Тэма тыдня ад БЕЛТА: Лукашэнка чакае ад абноўленага ўрада свежых ідэй для збалансаванага развіцця эканомікі

Актуальное

23Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня прыняў удзел у пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прадстаўленні на пасаду прэм’ер-міністра. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі дала згоду на назначэнне Андрэя Кабякова прэм’ер-міністрам Беларусі. Рашэнне аб дачы згоды на гэта назначэнне было праведзена праз тайнае галасаванне, у якім прынялі ўдзел 106 дэпутатаў.
16 студзеня на пасяджэнні сёмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу члены Савета Рэспублікі выбралі сваім старшынёй Міхаіла Мясніковіча. Аляксандр Лукашэнка выступіў на гэтым пасяджэнні пры прадстаўленні на пасаду старшыні праўлення Нацыянальнага банка. Савет Рэспублікі даў згоду на назначэнне Паўла Калаура старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Беларусі.
Лукашэнка патрабуе надзяліць міністраў большымі паўнамоцтвамі
Урад павінен быць калегіяльным органам, дзе галоўнае звяно — міністр. Аб гэтым заявіў 15 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прадстаўляючы дэпутатам новага прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання.
«Важнейшая задача прэм’ер-міністра — дакладная каардынацыя ўсёй работы. Прасцей кажучы, развесці міністраў і віцэ-прэм’ераў так, каб намеснік прэм’ер-міністра не мог дзейнічаць па-старому, калі даваліся вытворчыя ўказанні і міністр быў гэтым павязаны па руках і нагах, не мог дзейнічаць самастойна», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што па яго даручэнні ва ўрадзе ўжо рыхтуюцца адпаведныя змяненні ў нарматыўна-прававую базу. «Таму патрабую ў бліжэйшыя тэрміны прадставіць гэтыя змяненні, калі гэта патрэбна. У нас часу на разварушванне няма», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Яго (міністра. — Заўвага БЕЛТА) асноўная зона адказнасці ў прамысловасці — стварэнне ўмоў для работы прамысловых прадпрыемстваў, у сельскай гаспадарцы — сельскагаспадарчых арганізацый, у адукацыі — школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ, у ахове здароўя — бальніц і гэтак далей. Зоны адказнасці вызначаны. Трэба дзейнічаць», — адзначыў Прэзідэнт.
Ён таксама падкрэсліў: «Рашэнні міністра павінны выконвацца неадкладна. Любое рашэнне, якое ён прыме, законнае. Але і адказнасць за яго нясе ў першую чаргу міністр. Калі гаварыць сцісла, то міністр не мае права, даючы справаздачу ў парламенце або дакладваючы Прэзідэнту, сказаць, што ў яго не хапала паўнамоцтваў або не хапала нейкай нарматыўна-прававой базы».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нават у складаныя моманты, якія былі ў канцы 2014 года і ў пачатку 2015 года, напрыклад, пытанні цэнаўтварэння былі ўзяты пад кантроль пасля таго, як гэта было даручана Мінгандлю. «Было даручана Міністэрству гандлю і міністру ўзяць пад кантроль гэтыя пытанні, яны гэта зрабілі без шуму і гвалту. Так павінна быць у прынцыпе. Мы гэта будзем кантраляваць вельмі строга», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама нагадаў, што кіраваць эканомікай павінен менавіта ўрад.
Лукашэнка: моцная сацыяльная палітыка, клопат аб чалавеку застаюцца вышэйшымі мэтамі дзяржавы
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што паставіў задачу ўраду пачаць работу над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што важнейшыя прыярытэты дзяржаўнай эканамічнай палітыкі застаюцца ранейшымі.
