2014-2015 навучальны год перайшоў свой “экватар”. Не за гарамі вясеннія канікулы, а затым апошні званок, выпускныя экзамены і летні адпачынак для большасці вучняў. Тым не менш, школы для забеспячэння стабільнага вучэбна-выхаваўчага працэсу працуюць круглы год. Пра тое, як развіваецца сістэма адукацыі ў нашым раёне, мы папрасілі расказаць начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалая Мікалаевіча Рубацкага:
— Мікалай Мікалаевіч, колькі на сённяшні дзень у раёне налічваецца школ і які кантынгент вучняў у іх?
— Для рэалізацыі праў вучняў на атрыманне якаснай адукацыі ў Шаркаўшчынскім раёне дзейнічаюць 4 пачатковыя, 6 базавых і 7 сярэдніх школ, з іх 6 устаноў з’яўляюцца вучэбна-педагагічнымі комплексамі “сад-школа”. У іх навучаецца 1690 хлопчыкаў і дзяўчынак.
— З улікам дынамікі развіцця сельскіх школ, як ажыццяўляецца падвоз вучняў з аддаленых вёсак?
— Штогод, пачынаючы з 2010 года, для дадзеных мэт набывалася па аднаму школьнаму аўтобусу. Гэта дазволіла нам своечасова аднавіць аўтапарк. Летась, напрыклад, былі набыты два новыя аўтобусы. На сённяшні дзень іх агульная колькасць складае 8 адзінак. Частка вучняў карыстаецца маршрутнымі аўтобусамі. Для іх мы набываем бясплатныя праязныя білеты.
— Колькі працуе ў навучальных установах педагогаў?
— У раёне працуюць 333 педагогі. 29 працэнтаў ад іх агульнай колькасці маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 55 — першую. 91 працэнт — з вышэйшай адукацыяй. Сярод тых, хто працуе ў школах, 5 настаўнікаў маюць званне “Выдатнік адукацыі”, адзін узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
— Якіх вынікаў у вучобе дасягаюць вучні і выпускнікі школ?
— У навучальных установах працуюць прадметныя факультатывы для забеспячэння адукацыйных запытаў вучняў. Па выніках паспяховай здачы выпускных экзаменаў у мінулым годзе 4 вучні ўзнагароджаны залатым медалём. Пасведчанні аб набыцці сярэдняй базавай адукацыі з “адзнакай” атрымалі 5 школьнікаў. Пахвальныя лісты за асаблівыя поспехі пры вывучэнні асобных прадметаў атрымалі 48 выпускнікоў. Дарэчы, летась 43 працэнты выпускнікоў школ паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
— Штогод лепшыя вучні раёна ўдзельнічаюць у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Якіх вынікаў сёлета дасягнулі нашы школьнікі на абласным узроўні?
— Па выніках раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах аргкамітэт дапусціў да ўдзелу ў абласным туры 15 вучняў з нашага раёна. Сёлета шаркаўшчынскія школьнікі атрымалі тры дыпломы трэцяй ступені па гісторыі, матэматыцы, рускай мове і літаратуры. У мэтах падтрымкі адораных дзяцей рашэннем райвыканкама пераможцы раённага і абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама педагогі, якія іх падрыхтавалі, узнагароджваюцца грашовымі прэміямі.
— Як адбываецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і правядзенне ў іх рамонтных работ?
— Па Праграме развіцця агульнай сярэдняй адукацыі ў мінулым годзе набыты вучнёўскія дошкі і спортінвентар на агульную суму 35 мільёнаў рублёў. 100 працэнтаў устаноў падключаны да шырокапалоснага доступу ў сетку Інтэрнэт. Фунцыянуюць 5 сайтаў устаноў адукацыі. У школах раёна абсталяваны 12 камп’ютарных класаў, з іх чатыры набыты за апошнія пяць год. На бягучы рамонт у 2014 годзе было выдаткавана 400 мільёнаў рублёў з мясцовага бюджэта. За сродкі рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэтаў праводзіцца капітальны рамонт СШ № 1 гарпасёлка з заменай даху і аконных блокаў у будынку школы.
— Мікалай Мікалаевіч, раскажыце зараз пра сістэму дашкольнага выхавання ў раёне.
— На сённяшні дзень у нашым раёне маецца 16 устаноў дашкольнага выхавання, у якіх займаюцца 536 дзяцей ва ўзросце ад 2 да 6 год. З імі працуюць 70 педагагічных работнікаў, палова з якіх маюць вышэйшую адукацыю, а таксама вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Ахват дзяцей дашкольным выхаваннем па раёне складае 90 працэнтаў. Між іншым, мы бачым, што неабходна ўдасканальваць адукацыйны ўзровень выхавальнікаў праз перападрыхтоўку па спецыяльнасцях дашкольнай адукацыі. У цэлым, для ўдасканалення дзейнасці ўстаноў дашкольнага выхавання ў мінулым годзе затрачана 30 мільёнаў рублёў.
Аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, установамі адукацыі вядзецца актыўная і мэтанакіраваная работа па павышэнню адукацыйнага ўзроўню вучняў і педагогаў праз метадычныя фарміраванні, творчыя групы, клубы па інтарэсах і шматлікія іншыя формы.
— Вялікі дзякуй за змястоўную размову!
Гутарку вёў Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
