28 лютага актавая зала СШ № 1 была запоўнена цалкам — тут праходзіў раённы конкурс на лепшую пярвічную арганізацыю ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” сярод школьнікаў. У конкурсах спаборнічалі вучні 8—11 класаў СШ № 1, Германавіцкай, Лужкаўскай СШ, Зоркаўскай БШ.
“Школьны марафон” — а менавіта так называлася мерапрыемства — быў прысвечаны Году моладзі. Яго арганізатарамі выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райкам БРСМ. Журы ўзначальвала першы сакратар райкама БРСМ Юлія Протас.
Марафон распачаўся конкурсам-прывітаннем “Знаёмцеся, гэта мы!”. У ім школьнікі ў песнях, танцах, вершах, сцэнках і слайдшоу расказвалі пра дзейнасць сваіх пярвічных арганізацый, іх гісторыю і традыцыі, пераемнасць і сувязь пакаленняў. Юныя актывісты БРСМ прадэманстравалі максімум знаходлівасці і акцёрскіх здольнасцей, за што атрымалі ад журы вялікую колькасць “пяцёрак”. Максімальныя адзнакі выстаўлены школьнікам з СШ № 1, Германавіцкай СШ. Далей прайшоў конкурс агітацыйных брыгад. Каманды-ўдзельніцы паказалі цікавыя тэматычныя нумары, мэтай якіх было расказаць пра плюсы ўступлення ў БРСМ. Найлепш гэта зрабілі вучні з Лужкаўскй СШ і Зоркаўскай БШ.
Завяршыліся творчыя спаборніцтвы “Хатнім заданнем”. Кожная каманда прадставіла на суд журы і гледачоў відэаролікі гумарыстычнага характару, якія адлюстроўвалі адзін дзень з жыцця пярвічнай арганізацыі. Найбольш змястоўны і арыгінальны ролік, на думку журы, атрымаліся ў вучняў Германавіцкай СШ.
Найвышэйшую суму балаў па выніках усіх іспытаў атрымала каманда актывістаў БРСМ з Германавіцкай СШ, другое месца заняла дружына СШ № 1, трэцяе месца падзялілі паміж сабою Лужкаўская СШ і Зоркаўская БШ.
— Усім дзякуй за ўдзел і грунтоўную падрыхтоўку, якая была праведзена напярэдадні, — падвяла вынікі першы сакратар райкама Юлія Протас. — Асабліва радуе, што адгукнуліся і прыехалі сельскія школы. Падкрэслю, што абсалютна ўсе каманды выступілі на высокім узроўні, і кожны можа лічыць сябе пераможцам. Вельмі прыемна было назіраць за вашымі выступленнямі, якія адкрылі вас з новага боку, дапамаглі праявіць творчыя і лідарскія здольнасці.
Прызёры спаборніцтва ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі пачастункамі.
27 сакавіка ў Шаркаўшчынскай СШ № 2 адбудзецца міжрэгіянальны этап “Школьнага марафона”, дзе сваю творчасць прадставяць каманды пераможцы Браслаўскага, Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага раёнаў, нас будуць прадстаўляць актывісты БРСМ з СШ № 1 і Германавіцкай СШ.
Сяргей ВЫСОЦКІ.
молодцы, что не опустили рук!