«У цэнтры ўвагі павінны быць развіццё чалавечага патэнцыялу, стымуляванне дзелавой ініцыятывы, прадпрымальніцтва, рост і збалансаванасць знешняга гандлю, устойлівае развіццё рэгіёнаў, якаснае даступнае жыллё і прадукты харчавання», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Моцная сацыяльная палітыка, клопат пра чалавека, увага да моладзі, стварэнне камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей — былі, ёсць і будуць вышэйшымі мэтамі нашай дзяржавы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіна перажывае складаны перыяд і цяперашняму ўраду будзе няпроста. Аднак, на думку кіраўніка дзяржавы, ёсць і станоўчыя моманты. «Тое, што нам сёння не трэба думаць аб выпрацоўцы нейкіх новых напрамкаў. У нас перад урадам няма праблемы: а як быць, а як працаваць? Мы ўжо ўсё паспрабавалі не проста тэарэтычна, у букварах недзе, у кніжках пачыталі і думаем: падыдзе — не падыдзе. Мы гэта на практыцы праверылі. Выбірай сёння любы інструмент і дзейнічай. Мы ведаем, куды ісці, як ісці, што трэба рабіць у працэсе гэтага шляху — усе органы ўлады і кіравання гэта ведаюць. І гэта вялікае дасягненне. Але гэта яшчэ не ўсё. Трэба яшчэ браць інструменты і пачынаць працаваць. І трэба ісці, а не стаяць. Ні ў якім разе нельга спыняцца! Я часта кажу ў больш цесным асяроддзі: лепш ісці і недзе дапусціць памылку, чым стаяць на месцы», — падкрэсліў ён.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што ўраду трэба больш увагі ўдзяляць аналізу тэндэнцый развіцця праз прызму сусветных і рэгіянальных эканамічных працэсаў, ствараць прагнозныя мадэлі дзеянняў і магчымых рашэнняў. «Прадбачыць, а не проста даводзіць заданні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама папрасіў мець гэта на ўвазе пры падрыхтоўцы праграмы дзейнасці ўрада, якая згодна з Канстытуцыяй у двухмесячны тэрмін павінна быць прадстаўлена парламенту.
Лукашэнка патрабуе адкрытасці і празрыстасці ўсіх органаў улады
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што даручыў Андрэю Кабякову прадоўжыць работу па аптымізацыі функцый дзяржаўных органаў і ўнесці на разгляд цэласныя сістэмныя прапановы.
«У чым іх сутнасць? Гэта, перш за ўсё, нарэшце пазбавіць дзяржорганы ад дубліруючых і неўласцівых ім функцый. Вось гэта галоўнае! У выніку дзяржаўны апарат павінен стаць нешматлікім, добра аплатным і высокапрафесійным», — падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба, у тым ліку пад эгідай Савета дэпутатаў, пашыраць практыку грамадскіх абмеркаванняў важнейшых рашэнняў, уключаючы тым самым грамадзян у кіраванне дзяржавай, ствараючы надзейны бар’ер карупцыі.
Гаворачы аб кадравай палітыцы, Прэзідэнт адзначыў, што яна павінна арыентавацца на пошук і выхаванне новых, перспектыўных людзей, здольных па-сучаснаму мысліць і генерыраваць эфектыўныя рашэнні.
«Сёння жыццё патрабуе максімальнай сабранасці, аператыўных і зладжаных дзеянняў усіх дзяржаўных органаў па ключавых напрамках унутранай і знешняй палітыкі. Калі не аб’яднаемся, не аб’яднаем нашы рэсурсы, здольнасці, магчымасці, таленты — мы не выстаім!» — лічыць кіраўнік дзяржавы.
«Самая вялікая пагроза — не пятая калона, не апазіцыя, не вайна з боку Усходу, Захаду, як тут нас некаторыя палохаюць. Самая вялікая небяспека для нас тоіцца ў нас саміх, эканоміцы», — адзначыў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што для таго, каб пазбегнуць нейкіх нечаканасцей, і фарміруе перш за ўсё моцнае эканамічнае ядро.
«Агульнымі намаганнямі мы зможам пераадолець любыя перашкоды, якія б ні існавалі перад намі, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Нічога асаблівага ў гэтым выпадку і складанага для нас няма. Мы вырашалі і ведаем, як вырашаць гэтыя задачы. І я ўпэўнены, што мы іх вырашым. Ёсць толькі адно — крыху змяніліся ўмовы. Нам гэта таксама знаёма. Таму трэба прыстасавацца да новых умоў, яны не ўсюды, не па ўсім фронце новыя, прыстасаваць нашу эканоміку, перш за ўсё фінансы, і наша сацыяльна-эканамічнае жыццё ў дзяржаве».
