Тэма тыдня ад БЕЛТА: Адкрыты дыялог Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі

Актуальное

1Дыялог Лукашэнкі з журналістамі доўжыўся больш за сем гадзін
Адкрыты дыялог Аляксандра Лукашэнкі з беларускімі і замежнымі журналістамі доўжыўся больш за сем гадзін, што з’яўляецца абсалютным рэкордам такіх сустрэч.
Цяперашняя сустрэча Прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі СМІ праходзіла ў новым фармаце — не звычайнай прэс-канферэнцыі, а адкрытага дыялогу, у час якога журналісты як задавалі пытанні, так і выказвалі сваё меркаванне па ўсіх напрамках.
У самым пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што закрытых тэм няма, і выказаў гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні, якія цікавяць прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. «Паколькі праблем і пытанняў нямала, давайце адкрыта і канструктыўна аб гэтым гаварыць», — прапанаваў Прэзідэнт.
Усяго журналісты задалі некалькі дзясяткаў пытанняў, якія датычыліся самых розных тэм: знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі, эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў краіне, дыверсіфікацыі экспарту, кадравай палітыкі і заработных плат, праблемных пытанняў у будаўніцтве і ЖКГ, карупцыі, рэагавання дзяржорганаў на крытыку СМІ, кантакту чыноўнікаў з журналістамі. Размова датычылася ўкраінскай тэматыкі і ў цэлым праблематыкі забеспячэння бяспекі і міру. Размова ішла і аб супрацоўніцтве з Расіяй, аб узаемадзеянні ў рамках інтэграцыйных структур, у тым ліку ў Саюзнай дзяржаве, Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама аб адносінах з Захадам. Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу ўдзяліў супрацоўніцтву з Кітаем, а таксама многім іншым тэмам.
Прэзідэнт на ўсе пытанні адказваў шчыра, адкрыта і падрабязна.
Лукашэнка мае намер прытрымлівацца сацыяльна арыентаванай мадэлі да канца свайго прэзідэнцтва
«Тая мадэль, якая была ў нас з вамі і існуе да гэтага часу, мы ад яе ні ў якім разе не адмаўляемся. Мы называем яе сацыяльна арыентаванай, гэта значыць у цэнтры знаходзіцца чалавек. Я ад яе не адмоўлюся да канца свайго прэзідэнцтва. Мы гэту мадэль намацалі, мы гэту мадэль стварылі, мы гэты шлях вызначылі і па ім трэба ісці, не шарахаючыся, асабліва ў перыяд крызісу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што імкненне чалавецтва, асобных грамадстваў і людзей да перамен жыве ў крыві і гэта натуральна. «Але як кіраўнік дзяржавы, які адказвае за мільёны людзей, у тым ліку гэта паўплывае і на нашых суседзяў пэўным чынам, я не маю права паддавацца такім эмоцыям. Я таксама хацеў бы перамен, здзівіць я магу любой мадэллю. Але ці гатовы вы ўспрыняць гэту мадэль? Ці гатова грамадства да тых вялікіх навацый, якія могуць прапанаваць палітыкі, у тым ліку і я? Думаю, што не заўсёды», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб стане спраў у эканоміцы Беларусі пасля распаду СССР, калі людзі заходзілі ў магазін як у пустыню, калі на руках былі прадуктовыя талоны, за якія складана было атрымаць тавар. «З таго часу мы пакрыху аднаўлялі нашу эканоміку. Мы тое, што лепшае засталося нам ад Савецкага Саюза, ад той эканомікі, паднялі з калень, таму што іншага ў нас не было. Рэфарматараў было шмат, якія заклікалі зрабіць так, як у Расіі, як цяпер ва Украіне. Але цяпер жа мы разумныя, цяпер жа многія разумеюць, што мы ні ў якім разе не павінны былі ісці тым шляхам абвальнай прыватызацыі, бо мы парадзілі б алігархічны капіталізм і мелі б усе вынікі гэтага капіталізму», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, аднаўленне эканомікі праходзіла не без праблем, існуюць праблемы і цяпер. «Але яны пароджаны не намі. Калі вы аб’ектыўныя, то разумееце, што цяперашні стан, ды і мінулы крызіс, былі знешнімі. Свет, дарэчы, не выйшаў з крызісу. Так, Амерыка «задыхала», Кітай больш-менш. Усё астатняе ў нас яшчэ не паднялося. І дабавілася бяда, крызіс нашых суседзяў, з якімі мы гістарычна, эканамічна і фінансава звязаны», — адзначыў Прэзідэнт.
Шлях шокавай тэрапіі для Беларусі непрымальны — Лукашэнка
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, тым, хто чакае перамен, ён можа прапанаваць як мінімум дзве, вельмі жорсткія мадэлі эканамічнага развіцця. Але пры гэтым падкрэсліў, што беларускае грамадства іх не вытрымае. «Вы іх не вытрымаеце. Калі я вам прапаную самую эфектыўную амерыканскую мадэль, заўтра вуліцы будуць запоўнены баевікамі, рознымі членамі пятай калоны. З усіх бакоў да нас паедуць, будуць нас вучыць, будуць нам устройваць майданы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Але самае галоўнае — людзі застануцца галоднымі і без работы. Мы можам гэтага не вытрымаць. Таму шлях шокавай тэрапіі нам непрымальны», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Лукашэнка: бяспека беларускай дзяржавы — мой кроўны абавязак
«Калі я не забяспечу бяспеку дзяржавы, народ мне не даруе. Гэта мой кроўны абавязак», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што дзеля забеспячэння бяспекі краіны важна ўлічваць шырокі спектр меркаванняў і спыняць тых, хто распальвае канфлікты ўнутры краіны.
«Калі на ўсходзе Украіны прадоўжацца ваенныя дзеянні, у гэтым балоце збярэцца дрэнь з усяго свету. А потым гэтыя наёмнікі папаўзуць у Расію і да нас — вось, што мяне больш за ўсё хвалюе. Для мяне ўсё роўна, хто будзе ваяваць супраць Беларусі. Калі ён прыйдзе да нас з мячом, мы адкажам тым жа», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка прапануе выкінуць з галавы думкі аб магчымасці «майдана» ў Беларусі
«Калі ў некага ў галаве ёсць такая шалёная думка, што ў Беларусі магчымы або будзе «майдан», чым раней вы гэта з галавы выкініце, тым будзе лепш. Ніколі ў Беларусі «майдана» не будзе», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на пасадзе Прэзідэнта ў яго дастаткова паўнамоцтваў і сіл, каб прадухіліць братазабойчую бойню. «Нікому — ні вам, ні мне, ні прысутным тут, ні тым, хто нас слухае, — «майдан» не патрэбен. Ёсць асобныя адмарозкі. Але на гэта ёсць і ўлада, каб нейтралізаваць іх і не дапусціць стральбы адзін у аднаго. Ваяваць унутры Беларусі нікому не будзе дазволена», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Лукашэнка аб прэзідэнцтве: сам я не пайду, не маю права
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час адкрытага дыялогу з журналістамі заявіў, што не мае права самастойна адмовіцца ад прэзідэнцтва, калі па-іншаму не вырашыць народ. Ён таксама адзначыў, што яму было б непрыемна прайграць прэзідэнцкую кампанію, але не баіцца гэтага.
«Я не пайду і пайсці не магу. Не маю права. Я ўжо тлумачыў: калі абрушыцца краіна, а я пайшоў сам, то мяне абвінавацяць у баязлівасці. З мяне спытаюць. І яны будуць мець рацыю», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Я палітык. Я павінен змагацца, як гэта прынята па законах палітыкі. У мяне ёсць нейкі багаж. Мяне цяжка ў нечым абвінаваціць, зачапіць за што-небудзь», — дадаў ён.
«Знімаць сваю кандыдатуру на выбарах або не ісці на выбары я не маю права, калі ў мяне няма на гэта падстаў… Калі я буду жывы і здаровы ў 2015 годзе, вы, магчыма, мяне ўбачыце ў спісах кандыдатаў у прэзідэнты», — дадаў Прэзідэнт.
Лукашэнка: улада не рабіла глабальных памылак
«Я часта аналізую тое, што раблю. І вельмі часта займаюся самаедствам. Але мне здаецца, што мы не рабілі нейкіх глабальных памылак, мы ніколі не развязвалі войнаў, ны нідзе не зрабілі так, каб пацярпела мора людзей», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт прызнаў, што, магчыма, у некаторых складаных эканамічных сітуацыях была недакладная або няправільная рэакцыя. «Але гэта таму, што ў нас вопыту няма такога, таму што ў нас не было дзяржавы, мы гэта ўсё не праходзілі. Расіяне гэта праходзілі, ім прасцей. Там улада была ў Крамлі, там быў гэты вопыт, ім крыху лягчэй», — растлумачыў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час гаварыў аб ядзернай зброі, якая была выведзена з тэрыторыі Беларусі, і аб тым, што быў вымушаны выконваць прынятае не ім рашэнне. «Я прама і шчыра сказаў, за што мяне крытыкавалі: калі б гэта была мая воля, асабліва цяпер, я ніколі б гэтага не зрабіў. Вы бачыце, што адбываецца ў свеце: у каго сіла — той і мае рацыю», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Лукашэнка: мы вырвемся са складанага становішча ў эканоміцы Беларусі
Беларусь зможа пераадолець цяжкасці, якія ўзніклі ў эканоміцы краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў некаторых СМІ прапануюць правесці ў краіне так званыя структурныя рэформы. «Я разумею, на што яны намякаюць. На тое, каб мы парэзалі, раздалі прадпрыемствы, неэфектыўныя — закрылі. Закрыць — розуму многа не трэба. Але заўсёды трэба думаць аб наступствах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Незалежная Беларусь узяла са свайго мінулага лепшае для эканамічнага развіцця.
«Я гэта ў першыя прэзідэнцкія выбары сказаў: мы пакінем толькі лепшае. Мы пакінулі: запусцілі прадпрыемствы. Яны працавалі і нядрэнна працавалі. І будуць працаваць. Я вам гарантую: будуць працаваць. Мы вырвемся з гэтага складанага становішча, у якое трапіла наша эканоміка», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў аб важнай задачы, якая была актуальнай у першыя гады яго прэзідэнцтва і не страчвае актуальнасці цяпер. Размова ідзе аб дыверсіфікацыі экспарту, у тым ліку прадуктаў харчавання. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларуская прадукцыя запатрабавана не толькі ў Расіі, але і ў краінах далёкага замежжа. «Можна нарошчваць экспарт. Сёння вялікі попыт на нашу прадукцыю ў Венесуэле, у Кітаі і гэтак далей. Ёсць вельмі шмат прадукцыі, якую мы вырабляем на зямлі і можам сёння свабодна прадаваць», — упэўнены Прэзідэнт.
Лукашэнка заклікае не ствараць залішняга шуму вакол пытанняў у эканоміцы і фінансах Беларусі
У канцы мінулага года Беларусь сутыкнулася з сур’ёзнымі выклікамі ў эканоміцы і як вынік — на фінансавым рынку. «Гэта сітуацыя была абумоўлена знешнімі прычынамі, паколькі ў нас эканоміка экспартна арыентаваная, абсалютна адкрытая. Нашы важнейшыя партнёры — гэта Расія і Украіна», — адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, на сітуацыі ў Беларусі адбіліся падзеі ва Украіне, а таксама эканамічны і, асабліва, фінансавы абвал на рынках Расійскай Федэрацыі. Да таго ж — санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, і санкцыі ў адказ з яе боку, дэвальвацыя нацыянальных валют у нашых суседзяў, асабліва па эканамічным саюзе. Прэзідэнт сказаў, што ў пачатку мінулага года моцна дэвальваваўся і казахстанскі тэнге. Затым абваліўся расійскі рубель.
«А паколькі прыкладна палавіна нашага знешняга гандлю, нашага экспарту знаходзіцца там, то зразумела, што гэта не магло не паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Яшчэ дабаўце ў гэтай так званай рыначнай эканоміцы псіхалагічны фактар, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Паколькі ў нас краіна адкрытая, то такія падзеі адбіліся і на нас. Мы пастараліся, як умелі, дзейнічаць хутка, правялі пэўныя мерапрыемствы, пра якія вы добра ведаеце, і паспрабавалі забяспечыць стабільнасць на фінансавым рынку краіны. На гэты момант — здаецца атрымалася. Паглядзім, што будзе далей. Мы трымаем пад асаблівым кантролем пытанні інфляцыі, забеспячэнне таварамі народнага спажывання нашага ўнутранага рынку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ўсё гэта робіцца спакойна, без усялякага надрыву. «І наогул, паколькі пытанні датычацца грошай, фінансаў, хачу сказаць — грошы любяць цішыню. Я намякаю ў гэтай аўдыторыі, што і сродкі масавай інфармацыі, калі вы хочаце, каб было больш-менш спакойна, не павінны рабіць залішняга шуму на гэту тэму. Таму што, яшчэ раз падкрэсліваю, псіхалогія ў так званай рыначнай эканоміцы значыць многае», — заўважыў Прэзідэнт.
«Вядома, праблем нямала, напэўна, вы гэта не горш за мяне ведаеце, і з гэтымі пытаннямі прыехалі сюды, на гэту сустрэчу. Ёсць пытанні і да работы эканомікі, дзяржаўнага апарату, аграпрамысловага і будаўнічага комплексаў. Кіраўніцтва краіны і абноўлены ўрад у тым ліку займаюцца вырашэннем гэтых пытанняў», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Лукашэнка не выключае рэструктурызацыі дзярждоўгу ў 2015 годзе
Паводле слоў Прэзідэнта, у гэтым годзе Беларусь павінна выплаціць па пазыках амаль $4 млрд, у наступным — $1,5-1,7 млрд. «Калі будзе цяжка, мы будзем весці дыялог аб рэструктурызацыі доўгу ў гэты год», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у бягучым годзе будзе імкнуцца не нарошчваць даўгавыя абавязацельствы, хоць ёсць магчымасць атрымаць чарговы транш крэдыту АКФ ЕўрАзЭС і яшчэ адзін расійскі крэдыт. «Нам не хацелася б больш браць крэдытаў. Але я маю цвёрдыя дамоўленасці з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам. Калі ўжо вельмі будзе цяжка, Расія плячо падставіць», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што асноўны акцэнт у рабоце ўрада і адказных службовых асоб зроблены на дыверсіфікацыі рынкаў збыту беларускай прадукцыі.
Лукашэнка: Беларусь здольна і без рэфінансавання разлічвацца па пазыках
«Рэфінансаванне нам пажадана б, але ў бюджэце на гэты год мы прадугледзелі поўнае пагашэнне нашых пазык», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У 2015 годзе Беларусі трэба будзе выплаціць каля $4 млрд. «Калі нам не ўдасца ажыццявіць гэта рэфінансаванне, то мы $4 млрд выплацім. Гэтыя грошы ў бюджэце ёсць, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Таму мітусіцца з нашымі аблігацыямі, прадаваць іх за бясцэнак абсалютна не трэба. Мы не знаходзімся ў пераддэфолтным стане, каб не плаціць па пазыках».
«У нашай навейшай гісторыі яшчэ ніколі не было выпадку, каб мы не заплацілі па пазыках — і ніколі не будзе. Мы апошняе аддадзім, але па пазыках заплацім», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Лукашэнка: адпусціць беларускі рубель у свабоднае плаванне давялося з-за валютнага ажыятажу
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: першапачаткова аб тым, каб дэвальваваць нацыянальную валюту ў канцы мінулага года, размова не ішла. «Мы ж не збіраліся гэтага рабіць у канцы мінулага года. Я вам абсалютна сумленна аб гэтым кажу. Я вам намякнуў: усё залежыць ад вас. Калі вы пачняце бегаць ад абменніка да абменніка і мяняць беларускія рублі на валюту, то зразумела, мы не будзем чакаць, пакуль у нас наогул апустошацца запасы ў Нацыянальным банку і не будзе золатавалютнага рэзерву. Вядома, вы, насельніцтва і прадпрыемствы, нас штурхняце, што мы вымушаны будзем у нейкай ступені адпусціць нацыянальную валюту ў свабоднае плаванне. Што давялося і зрабіць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Вяртаючыся да тэмы сацыяльна арыентаванай мадэлі развіцця беларускай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што яе «не трэба ламаць».
«Ведаючы прычыны цяжкага становішча, вытрымаўшы гэта, чаго б нам ні каштавала, трэба проста праводзіць свой курс, ісці сваёй дарогай», — сказаў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу, што беларускую мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця капіруюць многія краіны.
Лукашэнка лічыць абгрунтаваным стрымліванне цэн на ўнутраным рынку
«Калі нехта плачацца, што вось улады Беларусі трымаюць цэны, не даюць скочыць у сувязі з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты, я гавару, што сітуацыя не такая, як была раней. Раней нафта каштавала $120, і рэсурсы, і ўся сыравіна, якія мы куплялі, у тры разы даражэйшыя былі. Цяпер гэта ўсё ніжэй — значыць сабекошт ніжэйшы. Дык чаго ж вы патрабуеце, каб мы вам далі магчымасць расперазацца і набіць кішэні больш, чым сёння ў Расіі і на Захадзе бізнесмены маюць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што ў сувязі з паніжэннем сабекошту рэсурсаў цэны не зніжаліся. «Хоць можна было недзе націснуць. Мы просім: захавайце гэту цану», — адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што ёсць выключэнні — імпартныя тавары, аналагі якіх не выпускаюцца ў Беларусі. «Ураду дадзена каманда. Мы гэта пытанне вырашаем (з тымі), хто хоча вырашыць», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка даручыў вывучыць стан цэн на прадукты харчавання ў Беларусі
«Быў перыяд, калі цэны ў Беларусі на тавары былі ў 2-3 разы ніжэйшыя, чым у Расіі. І нам каштавала страшных намаганняў пераадолець такую з’яву, як вываз прадукцыі з краіны, асабліва з прыгранічных раёнаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы былі вымушаны ў сувязі з гэтым трымаць парытэт цэн».
Гаворачы аб сённяшняй сітуацыі, Прэзідэнт адзначыў: «Але не думаю, што цяпер можа быць вельмі вялікая розніца ў цэнах у Беларусі і Расіі. Мы трымаем цэны крыху таннейшыя, чым у вас (у Расіі. — Заўвага БЕЛТА). Вы не можаце кантраляваць цэны — у вас няма такіх рычагоў і такой структуры, вы іх даўно ліквідавалі. А мы можам кантраляваць цэны, аж да сельскага магазіна. Улада заўсёды трымае гэтыя пытанні пад кантролем і рэгулюе іх».
«Калі цэны ў нас будуць ніжэйшыя, тавар вывезуць, калі будуць вышэйшыя — нашы людзі паедуць да вас за таварам», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да расійскага журналіста, які задаваў пытанне. Прэзідэнт даў даручэнне вывучыць існуючае становішча і далажыць яму параўнальны аналіз цэн у Беларусі і Расіі.
Лукашэнка лічыць неабходным развіваць у Беларусі вытворчасць сучасных узбраенняў
«Мы працуем над тым, каб у Беларусі была свая зброя. Цяпер асноўная вытворчасць зброі, якой карыстаецца наша армія, сканцэнтравана ў Расіі. Мы толькі ствараем некаторыя часткі зброі: электроніка, оптыка і іншыя. Нам трэба мець добрую зброю, каб будучы агрэсар нават не думаў ваяваць супраць Беларусі. Мы будзем мець такія сістэмы праз некалькі месяцаў. Мы не хочам ваяваць і не рыхтуемся да вайны. Але порах трэба трымаць сухім», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што беларускія спецыялісты вывучаюць усе ваенныя канфлікты, якія адбываюцца ў свеце, і на аснове гэтага праходзіць рэфармаванне арміі. «Мы вывучаем усе канфлікты ў свеце і тройчы перафармаціравалі сваю армію. Мы вырашылі, што ў нас павінны быць мабільныя, добра ўзброеныя, падрыхтаваныя і выдрэсіраваныя ваенныя часці. Пры неабходнасці яны павінны быць гатовы з’явіцца сёння ў Брэсце, заўтра — у Віцебску. Гэту выснову мы зрабілі, вывучыўшы цяперашнія ваенныя канфлікты», — сказаў ён.
Лукашэнка: прыярытэт у будаўніцтве будзе аддадзены жыллю
«У бягучым годзе запланавана пабудаваць каля 5 млн кв.м жылля. Хацелася, магчыма, і больш, але пры фарміраванні бюджэту было відаць, што ні банкі, ні мы больш не пацягнем. Але і гэта нямала. Можа, і нельга перанапружвацца ў гэтых адносінах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тыя важныя інфраструктурныя аб’екты, якія пачалі ўжо будаваць, прадоўжым узводзіць. У новыя лезці не будзем, каб не павялічваць нагрузку на бюджэт. Але прыярытэтам пры гэтым застанецца ўсё роўна жыллё».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «і тут перабору не будзе». Ён адзначыў, што грамадзяне могуць спакойна будаваць жыллё, таму што нядбайныя прыватнікі з рынку пайшлі. «Мы пакінулі толькі магутныя, моцныя арганізацыі і дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ад адказнасці нікуды не дзенуцца. Таму махінацый тут не будзе шмат», — запэўніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў асаблівым прыярытэце будзе будаўніцтва арэндных кватэр, якіх у Беларусі налічваецца амаль 30,5 тыс.
Лукашэнка: добраўпарадкаваннем гарадоў павінна займацца не толькі дзяржава, але і самі жыхары
Адказваючы на пытанне, якія месцы ўвайшлі б у ТОП лепшых мясцін для наведвання і адпачынку ў Беларусі, калі б яго давялося складаць кіраўніку дзяржавы, беларускі лідар адказаў: «Я люблю сваю краіну — ад наваколля Оршы, дзе я нарадзіўся, да Белавежскай пушчы, дзе пабываў толькі будучы Прэзідэнтам. У нас шмат нацыянальных паркаў, я ўзяў гэтыя цудоўныя мясціны пад кантроль. Браслаўскія азёры, Бярэзінскі запаведнік, Белавежская пушча, Прыпяцкі запаведнік і іншыя». Кожны з абласных цэнтраў таксама па-свойму цудоўны і ўнікальны.
«У нас, куды ні кінь, паўсюль цудоўныя мясціны. Я як Прэзідэнт не магу нават вылучыць: недзе горш, недзе лепш. Я вельмі ганаруся тым, што мы зрабілі шмат, каб падняць з каленяў раённыя цэнтры — у нас няма такіх, дзе мы хоць бы да іх цэнтра не навялі парадак», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
За апошнія гады ўсе гарады Беларусі прыкметна абнавіліся. Дзяржава зрабіла для гэтага вельмі шмат, цяпер гараджане самі павінны займацца гэтым пытаннем і прыводзіць іх у парадак. «Пачынаючы ад пад’ездаў, вуліц, клумбаў, дрэў, на гэта грошы не трэба траціць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы вынік, ён адзначыў: «У нас цудоўная, зручная, прыгожая краіна з пэўнымі недахопамі, так будзе заўсёды. Але мы будзем працаваць над гэтымі недахопамі — пачынаючы ад клумбы і завяршаючы карупцыяй, пра якую сёння ўжо гаварылі. Мы ўсё роўна праб’ёмся, зробім нашу краіну яшчэ прыгажэйшай». Што датычыцца парады, куды варта з’ездзіць найперш таму, хто яшчэ не паспеў аб’ехаць Беларусь, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Падыдзіце да карты, заплюшчыце вочы і тыкніце пальцам — куды трапіце, туды і едзьце. Там будзе прыгожа. У нас прыгожая краіна і не толькі таму, што нам Бог падарыў яе такой, а таму што мы нямала зрабілі апошнім часам. Я люблю сваю краіну ў цэлым. Гэта добрая зямля з добрымі людзьмі».
Лукашэнка будзе жорстка рэагаваць на «беспарадак у будаўніцтве»
«Я не пацярплю такога беспарадку ў будаўніцтве, як гэта было апошнія гады. Разбасячыліся, сорамна проста. Які аб’ект дзяржаўны не прымаюць, то пачынаюць потым каштарысы правяраць: усюды падман… Не ведаю, можа, і дзяржслужачыя тут замешаны, як карупцыянеры. Пачынаем разбірацца, пачынаем саджаць, пачынаем кампенсаваць дзяржаве ўрон, які нанесены… У будаўніцтве ў нас непарадку і недысцыплінаванасці больш, чым у любой іншай сферы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Не навядуць парадак (будаўнікі ў сваёй сферы. — Заўвага БЕЛТА) — паадкручваем галовы. Хопіць на іх глядзець, каб яны разбойнічалі і крыўдзілі людзей», — таксама сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 1990-я пасля заняпаду ў будсферы было зроблена многае, каб яе аднавіць. У тым ліку была наладжана вытворчасць неабходнай тэхнікі. Цяпер галіна забяспечана ўсім.
«З Расіі паток назад пайшоў», — таксама канстатаваў Прэзідэнт, маючы на ўвазе вяртанне беларускіх будаўнікоў, якія паехалі на заработкі ў Расію. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што не трэба цяпер па гэтай прычыне звальняць каго-небудзь з беларускіх бударганізацый, каб уладкаваць на работу тых, хто вярнуўся. «Паехалі ў свой час за доўгім рублём. Цяпер вярнуліся. Тут сёння таксама рынак сціснуўся. Работы ўжо не столькі. Няхай шукаюць. Я даў такія ўказанні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: у адукацыі трэба навесці парадак, а не пыліць рэформамі
«Трэба вызваліць выкладчыкаў і настаўнікаў ад неўласцівых ім функцый і даць ім магчымасць займацца адукацыяй і выхаваннем. Якія палітычныя, эканамічныя і фінансавыя справаздачы могуць быць у настаўнікаў?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў тэму беларусізацыі адукацыі. «Не навязвайце настаўнікам, на якой мове ім гаварыць і выкладаць. Цяпер беларускай мовы ў школе хапае. Я ўжо вам гаварыў, што аднойчы паглядзеў — англійскай мовы пяць гадзін у чацвёртым класе, а беларускай — тры або чатыры. Як так? Дадалі», — адзначыў ён.
Лукашэнка: у вырашэнні пытання занятасці ў Беларусі ніякага лішняга льгатавання не будзе
Прэзідэнт адзначыў, што работа над праектам дэкрэта, накіраванага на стымуляванне занятасці грамадзян, цяпер праводзіцца і на вышэйшым узроўні да яго вярталіся ўжо двойчы, аднак канчатковы варыянт пакуль не разгледжаны. Пры гэтым Прэзідэнт першапачаткова настойваў на тым, каб усе нюансы былі ўлічаны і падлічаны. «Ніякага лішняга льгатавання не будзе. Мы пастараемся па сярэдзіне прайсці, — падкрэсліў ён, — падтрымаць такім чынам тых, каго трэба падтрымаць, і прымусім працаваць тых, хто павінен працаваць».
«Помню, мяне яшчэ асобныя журналісты крытыкавалі, што Лукашэнка на наркаманах, дармаедах і яшчэ нейкіх катэгорыях у перадвыбарны год спецыяльна піярыцца, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Родныя мае, не я ўзняў гэтыя пытанні. У грамадстве гэта праблема бурліць, і я вымушаны рэагаваць на яе».
Прэзідэнт звярнуўся да міністра працы і сацыяльнай абароны Мар’яны Шчоткінай з просьбай пракаменціраваць ход падрыхтоўкі праекта дэкрэта і абазначыць яго асноўныя нюансы. Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што «ўсе прапановы ўлічаны і дакумент ужо на выхадзе». Паводле яе слоў, першапачаткова неабходнасць яго распрацоўкі была выклікана некалькімі фактарамі. Так, у краіне пасля падвядзення балансу працоўных рэсурсаў высветлілася, што каля 50 тыс. чалавек не бачаць неабходнасці працаваць або проста гэтага не хочуць. Акрамя таго, амаль 200 тыс. чалавек жадаюць працаваць, але, прынамсі, ужо больш за паўгода на работу не ўладкоўваюцца. «Мы чытаем форумы ў інтэрнэце, і людзі пачалі гаварыць аб тым, што па Канстытуцыі ўсе грамадзяне павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, а не толькі тыя, хто працуе. Вядома, працуючыя не хочуць плаціць за тых, хто здае атрыманыя ў спадчыну кватэры і нічога не робіць, і за тых, хто горда гаворыць, што яны фрылансеры, але разам з тым таксама не ўдзельнічае ў расходах», — адзначыла міністр.
У час работы над праектам, паводле яе слоў, зноў жа вывучаліся форумы ў інтэрнэце і прымаліся да ведама заўвагі, якія там выказваліся. Напрыклад, актыўна абмяркоўвалася, якія катэгорыі грамадзян будуць вызвалены ад выплаты аднаразовага збору. Узнікалі прапановы вызваліць ад выплаты збору маці, якія выхоўваюць дзяцей да 7 і нават да 14 гадоў. Аднак было б гэта справядліва на фоне таго, што ёсць таксама шматдзетныя сем’і з малалетнімі дзецьмі, якія, вядома, маюць права быць вызваленымі ад выплаты гэтага збору, адзначыла міністр. Пры гэтым, паводле яе слоў, праектам дэкрэта прапануецца абавязаць працаздольных грамадзян, якія на працягу больш як паўгода не выплачвалі падаткі і, адпаведна, не прымалі ўдзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў, плаціць аднаразовы збор у памеры 20 базавых велічынь (адна базавая цяпер складае Br180 тыс.). Гэта, напрыклад, датычыцца хатніх гаспадынь (іх налічваецца амаль 123 тыс.), у якіх ёсць забяспечаныя мужы і няма неабходнасці працаваць.
Мар’яна Шчоткіна запэўніла, што дакумент будзе прадстаўлены на разгляд Прэзідэнта ва ўстаноўленыя тэрміны.
Лукашэнка: пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі знята з парадку дня
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі на аднаго пенсіянера прыпадае 1,5 працуючых, а павінна быць мінімум 2-3. «Дык трэба ці не трэба? Трэба. А людзі не хочуць. Ну чаго ж я пайду супраць? Гэта важнае пытанне. Я зняў яго з парадку дня», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: папулізму ў сферы зарплаты не будзе
«Цэны ў дзяржаве мы ўзялі пад кантроль, робім гэта разумна. У доларавым эквіваленце зарплата ўпала, ну і што? Вось калі б цэны выраслі на 30-40 працэнтаў, тады іншае пытанне, тады сапраўды можна гаварыць аб зніжэнні дабрабыту людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у мінулым годзе ўпершыню за апошнія гады ўдалося дабіцца таго, што рост прадукцыйнасці працы быў вышэйшы, чым рост заработнай платы. «Апераджальны рост зарплаты над прадукцыйнасцю працы ў нас зацягнуўся недапушчальна доўга — на чатыры або пяць гадоў. Цяпер мы прывялі гэтыя параметры ў адпаведнасць, і нам трэба што б там ні было гэта ўтрымаць. Калі мы будзем з’ядаць больш, чым вырабілі — у грашовым выражэнні, зразумела, то якая будзе эканоміка?» — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, дадаў ён, гэта не азначае, што зарплата ў краіне не будзе расці. «Ёсць у прадпрыемства даходы — плаціце, ніхто не будзе стрымліваць. У бюджэтнай сферы прынцып такі: ёсць грошы — плацім, няма грошай — трэба пацярпець. Ніякяй папулісцкай палітыкі пад выбары не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы ўжо забылі, дзе друкарскі станок стаіць. Выключана, каб мы яго ўключылі і пачалі друкаваць грошы».
Лукашэнка адмаўляе наяўнасць у Беларусі кадравага голаду на кіраўнікоў
«Іерархія выбудавана такім чынам, што ключавымі ў краіне з’яўляюцца, акрамя прэзідэнцкай, пасады прэм’ер-міністра, міністраў і губернатараў. І людзі прасоўваюцца па службовай лесвіцы знізу ўверх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, новыя назначэнні не з’яўляюцца паказчыкам голаду на кадры, таму што здольны справіцца з работай на ключавых пасадах адзінкі. «Вы б ведалі, колькі мы праверылі кадраў, выбіраючы лепшых», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што сярод новых назначэнцаў ёсць і маладыя людзі, якія літаральна ўзляцелі наверх. «Але ў іх мала «нізу», гэта недахоп», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
«Вы не рэагуйце такім чынам, што тасуюць старую калоду, — звярнуўся Прэзідэнт да журналістаў. — Старая або новая, гэта калода, яна для таго і ёсць, каб тасаваць. І лепшых адтуль падымаць уверх, горшых скідваць у адбой, груба кажучы (але гэта вы тэрмін прапанавалі, сам я ў адбой нікога не скідваю)».
«У нас ёсць чым заняцца кожнаму. Для некаторых яшчэ шукаем работу, таму што мае прапановы ім не падышлі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка расказаў аб прычынах кадравых назначэнняў на высокія пасады
Так, Прэзідэнт лічыць Аляксандра Косінца «вучоным чалавекам, які ведае жыццё як ніхто», раней ён быў губернатарам, да гэтага — віцэ-прэм’ерам. «Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, які ўзначальвае палітычны штаб, павінен ведаць, што адбываецца там, унізе», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Цяперашняга прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова Прэзідэнт ахарактарызаваў як чалавка, які ведае эканоміку на мікра- і макраўзроўні дзякуючы рабоце на многіх важных пасадах. «Яго папярэдняе назначэнне на пасаду кіраўніка Адміністрацыі — мой свядомы ход: калі ён вытрымае, то чагосьці варты, паколькі гэта самая цяжкая пасада: не дай бог нешта не так — пры маім характары і пры маім стаўленні.., — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Эканоміка, фінансы для нас найважнейшае пытанне. Вядома, прэм’ер-міністрам назначылі эканаміста, які прайшоў знізу даверху».
«Я ведаю недахопы Андрэя Уладзіміравіча (Кабякова. — Заўвага БЕЛТА). Ведаю і недахопы Косінца, — дадаў Прэзідэнт. — І мне не цяжка пры цяперашняй сістэме ўлады ўтрымліваць і Кабякова, і Косінца ад лішніх паваротаў».
Гаворачы пра віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашку, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Пры ўсіх адмоўных нюансах у плане характару гэта вельмі кваліфікаваны, талковы спецыяліст, прафесіянал, ён ведае ўсё — сапраўдная энцыклапедыя. І ён як бульдог у перагаворах — не ўступіць нікому сваёй пазіцыі, і гэта ўсё аргументавана. Для краіны Сямашка на гэтым месцы — лепшы. Яму прапаноўваліся і іншыя пасады, але ён пажадаў застацца на рабоце ва ўрадзе». «Чаму я павінен рызыкаваць, назначаючы новага чалавека, не ведаючы, ці ўзнімецца ён да ўзроўню Сямашкі, скажам, у бліжэйшыя два гады?!» — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.
Вельмі вопытным чалавекам ён назваў і цяперашняга намесніка прэм’ер-міністра Наталлю Качанаву і паведаміў, што прапанова аб яе кандыдатуры паступіла ад сілавых структур. «Я даручыў Андрэйчанку (старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. — Заўвага БЕЛТА): разбярыцеся, далажыце пісьмова. Ён прадставіў водзывы толькі станоўчыя. Першы раз — паўтара або год таму — я гэту папку з дакументамі адклаў. Калі настаў час назначаць урад, кандыдатура Качанавай імгненна ўсплыла — і зноў ад сілавых структур. Разабраўся, вывучыў, паглядзеў. Бачу: так, людзі пра яе добра гавораць, улічыў і шэраг іншых момантаў». «Яна натуральным шляхам прыйшла да гэтай пасады, сумленна працуючы на сваім рабочым месцы», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Ён прызнаў, што хацеў бы бачыць больш жанчын на высокіх пасадах. «Але вельмі перажываю, баюся за іх, калі яны становяцца кіраўнікамі. Там і сям’я, і дом, і настрой мужа, і настрой дзяцей, не мне вам расказваць. А тут яшчэ яна — першая асоба, такі хамут і ззаду трохкорпусны плуг, які трэба цягнуць. Гэта мяне часам стрымлівае. Але жанчынам, няхай мужыкі не крыўдуюць, я давяраю больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: у Беларусі немагчыма фарміраванне груповак ва ўладзе
«Існуе меркаванне (не столькі ў нас, колькі ў іншых краінах), што ёсць нейкія групоўкі, групы па інтарэсах, якія прасоўваюць сваіх ва ўладу. У Беларусі гэта немагчыма, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Прасунуць можна толькі да ўзроўню Прэзідэнта: прыйдзі і пакладзі на стол плюсы і мінусы (свайго пратэжэ. — Заўвага БЕЛТА), а потым я тром ведамствам даручу пераправерыць. Атрымаўшы ад іх інфармацыю, сам усё перачытаю, падлічу. У мяне ёсць вопыт, каб вывучыць чалавека пры назначэнні, ёсць інтуіцыя за столькі гадоў. Я магу тысячу разоў раіцца, задаваць пытанні перад назначэннем, але прымаю рашэнне сам. Таму няма ніякага лабіравання ў плане падпісання ўказаў па кадрах».
Прэзідэнт асабліва адзначыў, што нельга прымаць такіх кадравых рашэнняў, ад якіх потым будуць цярпець і мільёны людзей, і краіна, і яе суседзі. «У мяне тормаз гэты ёсць», — дадаў ён.
Лукашэнка не бачыць карысці ў стварэнні розных кансультатыўных саветаў пры Прэзідэнце
«Я катэгарычна супраць фарміравання пры Прэзідэнце якіх бы там ні было органаў. Сёння пры Прэзідэнце існуе толькі адзін савет — па прадпрымальніцтве. І то я проста імя пад гэты савет аддаў, паколькі ў той час гэта быў новы рух, які толькі зараджаўся, каб ніхто не націскаў і каб пытанні, якія ў прадпрымальнікаў узнікаюць, выходзілі на мой узровень», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, калі ўзнікае неабходнасць нейкую праблему правентыліраваць, правесці мазгавую атаку, то ствараюцца спецыяльныя рабочыя групы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў падрыхтоўку так званага дэкрэта аб барацьбе з дармаедамі. «Гэтым займаецца міністр. Гэта яго пытанне, ён вырашае, каго запрасіць у групу па стварэнні гэтага нарматыўна-прававога акта», — адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праблемамі, звязанымі з няпростым эканамічным становішчам, улада займаецца ў рамках падрыхтоўкі праграмы развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку. «У тактычным плане ў мінулым годзе працавала група па прагнозе развіцця нашай дзяржавы на 2015 год. Такім чынам мы фарміруем групы, праводзім мазгавую атаку, прымаем нейкія рашэнні і рэкамендацыі. Таму пры Прэзідэнце я не збіраюся ствараць ніякіх кансультатыўных саветаў, тым больш палітычных», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: у кампактнай Беларусі не павінна быць лішніх чыноўнікаў
«Аптымізацыя — бесперапынны працэс. Гэта датычыцца ўсіх, хто на бюджэце, — не толькі дзяржслужачых, але і ваенных, міліцыі і іншых. І не таму, што ў нас сёння цяжкасці ў эканоміцы, грошай не хапае, справа ў тым, што дзяржава павінна адыходзіць з эканомікі настолькі, наколькі гэта трэба. Некаторыя функцыі дзяржаўны апарат не павінен ажыццяўляць, таму мы гаворым аб дыверсіфікацыі дзейнасці дзяржапарату, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба займацца тым, што не дасць эфекту. Аптымізацыя праводзіцца для таго, каб убраць непатрэбныя функцыі».
У кампактнай краіне з такой уладай не павінна быць лішніх чыноўнікаў, падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён прызнаў, што зарплата ў дзяржслужачых мізэрная. «Але мы трапілі ў такія нажніцы, што не можам сабе падняць заработную плату, бо людзі ў нас небагата жывуць, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба скарачаць функцыі, скарачаць дзяржапарат, а грошы пакідаць. Калі да сярэдзіны года сітуацыя палепшыцца, што-небудзь дабавім».
Урад прапрацуе прапановы па павышэнні фінансавай матывацыі кіраўнікоў у Беларусі
У час сустрэчы журналісты агучылі прапановы, што для павышэння фінансавай матывацыі кіраўнікоў ім можна было б перадаваць у асабістую ўласнасць нейкую частку актываў прадпрыемства. Прэзідэнт такое меркаванне не падтрымлівае. «Цалкам прымальны варыянт, які існуе ў многіх дзяржавах, але я не думаю, што ў нас гэта дасць эфект, на які мы разлічваем. Кіраўнікі ў нас не багатыя, але і не самыя бедныя. На прадпрыемствах, ад якіх хацелася б большай аддачы, у іх і так добрая зарплата, калі браць па мінулым годзе, то некаторыя і да Br55 млн атрымлівалі ў месяц», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Тым не менш тэма павышэння фінансавай матывацыі кіраўнікоў абмяркоўваецца. «Трэба нешта рабіць у плане павышэння іх даходаў. Цяпер гэта Кабяковым (прэм’ер-міністрам. — Заўвага БЕЛТА) павінна быць прапрацавана і ўнесены прапановы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Праблема датычыцца міністраў, губернатараў, членаў урада і іншых вышэйшых службовых асоб, удакладніў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што трэба зрабіць пэўныя захады, каб такія пасады ў тым ліку і па матэрыяльным дастатку былі канкурэнтнымі.
Вяртаючыся да агучанай прапановы аб выдзяленні часткі актываў, Прэзідэнт дадаў, што павышаць фінансавую матывацыю трэба, не раздаючы ўласнасць. «У нас жа не забаронена купляць акцыі прадпрыемстваў. Былі б грошы. Ідзі і купляй, калі хочаш. Але калі сёння БелАЗ, напрыклад, не прыватызуецца, не таргуюцца яго акцыі, то чаму я павінен кіраўніку гэтыя акцыі даваць? Толькі таму, што ён кіраўнік? Гэта не будзе ўспрынята ў працоўным калектыве», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
«Трэба, каб усё было па законе. Таргуюцца акцыі — любы можа прыйсці і купіць. Трэба проста плаціць нармальныя грошы. Тое, што мы не зусім нармальна плацім, я гэту крытыку з вашага боку прымаю, будзем старацца дабавіць», — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: генпракурор павінен раз у квартал інфармаваць СМІ аб фактах карупцыі
«Устанавіць такі парадак, каб генеральны пракурор, які ў мяне адказвае за кантроль у гэтым плане, адзін раз у квартал інфармаваў журналісцкую супольнасць аб барацьбе з карупцыяй», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, журналісты крыўдзяцца, што часам ад дзяржчыноўніка нельга атрымаць інфармацыю. Прэзідэнт падкрэсліў, што, размаўляючы з журналістамі, чыноўнік праз іх размаўляе з народам.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі ведамасныя інструкцыі перашкаджаюць СМІ атрымліваць ад ведамстваў інфармацыю, то іх трэба «ўстараніць» праз указ або распараджэнне Прэзідэнта. «І наогул трэба выпрацаваць практыку: калі міністр або службовая асоба, да якой звярнуліся, беспадстаўна адмаўляецца размаўляць з журналістамі і адказваць на іх пытанні, — гэта не міністр, не службовая асоба. Звярнуўся журналіст — адкажы. Калі крытыка, у нас, па-мойму, указ ёсць, — павінен адрэагаваць… Гэта не першы раз я ўжо чую аб такім (аб нежаданні размаўляць з масмедыя. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: міжнародныя эксперты прызнаюць сур’ёзнасць барацьбы з карупцыяй у Беларусі
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нельга сказаць, што ў Беларусі карупцыю «не спрабавалі выпаліць гарачым жалезам». «Нават міжнародныя эксперты, якія да нас адносяцца не вельмі, гэта прызнаюць», — сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: «Пазбавіцца ад яе ўраз немагчыма. Як чалавек, які займаўся шмат гэтымі пытаннямі, не скажу, што нельга ад яе пазбавіцца, але не скажу, што і можна». Кіраўнік дзяржавы дадаў, што, магчыма, маюць рацыю тыя людзі, якія кажуць, што карупцыю нельга перамагчы, але можна звесці да мінімуму.
Паводле яго слоў, не трэба верыць тым, хто сцвярджае, што Прэзідэнт нібыта рэжысіруе барацьбу з карупцыяй. «Калі я рэжысёр, то вы абавязкова павінны знайсці факты маёй карупцыі. Калі я карумпаваны чалавек, то я буду маўчаць, ніколі пра карупцыю не гаварыць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Некаторыя каталіцкія свяшчэннікі з Польшчы займаюцца на тэрыторыі Беларусі «не тымі рэчамі»
«Што датычыцца польскіх свяшчэннаслужыцеляў, я не вельмі задаволены службай некаторых польскіх прадстаўнікоў на нашай зямлі. Я аб гэтым гаварыў былому Папе Рымскаму, калі з ім сустракаўся, расказваў, што яны часам займаюцца не тымі рэчамі, якімі павінны займацца», — сказаў Прэзідэнт Беларусі. Ён дадаў, што ў свой час звяртаў на гэта ўвагу і кардынала Казіміра Свёнтака, які з разуменнем на гэта рэагаваў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сярод свяшчэннікаў, як і ў іншых сферах, ёсць розныя людзі. Некаторыя дапускаюць адміністрацыйныя правапарушэнні.
Прэзідэнт нагадаў, што заўсёды заклікаў рыхтаваць больш каталіцкіх свяшчэннікаў у самой Беларусі. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусь запрашаюцца каталіцкія свяшчэннаслужыцелі не толькі з Польшчы, але і з іншых краін.
«Ёсць праблемы, але яны не з’яўляюцца катастрафічнымі і невырашальнымі. Мы тут спакойна разбяромся, у тым ліку з грамадзянамі Польшчы, якія вядуць пропаведзі і працуюць у каталіцкай царкве. Няма катастрофы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі дзвюма асноўнымі канфесіямі з’яўляюцца каталіцызм і праваслаўе. Большая частка насельніцтва адносіць сябе да праваслаўя. Аднак Беларусь знаходзіцца на другім месцы па колькасці католікаў пасля Літвы сярод постсавецкіх дзяржаў. «Гэта сотні тысяч чалавек. Можа, мільён», — растлумачыў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым у краіне даволі талерантна ставяцца да людзей іншага веравызнання. «У нас нармальныя адносіны як з праваслаўнымі, так і з католікамі. Я дапамагаю як праваслаўным, калі магу, так і католікам», — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама паведаміў, што ў недалёкім будучым у Беларусі з’явіцца будынак для нунцыятуры (пасольства Ватыкана). Зямельны ўчастак для гэтага ўжо выдзелены.
«У нас выдатныя адносіны, і яны будуць такімі, таму што я хачу захаваць міжканфесійны мір», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: пытанне «мовы» ў Беларусі вырашана раз і назаўсёды
«Пытанне «мовы» вырашана раз і назаўсёды на рэферэндуме беларускага народа. У нас ёсць дзве родныя дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Гэта пытанне закрыта, пакуль я служу народу ў якасці Прэзідэнта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар падкрэсліў, што ніводны міністр не можа ісці ўразрэз з гэтай палітыкай. «Я катэгарычна забараніў усялякі націск па моўнай прыкмеце», — звярнуў увагу ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што руская мова нараўне з беларускай з’яўляецца здабыткам нацыі. «Наш народ нямала ўнёс у скарбонку рускай мовы і нямала выпакутаваў, каб яна была роднай. Я і пераважная большасць беларусаў лічым рускую мову роднай. Гэта спадчына і багацце, ад якога мы адмаўляцца не павінны», — заўважыў ён.
Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што падтрымлівае беларускую мову. «Яна робіць адметнымі нас ад расіян. Наяўнасць сваёй мовы — гэта прыкмета нацыі. Мы ні ў якім разе не павінны загубіць беларускую мову. Мы павінны ведаць яе, як і рускую. Яна будзе найвялікшым здабыткам любога беларуса. Я не хачу, каб ён быў страчаны. Гэта даражэй за любыя крэдыты і мільярды. У мяне расце малыш, і я хачу, каб ён ведаў беларускую мову гэтак жа, як і рускую», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што асобныя людзі ў Расіі могуць напружвацца, што ў нашай краіне праходзіць мяккая беларусізацыя, але гэта не значыць, што так думае ўвесь рускі народ і яго ўрад.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трагічныя падзеі ва Украіне пачаліся з бязмозгай нацыянальнай палітыкі і перш за ўсё з пытання па мове. «Я ўмею рабіць высновы. І я сёння рады, што ў свой час мне ўдалося спыніць шалёны нацыяналізм, які быў да майго прэзідэнцтва. Я часта жартоўна кажу, але, напэўна, у гэтым ёсць нейкая доля праўды: мы, беларусы, такія разумныя, талерантныя і мудрыя, таму што ў нашых жылах змяшана шмат крыві — беларуская, руская, украінская, польская, яўрэйская і нават татарская», — рэзюмаваў ён.
Лукашэнка расказаў журналістам аб сваім стаўленні да пытання так званых палітзняволеных
«Я мог бы адмахнуцца ад вашага пытання, спаслаўшыся на тое, што ўжо не адзін раз на яго адказваў. Але я гэтага не зраблю. Як чалавек шчыры, адкажу і нават не скажу, што перада мной не ставілі гэта пытанне або што я не маю дачынення да гэтага. Вось што я мог бы так сказаць як палітык. Чую, што на Захадзе гавораць «палітзняволеныя». Я кажу — у нас няма палітзняволеных, таму што ў нас няма палітычнага артыкула ў Крымінальным кодэксе, і гэта сапраўды так», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў: «Хочаце вы іх называць палітзняволенымі — называйце. Гэта ўжо прывычна, і гэтаму асаблівай увагі па змесце не надаецца. Ёсць закон, і гэты закон для ўсіх аднолькавы. Я іх не лічыў палітычнымі канкурэнтамі для сябе і не лічу цяпер. Самае галоўнае для мяне пры вырашэнні гэтага пытання нават не пытанне напісання просьбы аб памілаванні. Чалавек знаходзіцца ў калоніі, і там ён не адзін. Скажыце: іншыя не хочуць быць на волі? Хочуць. А я чамусьці падпісаў бы ўказ амнісціраваць аднаго, а чаму не іншых, якія там побач знаходзяцца? Мяне гэта больш за ўсё хвалюе».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для яго галоўнае, як да гэтага паставяцца людзі. Зразумеюць так: Лукашэнка спалохаўся, бачыце, аднаго выпусцяць, а іншыя сядзяць. «Зрабіўшы такім чынам, я, магчыма, паўкалоніі павінен амнісціраваць. А ці маю я на гэта права і, самае галоўнае, падставу? Напэўна, не», — лічыць Прэзідэнт.
Ён сказаў, што ў краіне не дапусцяць паўтарэння падзей 19 снежня 2010 года, калі пасля завяршэння галасавання на прэзідэнцкіх выбарах прадстаўнікі апазіцыі зрабілі спробу штурму Дома ўрада.
Паколькі журналіст задаў канкрэтнае пытанне адносна Мікалая Статкевіча, то ў сувязі з гэтым Прэзідэнт сказаў: «Ён для мяне не палітык. У мяне ёсць відэакадры, дзе ён павёў людзей на штурм, ёсць запісы яго каманд, яго перагавораў. Гэта ж злачынства, і ў любой дзяржаве караецца яшчэ больш строга. Гэта было, таму не трэба гаварыць, што ён палітычны зняволены. Ён учыніў злачынства. Суд прыняў рашэнне на аснове закона. Закон ёсць закон, і яго трэба выконваць. Таму не трэба мяне папракаць, што гэта нейкі палітычны канкурэнт Прэзідэнта».
«Мы ведаем, хто грошы заплаціў, я ведаю, пад што давалі грошы, я ведаю, чаго ад кандыдатаў патрабавалі. Ад іх патрабавалі майдана ў Беларусі — пад гэта грошы дадзім. І я не мог гэтага дапусціць. Таму давайце па-чалавечы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падкрэсліў: «Калі вы будзеце ламаць дзверы ва ўрадзе, я вас пасаджу. Не ламайце нічога, дзейнічайце ў адпаведнасці з законам, прайдзіце гэты шлях нармальна, цывілізавана. Выйдзіце на галасаванне, я вам гарантую поўную бяспеку, толькі нічога не ламайце і не крышыце. Вось і ўсё, не трэба нікога баяцца».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вырашэнне пытання так званых палітзняволеных не будзе мець вырашальнага значэння ў нармалізацыі адносін з Захадам. «Я не рвуся ва «Усходняе партнёрства». Бачу, як там вырашаюцца пытанні. Мы вырашым адно пытанне, яны прыдумаюць другое, і яны будуць мачаліць мяне, а можа і ўсіх маіх прыхільнікаў да прэзідэнцкіх выбараў, а потым — паглядзім. І справа тут не ў тым, каб нармалізаваць адносіны з Захадам з-за некаторых сядзельцаў. Захад глядзіць значна далей. Ва Украіне гінуць тысячы. І якія паводзіны Захаду?» — задаў пытанне Прэзідэнт.
Лукашэнка мае намер разабрацца ў падрабязнасцях справы ў адносінах да былога кіраўніка «Барысаўдрэва» Мальцава
«Кіраўнік Адміністрацыі мяне да канца дня або заўтра праінфармуе. Я абавязкова ўнікну ў гэту справу. Я вам абяцаю. Але гэта не значыць, што я дзеля нейкага грамадскага меркавання пачну абараняць чалавека, які ўчыніў, адкрыта скажам, правапарушэнне», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Напэўна, там ужо і выкруціць нічога нельга. Напэўна, у чымсьці вінаваты. А за гэта трэба адказваць. Але ў народзе ж, вы разумееце, як заўсёды, кажуць, што ён такі прыстойны знешне чалавек. Па-мойму, Мальцаў выклікае нармальнае ўражанне, але гэта не значыць, што ты па законе не павінен адказваць. Але ў народа заўсёды так, што гэта стрэлачнік. Які ж ён стрэлачнік? Ён кіраўнік прадпрыемства, ён ведаў недахопы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі растлумачыў, што заўважыў некаторыя крытычныя публікацыі ў СМІ наконт працэсу па справе Мальцава. «Я адрэагаваў на гэта. Папярэдзіў праваахоўныя органы. Нягледзячы на тое, што я вельмі незадаволены мадэрнізацыяй у Барысаве, што там безгаспадарчасці хапала. Нельга падладжвацца ў гэтым плане і ламаць лёс чалавека. Таму вы адказваеце — ад следчага да суда — перад кіраўніком дзяржавы, каб рашэнне ваша было законным», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што быў «паглыблены» ў гэту справу настолькі, наколькі гэта было магчыма. Пры гэтым не было ніякага націску на суд, а кіраўнік дзяржавы не быў прыхільнікам строгага пакарання для Мальцава.
Як паведамлялася, крымінальная справа ў адносінах да Уладзіміра Мальцава, які займаў пасаду гендырэктара ААТ «Барысаўдрэў», была ўзбуджана ў сакавіку 2014 года па ч.3 арт.424 КК (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). У снежні таго ж года ён быў прыгавораны да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Суд таксама пастанавіў спагнаць з гендырэктара больш як Br1,9 млрд урону.
Паводле слоў пракурора, Уладзімір Мальцаў з-за асабістай зацікаўленасці пры выбары пастаўшчыка абсталявання лабіраваў інтарэсы турэцкай кампаніі Bersey, з якой 23 сакавіка 2011 года беларускае прадпрыемства заключыла кантракт на пастаўку тэрмамасленых катлоў. Калі прадпрыемства, парушыўшы кантракт, пачало зацягваць тэрміны пастаўкі абсталявання, Уладзімір Мальцаў не зрабіў захадаў у адказ. «Спрабуючы ўтаіць сваю некампетэнтнасць, кар’ерызм і парушэнне заканадаўства, ён падпісаў з кампаніяй дагавор аб пераносе тэрмінаў пастаўкі», — сказала дзяржабвінаваўца.
Таксама кіраўнік не прыняў меры па своечасовай закупцы абсталявання для запалкавай вытворчасці. «Ведаючы, што па дагаворах са шведскай фірмай на пастаўку абсталявання для запалкавай вытворчасці быў прадугледжаны мантаж абсталявання, Мальцаў даў даручэнне генеральнаму падрадчыку будтрэсту нумар 21 на выкананне гэтых работ», — дадала абвінаваўца. Іншымі словамі, прадпрыемству давялося двойчы заплаціць за адны і тыя ж аб’ёмы работ.
Гэтыя і іншыя дзеянні топ-менеджара прывялі да прычынення прадпрыемству ўрону ў асабліва буйным памеры — больш як Br17 млрд. Сваю віну Леанід Мальцаў не прызнаў.
Лукашэнка настойвае на жорсткім пакаранні для забойцаў
«Мяне ўсё больш цягне да таго, каб мы за наўмыснае забойства ставілі чалавека да сцяны. Бывае па-рознаму: жыццё такое… Па неасцярожнасці, яшчэ неяк. Але якое ты маеш права жыць, калі ты пазбавіў жыцця гэтага чалавека… Пры тым, калі размова ідзе аб бездапаможных, аб дзецях. Напрыклад, узяў муж нядаўна прыбіў жонку, сям’ю ўгробіў. І сваё дзіця малалетняе прырэзаў, прабачце мне. Выехаў на аўтамабілі і яшчэ там некага збіў, угробіў (справа аб ДТЗ на вул. Гая. — Заўвага БЕЛТА). Ты якое, нягоднік, маеш права далей існаваць?.. Гэта маё стаўленне. Я не націскаю на суды, але гэту пазіцыю выказваю», — сказаў Прэзідэнт.
«Забіў, расчляніў з мамай, парэзаў на кускі і некуды закапаў (справа аб забойстве Юліі Саламацінай. — Заўвага БЕЛТА). Стаўленне адназначнае — да сцяны… Гэтаму даравання быць не павінна», — таксама адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, ён заявіў, што будзе адстойваць такую пазіцыю і ў далейшым. «Мяне ніхто з гэтага не саштурхне. Якія б там дэмакраты ў Еўропе ні крычалі, што пакаранне смерцю адмяніць. У нас на рэферэндуме гэта пытанне вырашана. Не нам яго вырашаць. Народ сваё меркаванне выказаў. Яшчэ і таму ў нас, напэўна, не так бушуюць гэтыя злачынствы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пра Беларусь, Расію і Украіну
Лукашэнка лічыць немагчымым разрыў брацкіх сувязей Беларусі, Расіі і Украіны
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў ходзе сённяшняй размовы з журналістамі будзе абмеркавана шмат важных тэм. Паводле ацэнкі Прэзідэнта, мінулы год быў багаты на падзеі і на перамогі беларускіх спартсменаў, сярод якіх паспяховае выступленне на Алімпіядзе ў Сочы — упершыню ў гісторыі быў такі вынік. У ліку важных дасягненняў — паспяховае правядзенне ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі. Гэта лепшы чэмпіянат свету, як прызналі замежныя партнёры.
Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі беларускія аграрыі змаглі атрымаць рэкордна высокі ўраджай.
Прэзідэнт падкрэсліў, што 2014 год быў у Беларусі не толькі Годам гасціннасці, але і годам памяці, патрыятызму, 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «На гэту тэму апошнім часам шмат размоў, будзе жаданне — мы таксама сёння пагаворым больш дэталёва на гэту тэму», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«На вялікі жаль, 2014 год быў адзначаны і эскалацыяй міжнароднай напружанасці не толькі ў суседняй роднай нам Украіне, але і ў многіх пунктах нашай планеты, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тым не менш трагедыя брацкага народа прымусіла нас яшчэ раз задумацца аб тым, наколькі важна, каб у краіне былі мір, спакой і парадак».
Ён адзначыў, што Беларусь, Расію і Украіну аб’ядноўваюць цесныя гістарычныя, культурныя і эканамічныя сувязі. «Разарваць гэтыя сувязі нельга, і наўрад ці гэта каму-небудзь сёння дазволена і наогул магчыма. Мне хацелася б, каб год 70-годдзя Вялікай Перамогі, гэты год, стаў для нашых народаў напамінам аб тым, што толькі разам, плячо ў плячо мы можам перажыць цяжкія часы і процістаяць любым самым страшным пагрозам».
Беларусь не імкнецца рабіць піяр на садзейнічанні ў вырашэнні ўкраінскага канфлікту
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Гавораць, што Беларусь стала нейкім міратворцам. Я пастаянна на гэта адказваю: мы не міратворцы і не напрошваліся на гэту функцыю, нікога не збіраемся мірыць, калі нас аб гэтым не просяць. Мяне папрасілі — зрабіце, што можаце».
«Здарылася гэта бяда, і, вядома, нас гэта хвалявала, і мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы — і з Уладзімірам Пуціным, і з Пятром Парашэнкам. Мы не таілі, абмяркоўвалі, можа, не дэталізуючы гэтыя дыялогі. Я ім заўсёды гаварыў і толькі так ставіў пытанне: вы скажыце, і, калі гэта магчыма з нашага боку, мы абавязкова зробім, мы ж не чужыя», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён прадоўжыў: «Гэта вайна не дзесьці там далёка, яна каля нашага парога. Гэта ўплывае ўжо на нас, пачынаючы з таго, што некалькі дзясяткаў тысяч украінскіх бежанцаў на тэрыторыі Беларусі. Нам даводзіцца ратаваць іх — гэта не чужыя людзі. Нам даводзіцца вельмі жорстка закрываць граніцу. Вы правільна заўважылі ў СМІ, што я вельмі часта стаў звяртацца да пагранічнай тэмы і да ваеннай. Я галоўнакамандуючы, я не магу не рэагаваць на некаторыя падзеі ў Іраку, Сірыі. У якім плане? Прыстасоўваючы свае Узброеныя Сілы да сучаснай вайны, робячы вывады. А тут — каля нашага парога вайна. Я вымушаны рэагаваць. І гэта каштуе грошай. Але гэта яшчэ не вайна. Самае галоўнае, каб гэта зараза да нас не прыйшла. На падставе гэтага, хацеў бы — не хацеў, я вымушаны ўмешвацца непублічна ў гэтыя працэсы».
«Калі я спытаў чарговы раз, чым мы, беларусы, можам дапамагчы, дзе мы можам падставіць сваё плячо, — і Прэзідэнт Расіі, і перш за ўсё Прэзідэнт Украіны мяне папрасілі: дапамажыце сабраць людзей, мы хацелі б, каб гэта было ў Мінску. Назва гэтай групы кантактная, дапамажыце правесці, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы зрабілі ўсё, што яны хацелі. Гэта значыць, мы не рваліся ў гэта міратворніцтва. Мы ніякія не міратворцы, нас просяць — мы робім. Будуць нас прасіць яшчэ аб чым-небудзь — мы зробім».
«Што датычыцца нашых ініцыятыў, мы маем свой пункт гледжання па гэтым крызісе і пэўныя прапановы. Пра іх ведаюць Прэзідэнт Расіі і Прэзідэнт Украіны, пра іх ведаюць кіраўнікі ЛНР і ДНР. Падыходзяць яны ім, яны нам скажуць — дапамажыце нам тут і тут. Не — ну што ж, на няма і суду няма. Мы не збіраемся напрошвацца і піярыць на гэтым, як некаторыя гавораць. Такі піяр небяспечны», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка не бачыць эфектыўнай альтэрнатывы мінскаму фармату для перагавораў па Украіне
«Я не ўяўляю пакуль іншых фарматаў для перагавораў, чым мінскі. Тут як-ніяк, але многага дасягнулі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы пры гэтым, што пункты заключанага ў беларускай сталіцы мемарандума да нядаўняга часу заставаліся прыярытэтнымі для проціборствуючых бакоў. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў, што апошнія пару тыдняў намеціўся адыход ад мінскіх пагадненняў. Акрамя таго, з’явілася інфармацыя аб новых фарматах правядзення перагавораў, напрыклад нармандскім. «Калі хочам усё пачаць з нуля і нічога потым не зрабіць, можна выдумляць новыя фарматы. Можна ў Астану ехаць, ніхто не супраць. Астана пляцоўку прапануе. Толькі пытанне: а чым не падыходзіць мінская пляцоўка? Мінскі фармат будзе перакрэслены, дамоўленасці, якіх дасягнулі, — выкінуты на памыйніцу», — сказаў ён.
У выпадку перафармаціравання перагавораў па Украіне, на яго думку, урэгуляванне канфлікту давядзецца пачынаць з нуля, што, адпаведна, негатыўна паўплывае на сітуацыю. «І самае галоўнае — прапануемы фармат, наколькі я ведаю, прадугледжваецца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Ужо столькі праведзена сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, столькі зроблена заяў… На ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў агульныя падыходы і раздзяляльныя лініі паміж сіламі (проціборствуючымі. — Заўвага БЕЛТА) не вызначаюцца. Там будуць агульныя палітычныя заявы, іх і так хапае. Проста збяруцца, пагавораць, раз’едуцца, і што потым? Новую будзеце кантактную групу ствараць?»- задаўся пытаннем Прэзідэнт Беларусі.
Паводле яго слоў, на захаванні мінскай пляцоўкі і захаванні дамоўленасцей настойвае і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. «І калі лінія (сутыкнення. — Заўвага БЕЛТА), якая вызначана ў мінскім мемарандуме, змянілася, яе трэба вызначыць нанава, як гэта было раней. Трэба дамовіцца аб лініі фронту, — упэўнены беларускі лідар. — І калі яна будзе ўзгоднена, ад гэтай лініі пачнецца адвод узбраення, ад якога гіне столькі людзей».
У якасці прыкладу дэструктыўнага ўзбраення, якое прымяняецца на паўднёвым усходзе Украіны, Аляксандр Лукашэнка назваў рэактыўную ўстаноўку «Град» і тактычны ракетны комплекс «Кропка». «Кропка» — гэта вельмі магутная зброя, якую трэба адводзіць далей за 120 кіламетраў, але ад чаго? Ад лініі, і яе трэба сёння ўдакладніць, а потым ужо адводзіць войскі. І ДНР, і ЛНР, і Украіна, і Расія падтрымліваюць гэты працэс», — сказаў ён.
«Зацягванне вайны — не ў чыіх-небудзь інтарэсах. І мінскі фармат, я чамусьці перакананы, будзе запатрабаваны літаральна ў бліжэйшы час. Іншага фармату няма, і шкодна пачынаць перафармаціраванне. Страцім час і нічога не зробім», — перакананы Прэзідэнт Беларусі.
Як паведаміла сёння Міністэрства замежных спраў Беларусі, кантактная група па Украіне праінфармавала беларускі бок аб намеры правесці чарговую сустрэчу ў Мінску 30 студзеня. Час і месца будзе паведамлены дадаткова, адзначылі ў міністэрстве.
Лукашэнка заклікае бакі канфлікту ва Украіне пераадолець амбіцыі і дамовіцца аб міры
На пытанне аб тым, якім чынам можна прадухіліць кровапраліцце, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Неабходна адпаведнае жаданне ўцягнутых у гэты канфлікт кіраўнікоў дзяржаў і гэтых рэспублік (ЛНР і ДНР. — Заўвага БЕЛТА). Трэба пераадолець усялякія рознагалоссі і помніць, што там гінуць дзеці. Гінуць мірныя, ні ў чым не вінаватыя людзі, якім дзявацца няма куды. З васьмі мільёнаў на тэрыторыі Данецка і Луганска ўжо засталося тры з палавінай — чатыры мільёны чалавек. Ды пераступіце вы праз гэтыя амбіцыі, сядзьце і дамоўцеся!»
«Прыязджайце ў Мінск на любым узроўні, я гатовы ў гэтым удзельнічаць. Калі ёсць воля кіраўнікоў, вызначаецца лінія (сутыкнення. — Заўвага БЕЛТА), літаральна за некалькі дзён адводзіцца цяжкае ўзбраенне і пачынаюцца далейшыя мірныя працэсы. Трэба спыніць гэту вайну, і не шмат для гэтага трэба. Я ў гэтым проста ўпэўнены», — падкрэсліў беларускі лідар.
Беларусі чужых зямель не трэба — Лукашэнка
«Беларусі чужых зямель не трэба. Нам пажадана сваю нікому не аддаць, утрымаць яе. Мы пабудавалі дзяржаву на гэтай зямлі, і трэба, каб гэта зямля засталася нашым дзецям і ўнукам. Гэта будзе самы вялікі падарунак для мяне. Калі мне пачалі дакучаць з пытаннямі, што Пуцін прыйдзе і захопіць частку нашай тэрыторыі, я жартам адказаў — у нас больш падстаў прэтэндаваць на расійскія землі. Але мы не прэтэндуем ні на якія землі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб сваёй мінулай заяве прэтэндаваць на частку расійскай тэрыторыі.
Прэзідэнт адзначыў, што ў беларусаў склаліся бліскучыя адносіны са смалянамі і тымі людзьмі, якія жывуць на прыграніччы. «Мы дапамагаем адзін аднаму. Беларусы ўбіраюць там хлеб, яны нам плацяць за гэта пастаўкамі паліва. Мяжа паміж дзвюма дзяржавамі не адчуваецца. Што яшчэ трэба? Нам што, галаўны боль яшчэ патрэбны? У нас выдатныя адносіны з гэтымі рэгіёнамі, так будзе і далей», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што трэба быць ідыётам, каб прэтэндаваць на частку зямель такой магутнай дзяржавы, як Расія. «Гэта нерэальна. Трэба супакоіцца і разумець, што гэта быў жарт і не больш. Але калі пасля мяне хто-небудзь з глузду з’едзе, я думаю, беларускі народ не дазволіць яму дзейнічаць такім чынам», — упэўнены беларускі лідар.
Лукашэнка не дапускае думак аб магчымасці вайны паміж Беларуссю і Расіяй
«У мяне не ўкладваецца ў галаве, як гэта рускім ваяваць з рускімі? Калі мяне пачынаюць насцярожваць такім чынам або гаварыць аб тым, што пасля Крыма Пуцін прыйдзе ў Беларусь, я наогул уявіць сабе, дапусціць гэтага не магу. Ну як рускі чалавек прыйдзе ў Беларусь ваяваць — родны, на сваю родную зямлю… Трэба супакоіцца, выкінуць усе гэтыя гадасці з галавы. У нас вельмі многа іншых праблем, якія трэба вырашаць», — адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што некаторыя людзі лічаць беларускую зямлю часткай расійскай тэрыторыі. «Беларусь — гэта суверэнная і незалежная дзяржава. Бываючы тут, ніхто нам не прад’яўляў прэтэнзій. Мы заўсёды былі гасціннымі да любога чалавека, але прымусім любога, хто заяўляе аб тым, што такой дзяржавы раней не было, паважаць наш суверэнітэт і незалежнасць. Мы свае землі нікому не аддадзім. Гэта мая задача. Якой бы цяжкай яна ні была, я вырашу яе. За маёй спінай стаяць сотні тысяч такіх людзей, узброеных», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Уваходная цана на газ для Беларусі ў 2015 годзе складае $134 за 1 тыс. куб.м
«У нас на граніцы якая цана на газ? $134. Нідзе больш такой цаны няма дзякуючы таму, што мы даўно з Расіяй выбудоўвалі гэты рынак. Там і ўступкі, і «Белтрансгаз», які мы прадавалі, і транзіт нафты, і транзіт газу», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы закрануў і тэму паставак нафты з Расіі. «Мы ўсё ж такі вырашылі праблему… Нафта практычна бяспошлінна ішла на ўнутраных умовах Расіі. Для нашага спажывання мы атрымлівалі нафту танней», — сказаў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу, што цана нафты пасля транзіту па Беларусі ўжо ў два разы вышэйшая. «Таму нам грэх сёння гаварыць аб тым, што ў нас дрэнна. Але гэта яшчэ не тое, што павінна было быць у Мытным саюзе, а цяпер — у ЕАЭС. Мы да гэтага будзем ісці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Аб знешняй палітыцы
Лукашэнка не спадзяецца на вялікія зрухі ў адносінах Беларусі з Захадам да прэзідэнцкіх выбараў
Пытанне журналіста датычылася таго, ці не змяніліся адносіны з боку Захаду да Беларусі ў сувязі з яе пазіцыяй па ўкраінскай тэме.
«Што датычыцца адносін Еўропы і Амерыкі да Беларусі ў сувязі з нашай пазіцыяй па ўкраінскай праблематыцы, калі б я сказаў, што не ведаю, не гляджу на гэта і гэтак далей, гэта было б нейкім віляннем. Вядома, я бачу, што адбываецца ў нашых заходніх партнёраў у сувязі з нашай пазіцыяй. Але я не вельмі ўпіваюся гэтым: ох, калі вось так здарылася, сітуацыя склалася так, што яна нам дапамагла. Я гэта так не ўяўляю і не мыслю. І не толькі па нейкіх іншых пытаннях. Перш за ўсё, я не вельмі ж давяраю заходнім партнёрам. І гэта ёсць палітыка. Сёння Захаду выгадна такая пазіцыя Беларусі — яны нам недзе скажуць дзякуй. Мы гэта чуем, але не больш», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Тым больш што я прагматык і цудоўна разумею: ніякіх вялікіх зрухаў у адносінах Еўропы, Амерыкі і Беларусі не будзе, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары. Я да гэтага нармальна стаўлюся, — сказаў Прэзідэнт. — Можа, і я гэтак жа чакальна да гэтага ставіўся б. Нас гэта не напружвае, калі гэта не напружвае еўрапейцаў і амерыканцаў. Адзінае, чаго я хацеў бы, каб і Еўропа, якую гэты крызіс нібы і хвалюе, але не вельмі, бо гэта не ў іх, і Злучаныя Штаты Амерыкі, якія наогул далёкія ад гэтага крызісу, і Расія, якая вельмі ўцягнута ў гэты крызіс, і Беларусь, якая не ўбаку, і небяспека існуе вельмі рэальная пераносу гэтых з’яў і на тэрыторыі Беларусі і Расіі, каб мы, разам аб’яднаўшыся, зрабілі максімум для спынення вайны».
Лукашэнка не дапускае «шарахання» ў знешняй палітыцы паміж Усходам і Захадам
«Мы не шарахаемся, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Дзе вы бачылі, каб я шарахаўся? Толькі ў сродках масавай інфармацыі: «Вось, у Расіі цяжка — цяпер Лукашэнка паддобрываецца да Захаду». Дайце факты, дзе я паддобрываюся да Захаду».
Беларускі лідар чарговы раз падкрэсліў: Беларусь ніколі не паддобрывалася да Захаду, ніколі ні перад кім не схілялася. «Мы ніколі не стаялі на каленях ні перад кім — ні перад Захадам, ні перад Усходам. Гэта мая прынцыповая палітыка, і аб гэтым усе ведаюць — я ж не першы год Прэзідэнт, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта некаму хочацца, каб мы шарахаліся, каб нас дзесьці прыдушыць, прыціснуць. І больш за ўсё мы гэта чуем з боку Расіі».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў канцы мінулага года ў яго адбылася «мужчынская» размова з кіраўніком Расійскай Федэрацыі. «Мы сябры, мы шчыра гаворым у вочы адзін аднаму тое, што думаем. І я ўсё, што думаў, яму сказаў», — адзначыў Прэзідэнт. Ён згадаў аб існуючай паміж ім і Уладзімірам Пуціным дамоўленасці не дапускаць ніякіх асабістых зняваг у адрас адзін аднаго і прывёў прыклад: калі на «Барысаў-Арэне» ўкраінскія і некаторыя беларускія балельшчыкі пачалі зневажаць Пуціна, было затрымана 37 чалавек. «Гэта недапушчальна, калі ў адрас майго сябра, кіраўніка дзяржавы, якая нас заўсёды падтрымлівала, гучаць такія выкрыкі. Мы жорстка адрэагавалі на гэта», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «А чаму вы не рэагуеце?» — задаўся ў сувязі з гэтым пытаннем беларускі лідар.
«У развіццё гэтага я вымушаны быў сказаць перад усім светам аб такіх праблемах: аб прэзідэнцтве, што мяне нахіліць спрабуюць і г.д. Каб вы ведалі, да гэтага была сур’ёзная размова. Я адстойваю сваю дзяржаву, свае інтарэсы. І я ні перад кім на калені не стану — пакуль я Прэзідэнт, я не магу. Калі гэта датычыцца мяне, маіх дзяцей — я магу стаць на калені, але як я магу стаць на калені, калі я кіраўнік дзяржавы? Значыць, я вас усіх паставіў на калені. Таму я ўсюды гавару: на Лукашэнку немагчыма націснуць (амерыканцы, вы кажаце, спрабуюць). Ніколі амерыканцы, асабліва ў гэты час, не націскалі на нас».
Лукашэнка: Беларусь не мае намеру ваяваць з Захадам, каб некаму дагадзіць
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў існуючай няпростай палітычнай сітуацыі на міжнароднай арэне Беларусь ні на ёту не адышла ад свайго галоўнага прынцыпу ў знешняй палітыцы — шматвектарнасці. «Такую палітыку дыктуе наша геапалітычнае становішча, — нагадаў ён. — На Усходзе жыве наш старэйшы брат, нашы родныя людзі. Там усё пераплецена так, што немагчыма разарваць». Што датычыцца Украіны, то адной з асноўных прычын канфлікту і страты часткі тэрыторыі суседкай з’яўляецца перш за ўсё «бязглуздая нацыяналістычная палітыка». «Але мы гэта не адкідваем — у нас адна гісторыя, мы разам гінулі ў апошняй вайне, нас многае аб’ядноўвае», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца заходніх суседзяў, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з тымі ж Польшчай, Літвой некалі жылі ў адной дзяржаве. «Гісторыя гэта памятае. Куды дзенеш гэту гісторыю?» — сказаў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што сёння Захад з’яўляецца высокатэхналагічным. «З Еўрасаюзам, Амерыкай імкнуцца супрацоўнічаць усе. У тым ліку вельмі хоча гэтага супрацоўніцтва Расійская Федэрацыя, — адзначыў ён. — І, калі намеціўся гэты разлад, вы ўсе бачыце пазіцыю Расіі: яны ўсюды заўсёды заяўляюць, што мы павінны імкнуцца нармалізоўваць адносіны пры ўсіх момантах».
«Ці можна нас папракаць за тое, што мы таксама хочам спакойнага жыцця на Захадзе? — задаўся пытаннем беларускі лідар. — Мы не хочам з імі біцца, скоса глядзець. Можа, проста таму, што яны — нашы суседзі. Нельга іншую палітыку ў адносінах да іх праводзіць. Чаго нам упірацца? У нас адна мэта — каб быў мір і спакой на нашай зямлі. Калі ж мы пачнём бадацца або, не дай бог, ваяваць з нашымі суседзямі, міру ніколі не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І прыклад гэтага — Украіна». Такім чынам, падвёў вынік кіраўнік дзяржавы, Беларусь правільна вызначыла сваю палітыку як шматвектарную.
Пры гэтым ён адзначыў: рэспубліку не трэба папракаць у тым, што робяць расійскія ўлады. «Мы ніколі не былі здраднікамі. Калі мы бралі на сябе абавязацельствы, мы свята іх выконвалі. У нас шмат агульных абавязацельстваў і абавязацельстваў перад Расіяй, падпісаных дагавораў, заключаных пагадненняў. Я ні на ёту не адышоў ад таго, што абяцаў, я не адышоў ад тых абавязацельстваў, якія ў нас існуюць з Расійскай Федэрацыяй. Але гэта не значыць, што мы, дагаджаючы некаму там (я перакананы, што гэта не кіраўніцтву Расіі трэба, але нават калі б і кіраўніцтву…), будзем ваяваць з Захадам. Каму гэта трэба? Нікому», — рэзюмаваў Прэзідэнт. Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Лукашэнка на Захадзе любімы ніколі не будзе».
Лукашэнка заяўляе аб адсутнасці націску на Беларусь з боку ЗША
«Я ўсюды кажу: на Лукашэнку немагчыма націснуць. Вы гаворыце, амерыканцы спрабуюць. Ніколі амерыканцы, асабліва ў гэты час, не націскалі на нас — ні ўчора, ні пазаўчора, — падкрэсліў беларускі лідар. — Наадварот, мы вядзём з імі размову, мы дамовіліся: мужыкі, хопіць нам паліваць адзін аднаго граззю ў сродках масавай інфармацыі. Мы гэтага не бачым з боку амерыканцаў. Няма той рыторыкі, якая была. Так, ёсць нейкая інерцыя ў грамадстве — палітзняволеныя, яшчэ нешта… Мы гэта разумеем. Пройдзе. Але ўжо гэтай навалы няма».
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што ніякага здрадніцтва, шарахання ў існуючай сітуацыі ад Расіі да Захаду ніколі не будзе. «Расія — святое, — сказаў ён. — На Захадзе я не хачу бачыць ворагаў, і цяпер я іх не бачу. Але гэта не значыць, што я склаў лапкі і сяджу, нечага чакаю. Я кіраўнік дзяржавы, у мяне ёсць паўнамоцтвы — ад пытанняў чалавечага быцця да ваенных, я іх выконваю і буду выконваць дастойна, каб вам не было за мяне сорамна».
Лукашэнка: рэалізацыя праекта па стварэнні індустрыяльнага парка «Вялікі камень» можа прынесці мільярдныя даходы
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неаднаразова наведваў Кітайскую Народную Рэспубліку, у тым ліку яшчэ да свайго прэзідэнцтва. Больш таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў звярнуць увагу на кітайскі вопыт яшчэ калі быў дэпутатам парламента, калі выбіралі курс развіцця краіны. Але тады гэта прапанова была жорстка раскрытыкавана.
«І што адбываецца праз больш як 20 гадоў? Кітай — гэта імперыя, гэта другая эканоміка ў свеце, гэта першая краіна па экспарце. Гэта дзяржава, якая сёння фактычна забяспечыла шматпалярнасць у свеце, і гэта вельмі важна, — лічыць Прэзідэнт. — Я заўсёды гаварыў аб тым, што Кітайская Народная Рэспубліка — гэта дружалюбная нам дзяржава. Беларусь ганарыцца сваімі адносінамі з такімі краінамі, як Расія, Кітай, Індыя і іншымі. Гэта нашы сябры, якія заўсёды гатовы падставіць плячо».
Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў беларуска-кітайскія адносіны. У якасці аднаго з пазітыўных прыкладаў ён назваў кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». «Гэта мільярды, у якіх зацікаўлены Кітай, у прыватнасці, у будаўніцтве там суперсучасных прадпрыемстваў, і гэта мільярды даходаў у нашу краіну. Калі мы рэалізуем гэты праект, тады ў нас не будзе праблем ні з золатавалютнымі рэзервамі, ні з падтрыманнем курса нацыянальнай валюты», — лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён таксама сказаў, што ў бліжэйшы час тэма стварэння парка будзе разглядацца на ўзроўні Прэзідэнта.
Ён падзякаваў кітайскаму боку за дапамогу і падтрымку ў складаны для Беларусі перыяд. Прэзідэнт сказаў, што і папярэдні кіраўнік КНР, і цяперашні Старшыня Кітая Сі Цзіньпін падтрымлівае курс на развіццё сувязей з Беларуссю. Дарэчы, Кітай выдзеліў Беларусі крэдытаў на суму амаль $15 млрд для рэалізацыі сумесных праграм, прычым пад прымальныя працэнты.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб заяве кітайскага кіраўніцтва, што Кітай не дасць у крыўду Беларусь, будзе яе падтрымліваць. «Я ўдзячны Кітаю за той узровень адносін, які ў нас склаўся», — сказаў Прэзідэнт.
Лукашэнка разлічвае на падтрымку Кітая ў дыверсіфікацыі экспарту
«Кітай — краіна, з якой мы падтрымліваем такія добрыя і цёплыя адносіны, — сказаў Прэзідэнт. — Кітай ніколі нам не здраджваў, вы заўсёды падтрымлівалі Беларусь, калі абяцалі, на міжнародных пляцоўках, у міжнародных арганізацыях, па тых ці іншых пытаннях, па якіх мы да вас звярталіся за падтрымкай. Вы заўсёды нам давалі гэту падтрымку. Гэта дарагога каштуе, і мы адказвалі кітайскаму боку тым жа. Напэўна, цяжка нешта да гэтага дабавіць. Дай бог, каб у нас і ў далейшым так развіваліся гэтыя пазіцыі і адносіны».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў беларускага боку ёсць пэўныя просьбы да кітайскага кіраўніцтва і ўрада. «Мы ў бліжэйшы час давядзём іх да ведама. Увогуле скажу — мы вельмі разлічваем на кітайскі бок у плане дыверсіфікацыі нашага экспарту. Мы хацелі б прадаваць у Кітай больш таго, што ён купляе ў заходніх або іншых дзяржаў. У Кітая гэта сотні мільярдаў долараў. Але калі б мы выйшлі на продажы беларускіх тавараў прыкладна пяць мільярдаў — гэта было б вельмі добра. І мы ў гэтым напрамку з Кітаем вядзём прамы дыялог», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна дыверсіфікацыя экспарту. Таму пастаўлена задача міністру замежных спраў, ураду разгледзець такую магчымасць і папрасіць Кітай, каб пры роўнай цане, роўнай якасці прадукцыі, якую ён усё роўна імпартуе, купляць беларускую прадукцыю. «Вось гэту праблему мы хочам вырашыць з нашымі кітайскімі сябрамі. У іншым у нас праблем няма», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Аб інтэграцыйных аб’яднаннях
Лукашэнка: Беларусь будзе ўсяляк садзейнічаць інтэграцыі ў ЕАЭС і стварэнню раўнапраўнага саюза
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што з 1 студзеня пачаў работу важнейшы інтэграцыйны праект — Еўразійскі эканамічны саюз, да якога Беларусь разам са сваімі партнёрамі ішла на працягу некалькіх гадоў.
«Мы абавязаны выкарыстаць магчымасці, якія адкрываюцца перад намі ў рамках гэтага інтэграцыйнага праекта», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён запэўніў, што Беларусь будзе ўсяляк садзейнічаць паглыбленню інтэграцыі, стварэнню раўнапраўнага саюза без выключэнняў і абмежаванняў. Тым больш што Беларусь у першы год работы новага інтэграцыйнага праекта з’яўляецца старшынёй ЕАЭС.
Лукашэнка: альтэрнатывы эканамічнай інтэграцыі няма
«Недзе мы ішлі, прабачце мне, навобмацак, ствараючы крытэрыі разлікаў (размеркавання ўвазных пошлін. — Заўвага БЕЛТА), але мы гэта зрабілі. Мы пачалі гэты рух. Альтэрнатывы яму няма. Няма яшчэ і таму, што ўвесь свет сёння інтэгруецца», — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што інтэграцыйныя працэсы актыўна развіваюцца, напрыклад паміж ЗША і Канадай, у Лацінскай Амерыцы. «Таму нам трэба захаваць гэта адзінства», — падкрэсліў ён, маючы на ўвазе ЕАЭС.
Прэзідэнт дадаў, што для дзесяцімільённай Беларусі мець рынак збыту ў рэгіёне, дзе жывуць прыкладна 170 млн чалавек, — гэта добра. Пры гэтым у ЕАЭС ёсць свае інтарэсы ў такіх краін, як Расія і Казахстан. «У іх іншыя эканомікі. Яны жывуць у асноўным за кошт нафты і газу. Яны не змаглі пераступіць вось гэту планку і з гэтага года ўвесці свабодны доступ да рынку нафты і газу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Гандлёвых войнаў ва ўмовах ЕАЭС быць не павінна — Лукашэнка
«Ёсць моманты, якія наогул не павінны былі прысутнічаць пасля падпісання гэтых дакументаў (аб ЕАЭС. — Заўвага БЕЛТА). Гэтыя войны, як вы іх называеце ў СМІ, малочныя, мясныя, цукерачныя… Гэтага быць не павінна, як гэта адбывалася зусім нядаўна, і мне даводзілася на высокіх тонах вырашаць гэта пытанне», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Эканоміка застанецца і будзе фундаментам далейшых нашых рухаў, магчыма, і ў плане палітычным, ваенна-палітычным», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што нярэдка, гаворачы аб ЕАЭС, прыводзяць у прыклад Еўрасаюз, які мае доўгую гісторыю станаўлення, а значыць нельга патрабаваць хуткага развіцця і еўразійскага інтэграцыйнага праекта. «Я заўсёды гавару на гэта, што ў Еўрасаюза не было вопыту работы ў адзіным Савецкім Саюзе, як у нас. Мы мелі больш цесныя адносіны. І гэта трэба выкарыстоўваць. Але тым не менш факт застаецца фактам: мы гэта ўтварэнне ствараем літаральна некалькі гадоў. Гэта вялікая нарматыўная база. Патрабаваць з нас таго, што нават у эканоміцы павінны быць вырашаны многія пытанні, нельга», — адзначыў наконт гэтага Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка не выключае выхаду Беларусі з ЕАЭС у выпадку парушэння дамоўленасцей
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь падпісала дагавор аб ЕАЭС з агаворкай. «Сутнасць яе заключаецца ў тым, што, калі дамоўленасці, якіх мы дасягнулі, будуць выконвацца, мы будзем свята выконваць усё, што датычыцца ЕАЭС. Калі не будуць выконвацца, мы пакідаем за сабой права аж да выхаду з гэтага саюза», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што партнёры па ЕАЭС зразумелі: Беларусь мае больш эфектыўную сістэму кіравання эканамічнымі працэсамі.
Лукашэнка: аб членстве Украіны ў ЕАЭС размова не ідзе, але развіваць супрацоўніцтва трэба
Цяпер, як адзначыў Прэзідэнт, выпрацоўваецца методыка супрацоўніцтва ЕАЭС і Украіны, калі яна пачне выконваць свае абавязацельствы ў сувязі з пагадненнем аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам. Занепакоенасць выклікае тое, каб «танная еўрапейская, украінская прадукцыя не хлынула на тэрыторыю ЕАЭС», растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пазіцыя краін — удзельніц ЕАЭС даведзена да ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Бакі сыходзяцца на тым, што «калі будуць такія праблемы, то па факце будзем на іх рэагаваць», расказаў Прэзідэнт. «Паглядзім, як будзе складвацца абстаноўка. Многія пытанні агавораны, мы ведаем пазіцыю Украіны», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ЕАЭС — з Украінай або без — гэта саюз, «але калі была б тут Украіна, то гэта, вядома, быў бы зусім іншы саюз».
Кіраўнікі дзяржаў — удзельніц ЕАЭС не выключаюць, што «ўсё ж такі эканамічныя рэаліі рана ці позна прымусяць Украіну не проста супрацоўнічаць, а вельмі цесна супрацоўнічаць з нашым саюзам», рэзюмаваў беларускі лідар.
Лукашэнка: ніхто не збіраецца адмаўляцца ад Саюзнай дзяржавы, але фармалізм на пасяджэннях ВДС недапушчальны
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў той дзень, калі планавалася правесці пасяджэнне ВДС, у Маскве прайшлі пасяджэнні АДКБ і Еўразійскага эканамічнага саюза. «Прапаноўвалася правесці яшчэ і трэцяе. Я сказаў — не. Гэта будзе аддаваць фармалізмам, давайце гэтыя мерапрыемствы ў часе разнясём і падрыхтуем нармальны парадак дня», — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што па парадку дня ў яго было шмат пытанняў. «Я як старшыня і прыхільнік гэтага праекта (Расія не адмаўляецца ад яго) запатрабаваў ад апарату, які забяспечвае нашу работу, каб былі ўнесены і ўзгоднены істотныя пытанні адносін паміж Беларуссю і Расіяй па асноўных напрамках: эканоміка, фінансы, палітыка, дыпламатыя, ваенныя пытанні. Каб яны былі пастаўлены ў парадак дня (хочацца гэтага камусьці ці не) і былі агавораны, і, калі магчыма, прыняты рашэнні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Плануецца, што пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы адбудзецца 3 сакавіка. «Недзе блізка да гэтага, пакуль 3 сакавіка — я ўзгадніў гэту дату. Таму не хвалюйцеся, усё ідзе як мае быць, ніхто не хоча адмаўляцца ад гэтага праекта, паколькі ён найбольш развіты», — запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння Беларусь і Расія як адна краіна, і гэта дарагога варта. За гады інтэграцыі партнёры рушылі наперад вельмі далёка, гэта нельга страціць. «Так, дзе-нідзе хацелася б зрабіць больш істотны жэст, крок у нашых адносінах. Скажу шчыра, пакуль не вельмі атрымліваецца», — са шкадаваннем канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што бакам давялося крыху адцягнуць увагу на новы праект — праект па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. «Але гэта не значыць, што мы застылі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы паспрабуем на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета абмеркаваць больш істотныя пытанні ў нашых адносінах».
Адказваючы на пытанне аб тым, па якіх асноўных напрамках саюзнай інтэграцыі трэба ўзмацніць работу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе напрамкі ўжо даўно вызначаны, іх даволі шмат. «Сёння па ўсіх напрамках і ведамствах існуюць сумесныя калегіі. Тут трэба ісці далей, глыбей, трэба ўдасканальвацца».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў: «У нас у гэтым саюзе ёсць дагавор. І на што (я гэта крытыкаваў) Расія не пайшла — гэта рэферэндум, і на гэтым рэферэндуме — вызначэнне будучыні. Вось у гэта мы ўпёрліся. Зрабі мы гэты крок — была б зусім іншая сітуацыя. Пакуль не зрабілі».
У цэлым ён адзначыў, што глыбіня інтэграцыі Беларусі і Расіі ў Саюзнай дзяржаве значна большая, чым у Мытным саюзе, АЭП, ЕАЭС. Гэты праект быў своеасаблівым палігонам, на якім партнёры адпрацоўвалі вельмі многія напрамкі супрацоўніцтва.
Лукашэнка: у ЕАЭС неабходна напрацоўваць практыку работы наднацыянальных органаў
«Няма яшчэ практыкі, ды і псіхалогіі такой няма, каб той наднацыянальны орган, якому перадалі пэўную суму паўнамоцтваў, прымаў рашэнні па тых ці іншых пытаннях. Але гэта хвароба росту, таму што ў гэтай частцы мы яшчэ вельмі маладыя і вельмі розныя інтарэсы ў нашых дзяржаў», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь як краіна, што старшынствуе ў ЕАЭС, будзе з самага пачатку прывіваць гэту культуру.
«Мы толькі пачалі працаваць. Вядома, узнікаюць пытанні. Уявіце: вялізная Расія, і яна вымушана была, як мы і Казахстан, у наднацыянальны орган аддаць пэўную колькасць паўнамоцтваў. І гэта колькасць паўнамоцтваў роўная колькасці паўнамоцтваў Беларусі і Казахстана», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён канстатаваў, што да гэтага часу ў краінах — удзельніцах ЕАЭС ёсць чыноўнікі, якія хочуць вырашаць пытанні самастойна, па-за наднацыянальным органам. «Патрэбны пераходны перыяд для таго, каб мы абвыкліся, выпрацавалі новыя падыходы, напрамкі, структуры стварылі», — растлумачыў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў аб увядзенні забарон на пастаўкі прадукцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў на расійскі рынак. «Хто ўвёў гэтыя забароны? Рассельгаснагляд, нейкі Данкверт. А якое ты меў права асабіста ўводзіць гэтыя забароны? У выніку мы прыйшлі да таго, што неабходна мець нейкі агульны орган або лабараторыю, якая давала б незалежнае заключэнне: шкодныя і няшкодныя прадукты, нармальныя або ненармальныя, адпавядаюць стандартам або не адпавядаюць», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, пачаўся актыўны працэс па выпрацоўцы структур, якія павінны прымаць такія рашэнні.
Лукашэнка: пытанне ўвядзення адзінай валюты ў ЕАЭС на парадку дня не стаіць
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэма ўвядзення адзінай валюты ў нядаўна ўтвораным інтэграцыйным аб’яднанні абмяркоўвалася на ўзроўні палітычных лідараў, але рашэнне пакуль не прынята. «Гэта пытанне на парадку дня сёння не стаіць», — сказаў ён.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што адзінай валютай неабавязкова стане расійскі рубель, могуць быць і іншыя варыянты. Паводле яго слоў, дэбаты на гэту тэму ішлі і лідары краін ЕАЭС дамовіліся вярнуцца да гэтай тэмы і прыняць канкрэтнае рашэнне, калі прыйдзе час. «Не думаю, што гэта будзе заўтра, і не думаю, што гэта будзе пры маім прэзідэнцкім жыцці, таму што да таго, як падысці да адзінай валюты, трэба вырашыць вельмі многія пытанні, і перш за ўсё пытанне, якое мы адклалі да 2025 года (фарміраванне адзінага фінансавага рынку. — Заўвага БЕЛТА)», — рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *