб ацаніць творчасць удзельнікаў выставы “Калядная кветка”, трэба абавязкова наведаць раённы Цэнтр рамёстваў, дзе экспануюцца гэтыя цудоўныя творы, убачыць іх. Супрацоўнікі ўстановы паведамяць пра іх аўтараў і тэхніку стварэння, якая ў некаторых работах не проста складаная і мудрагелістая, але нясе вялікі сэнс, перадае казачную энергію навагодніх свят.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.