Лукашэнка патрабуе ад урада цвёрда адстойваць нацыянальныя інтарэсы ў ЕАЭС
«Трэба на ўсіх узроўнях паслядоўна праводзіць палітыку стварэння раўнапраўнага саюза, без выключэнняў і абмежаванняў свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь уступіла ў гэты год як першы старшыня Еўразійскага эканамічнага саюза. «Гэта пачэсная місія, але для нас яна азначае яшчэ і цяжкую работу па развіцці еўразійскай інтэграцыі», — адзначыў Прэзідэнт.
«Механізмы адзінага рынку Еўразійскага саюза пакуль не наладжаны. Прадаўжаюць існаваць выключэнні і абмежаванні ў розных сферах дзейнасці. Не забяспечваецца ў поўным аб’ёме выкананне дасягнутых дамоўленасцей. Назіраюцца абуральныя выпадкі аднабаковых дзеянняў краін-удзельніц у абход прынятых пагадненняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«У сувязі з гэтым маё патрабаванне да ўрада — рэалізоўваць курс на паслядоўнае паглыбленне еўразійскай інтэграцыі пры строгім і папераджальным адстойванні нацыянальных інтарэсаў. Мы павінны выкарыстоўваць нашы канкурэнтныя перавагі, не ўпусціць патэнцыяльныя магчымасці, што адкрыліся, і заняць выгадныя нам нішы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Мяне таксама часта крытыкуюць, у тым ліку і ў Расіі, што Лукашэнка дзейнічае з пазіцый выгады беларускай дзяржавы. Ну, хіба не абсурдны папрок?! А я з якіх інтарэсаў павінен дзейнічаць? — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І я заўсёды праз коску гавару: мы не павінны пры гэтым ствараць праблемы для нашых партнёраў і суседзяў».
«Мы не супраць імпарту, але абараніць уласнага таваравытворцу мы павінны. І як я разумею, урад пачаў ужо ў гэтым напрамку дзейнічаць. Зыходзіць трэба з уласных інтарэсаў, не ствараючы лішніх праблем для нашых суседзяў, партнёраў і гэтак далей. Трэба дзейнічаць, прынамсі, на ўзаемнай аснове», — адзначыў Прэзідэнт.
Лукашэнка: дыверсіфікацыя экспарту з’яўляецца пытаннем нумар адзін
«У гэты складаны час можна і трэба разлічваць толькі на сябе. Калі хто-небудзь збоку нам зможа дапамагчы — гэта будзе толькі плюс. Але не трэба разлічваць ні на Захад, ні на Усход, ні на Расію, ні на Украіну — ні на каго. Зыходзіць трэба толькі з уласных рэсурсаў, і для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Калі мы вырашым толькі адно пытанне — дыверсіфікацыі экспарту (у плане выпадаючых продажаў нашых тавараў у Расію) — і пераарыентуем прадукцыю на іншыя рынкі, то мы адыдзем ад абвалаў у эканоміцы, у фінансах. Таму пытанне нумар адзін — дыверсіфікацыя экспарту», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, неабходна імгненна арыентавацца на кан’юнктуру рынку і неадкладна прымаць адпаведныя рашэнні.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што гэты працэс пайшоў ужо, у прыватнасці члены ўрада едуць за мяжу, заключаюць кантракты для далейшай рэалізацыі беларускай прадукцыі.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці больш актыўна працаваць на знешніх рынках, асабліва з улікам дружалюбных адносін з многімі замежнымі дзяржавамі. «Аўтарытэт Беларусі даволі высокі, перш за ўсё ў нашых сяброў — у Кітаі, Індыі, Іране, арабскіх і афрыканскіх краінах, Лацінскай Амерыцы, ды і ЗША па многіх напрамках зрабілі крокі насустрач. Давайце скарыстаемся гэтым і прададзім туды хаця б прадукцыю, якую мы сёння не можам рэалізаваць на традыцыйных рынках — у Расіі і Украіне — з-за існуючых тэндэнцый», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Нараўне з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанні цэнавай палітыкі на беларускія тавары, у тым ліку на знешніх рынках.
Лукашэнка лічыць скарачэнне затрат і прыцягненне інвестыцый асновай эканамічнага росту
Прэзідэнт падкрэсліў: «Неабходна не толькі стабілізаваць сітуацыю ў эканоміцы, але і стварыць умовы для ўстойлівага развіцця краіны на аснове росту прадукцыйнасці працы, эфектыўнага выкарыстання дзяржаўнай уласнасці, стымулявання дзелавой актыўнасці і ініцыятывы грамадзян».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў другой палавіне 2014 года Беларусь сутыкнулася са знешнімі выклікамі, аб узнікненні якіх яшчэ ў пачатку года ніхто не мог і падумаць. «Санкцыі, контрсанкцыі, парад дэвальвацый нацыянальных валют у нашых суседзяў, сцісканне рынкаў і абвал сусветных цэн на нафту. Вайна ва Украіне і шэраг іншых негатыўных фактараў. Адкрытая эканоміка Беларусі балюча рэагуе на вынікі такіх падзей», — сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, як з гэтым змагацца, вядома.
«Рэцэпты эканамічнага росту вызначаны: скарачэнне затрат і прыцягненне інвестыцый. Іншых рэцэптаў няма. А для гэтага неабходна на ўзроўні прадпрыемстваў фінансавы стан паставіць у аснову», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
У Беларусі з гэтага года будуць дзейнічаць новыя падыходы да аказання дзяржпадтрымкі ў эканоміцы
Паводле слоў Прэзідэнта, існуючыя рэсурсы сканцэнтруюцца выключна на прыярытэтных напрамках развіцця. «Галоўныя прынцыпы — конкурсны падыход, роўны доступ, акупнасць праекта і адказнасць за рэалізацыю і дасягненне заяўленых параметраў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Ён лічыць, што асноўнае ў сферы падаткаабкладання — гэта прадаўжэнне работы па ўдасканаленні падатковай сістэмы. Яна павінна быць простай, празрыстай і найменш затратнай. На думку Прэзідэнта, тут ёсць рэзервы, і гэтыя пытанні ў бліжэйшы час будуць разгледжаны на нарадзе ў Прэзідэнта.
Лукашэнка: патрабаванні ўлад Беларусі да дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў павінны быць аднолькавыя
«Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што ўсе прадпрыемствы, якія размешчаны на тэрыторыі нашай краіны, і беларускія прадпрыемствы за яе межамі, ці то прыватныя, ці то дзяржаўнай формы ўласнасці, — у нас роўныя. Патрабаванні да іх з боку ўлад Беларусі павінны быць аднолькавыя», — сказаў Прэзідэнт.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работа ўрада павінна будавацца на некалькіх простых прынцыпах: ініцыятыўнасці, роўнасці ўсіх форм уласнасці, неўмяшанні ў добрасумленную канкурэнцыю, адкрытасці (асабліва пры распрацоўцы стратэгічных дакументаў), падзеле функцый уласніка і рэгулятара ў кіраванні прадпрыемствамі з доляй дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў рабоце ўрада не павінна быць ніякіх лішніх пасяджэнняў і нарад. «Прычым так павінна настроіцца на работу і ўся вертыкаль улады. Ад раёна, вобласці да рэспубліканскага ўзроўню. Нам трэба адысці ад бясконцых нарад, справаздач і дакладаў, сканцэнтраваўшыся на галоўным. Рашэнні прымаць аператыўна, браць на сябе ініцыятыву і адказнасць. Менавіта гэтага я чакаю ад членаў урада», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка патрабуе асаблівага кантролю за станам спажывецкага рынку Беларусі
«Усе даручэнні ў гэтай частцы мною дадзены. Неабходныя рашэнні на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прыняты. Патрабую іх няўхільнага выканання. Шырокія паўнамоцтвы для гэтага членам урада і губернатарам прадастаўлены», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Больш таго, мы ўжо апрабавалі гэтыя метады работы. Атрымалася. Нармальна. Але пры гэтым я хачу вас папярэдзіць: мы не павінны зрабіць так, асабліва ў сферы цэнаўтварэння, гэта галоўнае, каб загубіць бізнес. Ні ў якім разе!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Калі мы недзе ўручную пачалі штосьці рэгуляваць, дык знайдзіце час пагаварыць з бізнесменамі, асабліва гэта датычыцца гандлю, каб яны вам расказалі, дзе якія праблемы, і ў вас ёсць усе паўнамоцтвы для таго, каб там пасунуцца, — сказаў Прэзідэнт. — Хоць я тут не бачу таксама ніякіх праблем. Прымаючы гэта рашэнне, я перш за ўсё меў на ўвазе тое, што ў нас непараўнальна з мінулымі крызісамі таннейшыя рэсурсы. Таму нічога страшнага няма, калі мы пратрымаемся на гэтым узроўні цэн. Мы іх не паніжаем, але, можа, недзе і ўручную давядзецца іх адрэгуляваць на асобныя групы тавараў. У гэтым няма ніякага страху».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў час апошняга візіту ў Расійскую Федэрацыю ў кулуарах абмяркоўвалася гэта тэма. «Я кажу: ну, вы ж такія рыначнікі, так рушылі наперад, а сёння — глядзіце, пачалі рэгуляваць цэнаўтварэнне ў гандлі, а мяне ж за гэта білі і нагамі тапталі! Аб мяне хто толькі не выціраў у Расіі ногі, калі мы ў цяжкую хвіліну браліся за гэтыя рычагі і іншыя! А цяпер адзін к аднаму паўтараюць тое, што было ў нас, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Правільна робяць. Таму што галоўнае — не пагоршыць сітуацыю, але і не парушыць асноўныя прынцыпы і законы функцыянавання эканомікі. Я не гавару, рыначныя або адміністрацыйныя метады — няважна. Не парушыць, каб гэта не паўплывала на работу прадпрыемстваў, каб яны не закрыліся і не выкінулі на вуліцу людзей».
Прэзідэнт адзначыў, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе фарміруецца агульны спажывецкі рынак. «Гэта пераходны перыяд, і ён мае пэўныя выдаткі. Мы ўжо з гэтым сутыкнуліся. У сувязі з гэтым нашы людзі павінны быць абаронены. Чалавек мае законнае права прыйсці ў магазін або на рынак і купіць неабходны яму тавар — добрай якасці і па справядлівай цане», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі патрабуе рашуча змагацца з утрыманствам
Трэба рашуча змагацца з утрыманствам, каб усе разумелі: дабрабыт кожнага ў яго руках, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«У мінулым годзе нам удалося змяніць тэндэнцыю апераджальнага росту заработнай платы над ростам прадукцыйнасці працы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І мы павінны няўхільна гэтага прытрымлівацца. Кожны рубель павінен быць рэальна зароблены. Патрабую ад урада замацаваць гэты вынік».
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што прыярытэтам нумар адзін для ўсіх дзяржаўных органаў з’яўляецца дыверсіфікацыя рынкаў збыту, паколькі залежнасць ад аднаго рынку робіць эканоміку слабаабароненай. Прэзідэнт запатрабаваў, каб урад, Міністэрства замежных спраў шукалі новыя рынкі, стваралі камфортныя ўмовы для актыўнай работы прадпрыемстваў за межамі краіны. Прадпрыемствы ж павінны аператыўна рэагаваць на спецыфіку рынкаў, вырабляць тое, што сапраўды сёння мае попыт і прыносіць рэальны прыбытак.
«Удасца вырашыць гэтыя задачы, тады мы будзем абаронены на ўсе выпадкі жыцця», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі перасцерагае парламентарыяў ад бюракратызму і чэрствага стаўлення да людзей
Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 студзеня, выступаючы на сёмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу пры прадстаўленні на пасаду старшыні праўлення Нацыянальнага банка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Саветам Рэспублікі пад кіраўніцтвам Анатоля Рубінава было зроблена многае. На яго думку, сенатары заўсёды ўзважана праводзілі экспертызу законапраектаў, вызначаючы, ці будзе закон запатрабаваны на практыцы. Толькі з пачатку гэтага сезона разгледжана больш за 240 законапраектаў. Усе яны актуальныя і рэгулююць важныя сферы жыццядзейнасці дзяржавы.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў парламенцкага корпуса ёсць і незадзейнічаны патэнцыял. «І ён вядомы», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, работа з людзьмі павінна быць больш эфектыўнай. Ён папрасіў парламентарыяў звярнуць на гэта пытанне асаблівую ўвагу. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі дэпутацкі корпус актыўны ў вырашэнні праблем і патрэб простых грамадзян.
«Як паказвае практыка, па гэтых пытаннях ёсць недапрацоўкі: тут і кабінетны стыль, і пераадрасоўка зваротаў, і часта нежаданне глыбока ўнікаць у праблемныя сітуацыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Аднак нельга забываць, што Беларусь — гэта дзяржава для народа. І ўважлівае стаўленне да чалавека на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання — асноўная задача народных выбраннікаў», — дадаў ёе.
Прэзідэнт падкрэсліў: «Я прасіў бы, каб вы імкнуліся строга выконваць заканадаўства, не дапускаць бюракратызму, фармалізму і чэрствага стаўлення да людзей. Гэтым з’явам, якімі ўлада часам грашыць, трэба паставіць сапраўдны дэпутацкі заслон».
Лукашэнка: парламентарыям трэба прытрымлівацца агульнадзяржаўных падыходаў, а не вузкаведамасных інтарэсаў
Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што члены Савета Рэспублікі павінны больш цесна працаваць з рэгіёнамі і дэпутатамі на месцах.
«Дэпутаты, як і сенатары, павінны быць сапраўднымі памочнікамі кіраўнікоў рэгіёнаў і прадпрыемстваў, забяспечваць эфектыўнае выкарыстанне вытворчых магутнасцей, сыравіны і матэрыялаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Народныя выбраннікі абавязаны ўласным прыкладам дэманстраваць добрасумленныя адносіны да справы, не пакідаць без увагі безгаспадарчасці або нядбайнасці.
Як лічыць Прэзідэнт, неабходна надаць новы імпульс рабоце Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. «Але сваю актыўнасць трэба накіроўваць не на лабіраванне нейкіх прыватных, вузкаведамасных або местачковых інтарэсаў, а прытрымлівацца агульнадзяржаўных падыходаў, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — Валодайце сітуацыяй у рэгіёнах, рэгулярна сустракайцеся з выбаршчыкамі. Шукайце талковыя ініцыятывы знізу і паднімайце іх на адпаведны ўзровень. Прапаноўвайце шляхі вырашэння існуючых праблем. І, безумоўна, у сваёй выбарчай акрузе трэба актыўней праводзіць у жыццё прынятыя дзяржаўныя рашэнні».
Прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што пры прыняцці заканатворчых рашэнняў парламентарыі павінны працаваць на апярэджанне, а менавіта гэтага дзе-нідзе не хапае. «Прымаемыя вамі законы ствараюць фундамент не толькі для цяперашняга, але і для будучага ўладкавання грамадства і дзяржавы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму трэба старацца бачыць перспектывы, а не жыць толькі адным днём. Своечасова рэагаваць на тыя ці іншыя грамадскія з’явы, вырашаць у прававым рэчышчы ўзнікаючыя пытанні. Вы, як людзі, умудроныя вопытам, павінны адчуваць пульс рэальнага жыцця».
Лукашэнка патрабуе ад Нацбанка мер па зніжэнні інфляцыі і павышэнні даверу насельніцтва да нацыянальнай валюты
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пэўныя крокі ўжо зроблены. «У далейшым рашэнні Нацбанка павінны быць больш зразумелымі і прадказальнымі для бізнесу і насельніцтва», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах стаіць задача забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё эканомікі.
Паводле яго слоў, важная роля ў гэтым належыць Нацыянальнаму банку і банкаўскай сістэме.
Аляксандр Лукашэнка нацэліў новага кіраўніка Нацыянальнага банка на эфектыўную работу і ініцыятывы, якія дадуць практычны вынік. «Вы павінны служыць дзяржаве і нашаму народу. Прымайце ўзважаныя рашэнні па актуальных напрамках развіцця сістэмы. Больш цесна ўзаемадзейнічайце з заканадаўцамі і іншымі галінамі ўлады па злабадзённых фінансавых пытаннях», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што старшыня праўлення Нацбанка і прэм’ер-міністр з’яўляюцца тымі людзьмі, хто будзе адказваць за працэсы ў эканоміцы і яе крывяносную сістэму — фінансы.
Папаўняць ЗВР трэба не за кошт крэдытаў, а шляхам павелічэння экспарту — Лукашэнка
Кіраўнік дзяржавы паставіў задачы падтрымання золатавалютных рэзерваў на бяспечным для краіны ўзроўні і забеспячэння ўстойлівай работы банкаўскага сектара.
«Для гэтага ў банкаўскай сферы павінна быць сумленная і справядлівая канкурэнцыя. І гэта задача Нацыянальнага банка. Як рэгулятар, ён павінен кантраляваць якасць прадастаўляемых банкамі паслуг і кіраваць імі. І трэба памятаць: даходы банкам прыносяць кліенты — насельніцтва і прадпрыемствы. Страціць іх давер ні ў якім разе нельга!» — падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, цяпер важна павысіць эфектыўнасць размеркавання фінансавых рэсурсаў у эканоміцы. Прэзідэнт падкрэсліў, што крэдыты банкаў павінны быць накіраваны ў першую чаргу на фінансаванне найбольш акупных праектаў: «Калі бачыце, што бізнес-праект не будзе акупляцца, — ніякіх крэдытаў быць не павінна!»
«Банкі не павінны браць на сябе празмерныя рызыкі. Трэба адыходзіць ад прынцыпу: кожнаму дапаможам. У выніку такіх дзеянняў могуць пацярпець усе. Значыць, трэба ўзмацніць банкаўскі кантроль за праблемнымі актывамі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: у Беларусі трэба пашыраць безнаяўныя разлікі
У Беларусі трэба ўдасканальваць плацежныя сістэмы, пашыраючы выкарыстанне безнаяўных разлікаў. Такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка перад Нацыянальным банкам.
«Трэба пашырыць выкарыстанне безнаяўных разлікаў. Яны павінны быць выгадныя як людзям, так і вытворцам, бізнесу. Толькі тады гэта сістэма стане сапраўды запатрабаванай паўсюдна», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Нацыянальны банк не павінен абмяжоўвацца традыцыйнымі плацежнымі сістэмамі. «Вы ведаеце, кім яны кантралююцца. Мы павінны прымяняць найбольш выгадныя і бяспечныя для нашай краіны варыянты разлікаў. Таму шукайце, спрабуйце розныя плацежныя сістэмы. Спецыялісты ў нас ёсць для таго, каб распрацаваць адпаведныя праграмы», — сказаў Прэзідэнт.
«У той жа час не забывайце, што ў гэтай сферы шмат махлярства. Тут неабходны строгі кантроль», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што банкаўскай сферы неабходна пастаянна развівацца і змяняцца, прапаноўваючы самыя новыя і лепшыя прадукты насельніцтву.
«Сёння насельніцтва ў нас вельмі адукаванае, актыўнае. Асабліва моладзь — ва ўсіх смартфоны, планшэты і іншыя гаджэты. Людзі гатовы да банкаўскіх інавацый. Укараняйце перадавыя тэхналогіі. Развівайце інтэрнэт-банкінг», — адзначыў Прэзідэнт.
Лукашэнка: у людзей павінен быць шырокі выбар для інвесціравання зберажэнняў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу па развіцці фінансавага рынку.
«Фінансавы рынак — гэта дадатковая крыніца для прадпрыемстваў. І пашырыць яго можна за кошт прыцягнення сродкаў насельніцтва. Няхай укладваюць грошы ў акцыі, аблігацыі. У людзей павінен быць шырокі выбар для інвесціравання сваіх зберажэнняў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Але не дай бог мы паўторым тое, што адбылося ў Расіі, а тым больш ва Украіне. Каб праз гэты механізм сякія-такія спрытныя людзі не прыхапілі прадпрыемствы», — перасцярог Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі фінансавы рынак павінен быць інтэграваны ў сусветны. «Прадпрыемствам трэба шукаць грошы не толькі ўнутры краіны, але і выходзіць на міжнародныя біржы. І прадпрыемствы ў гэтым павінны апірацца на вопыт банкаў», — адзначыў Прэзідэнт.
Лукашэнка: назначэнні на вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў 2015 годзе прадоўжацца
«У краіне ратацыя кадраў — працэс звычайны і пастаянны. Таму назначэнні на вышэйшыя дзяржаўныя пасады, асабліва ў год прэзідэнцкіх выбараў, будуць прадоўжаны, але асноўны касцяк сфарміраваны», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар таксама падкрэсліў, што вырашэнне кадравых пытанняў патрабуе ўвагі і ўдумлівасці. «Новыя кіраўнікі павінны быць дастойнай заменай вопытным і кваліфікаваным прафесіяналам», — сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, гаворачы аб нядаўніх кадравых рашэннях: «Ні аднаго чалавека я не звольніў і не перавёў без яго згоды. Практычна ўсе, калі мы абмяркоўвалі гэту работу, гэтыя праблемы, па-мужчынску заявілі аб тым, што гатовы працаваць на дзяржаву: «Няхай маладыя ідуць наперад, мы падстрахуем, будзем экспертамі».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *