Гэта наша з табою біяграфія (матэрыялы з гісторыі раёна)

Актуальное

11Няўмольна бяжыць час. Дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем прыбаўляе ў біяграфію раёна нешта новае. Непазнавальна змяніўся гарадскі пасёлак, новы ўклад жыцця ў сельскіх жыхароў. У думках перагартаем старонкі гісторыі нашага роднага краю, прыгадаем знаёмае і знаёмых — усё гэта наша жыццё, са сваімі радасцямі і засмучэннямі, дасягненнямі і пралікамі, паўсядзённымі клопатамі.
Пачатак у гісторыі
Першае ўпамінанне Шаркаўшчыны адносіцца да 1503 года. Тады маёнтак Шаркоўшчына быў закладзены Янам Дэспат-Зяновічам з дазволу караля Аляксандра. Ад унука Зяновіча маёнтак у 1604 годзе набыў Леў Сапега, канцлер Вялікага княства Літоўскага. А яго нашчадак Аляксандр Сапега ў 1753 годзе прадаў Шаркаўшчыну Мікалаю Тадэвушу Лапацінскаму, у 1770 годзе яна пераходзіць да яго сына Яна Нікодэма. У 1802 годзе маёнтак распадаецца на два дзясяткі маёнткаў. Сама Шаркаўшчына пераходзіць да Багуцкіх і Федаровічаў. У маляўнічым месцы на беразе ракі Янка была створана рэзідэнцыя. Там пабудавалі мураваны двухпавярховы палац, каталіцкую капліцу, заклалі парк (цяпер называецца парк сельгастэхнікі), аранжарэю, выкапалі сажалкі, узвялі цяпліцы і адкрылі звярынец.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Шаркоўшчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Стварыўся Дзісненскі павет, які на ўмовах Рыжскага дагавору ў 1921 годзе адыйшоў да Польшчы.
Трагічная старонка
17 верасня 1939 года тэрыторыя нашага раёна была вызвалена ад палякаў і ў краі зацвердзілася савецкая ўлада, а праз год — 15 студзеня быў утвораны Шаркаўшчынскі раён Вілейскай вобласці. У ім пражывала 27 368 чалавек.
У кастрычніку 1939 года беззямельныя і малазямельныя сяляне вёсак Астаноўка, Кнашоўка, Буда-1, Буда-2, Ляды-1 і Ляды-2, Ладуніха аб’ядналіся ў калгас “17-е верасня”, а ў 1940 годзе быў зацверджаны яго статут. Было некалькі дробных калгасаў і на іншых тэрыторыях сельсаветаў.
У 1941 годзе з васьмі тысяч сялянскіх гаспадарак каля шасці былі хутарскія. Гэта былі даволі заможныя людзі, але яны ведалі сапраўдны кошт працавітасці і эканоміі.
З 26 чэрвеня 1941 па 1 ліпеня 1944 года Шаркаўшчынскі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вялікая Айчынная вайна стала гераічным і разам з тым цяжкім перыядам у гісторыі нашага краю. 834 воіны-землякі загінулі ці прапалі без вестак на франтах вайны. За гады акупацыі фашысты закатавалі, расстралялі і павесілі 2027 мірных жыхароў. А 1484 чалавек вывезлі ў Германію. 165 савецкіх воінаў загінулі і пахаваны на тэрыторыі раёна. А ўсяго пахавана савецкіх воінаў і партызан —953 чалавекі. Былі выведзены са строю чыгунка, хлебапякарня, 4 млыны, фанерны, лесапільны і тры цагляныя заводы. Знішчана маёмасць сялянскіх і першых калектыўных гаспадарак. Разбураны школы, бібліятэкі, клубы і іншае.
Шаркаўшчына была вызвалена 1 ліпеня 1944 года воінамі 44-й мотастралковай брыгады пад камандаваннем А. І. Халаева, першага танкавага корпуса першага Прыбалтыйскага фронту.
У 1945 годзе насельніцтва раёна абслугоўвала сем урачоў, 30 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу. На тэрыторыі раёна ў Безымполлі размяшчалася раённая бальніца, адкрытая ў верасні 1939 года, і сельскія — у Германавічах і Іёдах, шэсць фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
Эканомны гаспадар
Да кастрычніка 1944 года былі адноўлены два даваенныя калгасы — імя Сталіна і “1-е Мая”. Іх зямельная плошча складала 200 гектараў і ў іх уваходзіла 40 сялянскіх гаспадарак або 150 чалавек. У 1945 годзе па накіраванні партыі ў Шаркаўшчыну прыехаў з Ушаччыны Арсенцій Андрэевіч Троцкі. З верасня 1942 па жнівень 1944 года ён ваяваў у партызанскай брыгадзе імя Кутузава. Быў паранены ў левую руку. У вайну загінула яго жонка. З трыма маленькімі дзецьмі ён прыехаў уздымаць сельскагаспадарчую вытворчасць у наш раён. Пэўны час папрацаваў старшынёй Юзэфоўскага сельсавета. А калі знайшлася жанчына, якая прыхінула трое дзетак, а потым стала жонкай Арсенція Андрэевіча і яшчэ нарадзіла яму дачку, у яго з’явіўся час і ён узяўся за грамадскую справу. Трэба нагадаць, што малодшая дачка Валянціна Арсенцьеўна Ліпская адпрацавала натарыусам у раёне і цяпер жыве ў Юзэфове. Яна беражліва захоўвае бацькавы нататкі, узнагароды, успаміны. Старэйшая яе зводная сястра Ніна Арсенцьеўна на працягу многіх гадоў узначальвала раённую племстанцыю. Брат доўгі час жыў у Санкт-Пецярбургу, цяпер — у Маскве. Не толькі дзеці, а і тыя, хто працаваў пры А. А. Троцкім, добра памятаюць пра яго.
Цэнтр калгаса імя Сталіна быў створаны ў вёсцы Юзэфова, дзе заставаўся панскі маёнтак. (Цяпер аддзяленне Наваселле ААТ “Агратэхсэрвіс”). Пасля ліквідацыі панскіх уладанняў на пустым месцы пачалося новае будаўніцтва. Узводзіліся жылыя будынкі для калгаснікаў, вытворчыя пабудовы — кароўнікі, цялятнікі, будавалі дарогі. З’язджаліся людзі ў калгас з усіх куткоў раёна. Гаспадар быў вельмі эканомны і лічыў кожную заробленую калгаснікамі капейку. Прыгадваюць, як аднойчы прапанавалі ў раёне старшыні купіць легкавы аўтамабіль, а ён у адказ: “Купі машыну — тады бензін да яе купляй, шафёра трымай. А на кані дарма пад’еду ў Галінова ці Багі…”. І яшчэ было. Дырэктар МТС параіў Арсенцію Андрэевічу купіць воданапорную вежу ў калгас. “Не, — кажа, — пакуль што не куплю. Мае каровы яшчэ паходзяць на вадапой да ракі. А мне патрэбны грошы, каб выплаціць людзям за працадні”. Дарэчы, у 1945 годзе кожны калгаснік атрымаў на працадзень па 5 кг 600 г збожжавых і бульбы. Ставілася задача атрымаць стопудовую ўраджайнасць збожжавых з гектара. Людзей у калгасе працавала шмат. Усё жыццё іх было звязана з зямлёй. Працавалі да цямна, каб зрабіць намечанае, не лічыліся з уласным часам.
Да лютага 1961 года калгас імя Сталіна ўзначальваў А. А. Троцкі. Самым ураджайным здаўся 1958 год. За высокія дасягненні ў сельскай гаспадарцы старшыня быў узнагароджаны Ордэнам працоўнага Чырвонага Сцяга. У тым жа годзе атрымаў Дыплом першай ступені з ВДНГ за высокую ўраджайнасць зялёнай масы кукурузы. З 23 засеяных гектараў атрымалі 960 цэнтнераў зялёнай масы, а таксама дыплом другой ступені. А ў 1959 годзе А. А. Троцкі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Добрую спадчыну пакінуў старшыня наступнаму кіраўніку гаспадаркай А. Л. Танканогу і іншым яго старшыням.
Цераз рэчку ад Юзэфова таксама быў панскі фальварак Юльянова (Ульянова). У 1949 годзе па прыкладу сталінцаў і там утварыўся калгас “1-е Мая”, але праіснаваў нядоўга, яго далучылі да саўгаса “Шаркаўшчынскі”.
Прыступілі да сяўбы
Вось што піша газета “Сялянская праўда” за 1 мая 1946 года:
“Сяляне Воранаўскага сельсавета прыступілі да палявых работ. Па сельскаму савету да сяўбы падрыхтавана 300 гектараў зямлі. Селянін вёскі Амбросенкі Міхаіл Палягошка падрыхтаваў і запахаў 70 сотак пад авёс. Таксама прыступілі да сяўбы сяляне вёскі Лысёнкі — В. Мядзьведзь і вёскі Лазоўка — А. Тарасёнак. Яны засеялі ад аднаго да двух гектараў зерневых.”
Аднаўленне і будаўніцтва
У раёне стаў развівацца сацкультбыт. У 1947 годзе былі адкрыты раённая і 14 сельскіх бібліятэк, 14 хат-чытальняў і Дом культуры.
У пачатку 1950 гадоў у раёне ўжо налічвалася звыш 100 калгасаў і саўгас “Гарадзец”. Былы галоўны бухгалтар калгаса імя Кірава (цяпер землі ААТ “Даватарскі”) ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы Вячаслаў Іванавіч Буйка прыгадвае, што калі ён прыйшоў на працу, то калгас імя Кірава ў раённых зводках значыўся пад нумарам 134.
Аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі патрабавала неймаверных намаганняў. І ўсё рабілі чалавечыя напрацаваныя рукі, існвала вялікае жаданне бачыць добрыя вынікі сваёй працы.
Няпроста было ўсім на любым участку пры выкананні кожнай, здавалася б, малапрыкметнай справы. Трэба было адбудоўваць народную гаспадарку, вёскі. У раёне не было ніводнай заасфальтаванай дарогі, шматпавярховых будынкаў і прамысловых прадпрыемстваў. Вядома, што ў нашым раёне ў сельскай гаспадарцы 68 працэнтаў складаюць глебы цяжкасугліністыя і гліністыя. Таму, каб атрымаць добры вынік, у гэту “гліну” трэба было ўкласці значна больш сілы, чым ў іншых рэгіёнах рэспублікі.
У 1949 годзе на тэрыторыі раёна было 539 населеных пунктаў. З прамысловых прадпрыемстваў дзейнічалі млыны ў Радзюках, Чырвоным Двары, Шкунціках, Падоршчыне, Германавічах. З бытавога абслугоўвання працавалі: абутковы цэх, кавальскі, швейны, цэх апрацоўкі воўны, фатаграфія і цырульня. Выдавалі сваю прадукцыю хлебапякарня, каўбасны цэх сельпа. Працавала МТС, трактарны парк якой налічваў 58 трактараў.
Значная работа па ўзбуйненні калгасаў у раёне была праведзена з 1951 па 1953 год. Былі ўтвораны 32 калгасы. На 1 студзеня 1960 года ў раёне дзейнічалі 27 калгасаў і саўгас “Гарадзец”. Працавала мясцовая прамысловасць: райпрамкамбінат, раймаслапрам, арцель “Чырвоны сцяг” (цагляны завод).
Паступова расшыралася сетка медыцынскіх устаноў, умацоўвалася іх матэрыяльная база. У 1955 годзе, акрамя раёнай бальніцы, функцыяніравалі тры ўрачэбныя ўчасткі, дзевяць фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Працавалі восем урачоў, а таксама 56 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу.
У 50-я гады далейшае развіццё атрымала народная адукацыя. Адкрыты былі шэсць сямігадовых школ, а ўсяго у 1955 годзе налічвалася 70 школ: 6 — сярэдніх, 21 — сямігадовая і 43 — пачатковыя. Вучэбную праграму асвойвалі 6 082 навучэнцы. Да 1960 года колькасць школ павялічылася да 90.
На падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 17 красавіка 1962 года Шаркаўшчынскі раён быў скасаваны і аддадзены часткамі Браслаўскаму, Міёрскаму і Глыбоцкаму раёнам. Але праз чатыры гады ён сфарміраваўся зноў. Тады людзям давялося шмат папрацаваць, каб адбудаваць сваю радзіму па-новаму. На той час дзейнічалі 27 калгасаў і саўгасы “Гарадзец”, імя Маркава, “Верацеі” і “Шаркаўшчынскі”. Агульная пасяўная плошча складала 39 919 гектараў. З мясцовай прамысловасці — маслазавод, камбінат бытавога абслугоўвання, гародніна-сушыльны завод, прамкамбінат, райаб’яднанне “Сельгастэхніка”.
За працу і пашана
Кіраўніцтва калгасамі партыя давярала адказным людзям, практыкам, якія душой хварэлі за сваю гаспадарку. Напрыклад, старшынёй калгаса імя “Герой працы” (пасля аб’яднання — “Маяк”) быў прызначаны Іван Мікалаевіч Гудоўскі. За кошт сяўбы на значных плошчах канюшыны гаспадарка мела трывалую кармавую базу. Яго вопыт, прывезены з Германіі, вясной рамантаваць зрэджаныя пасевы азімых яравымі культурамі, праводзіцца ў раёне і па сённяшні дзень. Лён здавалі нумарамі ад 1,5 да 2,75. У 1974 годзе калгас атрымаў ураджайнасць зерневых і зернебабовых культур 36,6 цэнтнераў з гектара.
За поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі, выкананне ўмоў і дасягненне паказчыкаў, неабходных для ўдзельніка ВДНГ СССР, Галоўны камітэт выстаўкі ўзнагародзіў даглядчыка цялят калгаса імя Энгельса У. А. Валяўку бронзавым медалём і каштоўным падарункам (лістапад 1976 год).
У ліпені 1976 года калгас “Маяк” наведаў першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў. За метад павышэнне ўраджайнасці сельгаскультур па яго рэкамендацыі была падорана калгасу аўтамашына “Волга”.
У 1977 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР за высокія паказчыкі па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў у папярэднім годзе ордэнам Леніна ўзнагароджаны: В. У. Драгун — трактарыст калгаса “Шлях Леніна”; М. І. Чульба — галоўны аграном калгаса “Маяк”; Ч. К. Шышко — камбайнер калгаса “Вялікае Сяло”; А. Г. Шманцар — першы сакратар райкама Кампартыі Беларусі.
Ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі атрымалі:
Л. А. Кабак — даярка калгаса “Вялікае Сяло”, В. У. Краснадубскі — начальнік механічнага атрада саўгаса “Верацеі”.
Дэлегатам на 27-м з’ездзе КПСС быў выбраны машыніст аднакаўшовага экскаватара ПМК-51 меліярацыі трэста “Полацкводбуд” Э. А. Камінскі (люты 1986 год).
Кожны з былых кіраўнікоў раёна пакідаў свой адметны след ва ўздыме народнай гаспадаркі, у паляпшэнні жыцця людзей. Найбольш складана было аднаўляць разбуранае. Вось аб чым расказваў у сваім выступленні на сходзе перад калгаснікамі раёна першы сакратар раённага камітэта партыі Анатолій Георгіевіч Шманцар, падводзячы вынікі ў сельскай гаспадарцы за 1966 год: “Атрымана ў сярэднім па 8,9 цэнтнера зерневых з гектара, 4,6 цэнтнера льносемя і 3,6 — ільновалакна, 229 цэнтнераў караняплодаў і 91,1 — бульбы.
На наступны год запланавана атрымаць з гектара: 10,3 цэнтнера збожжавых, бульбы — 95, караняплодаў — 230, 4,1 і 4 — ільнасемя і льнавалакна, ачысціць ад хмызнякоў 2 930 гектараў зямель. Надаіць ад кожнай каровы па 1 890 кілаграмаў малака, мець 9 133 каровы і 11 980 маладняку буйной рагатай жывёлы.
Намечана пабудаваць 4 новыя школы, 60 жылых дамоў, 5 клубаў, 12 магазінаў, 4 грамадскія лазні, 5 майстэрань бытавога абслугоўвання, 127 калодзежаў”.
Дэвіз А. Г. Шманцара быў — аддаць прыярытэт сельскай гаспадарцы.
Клопат пра людзей
М. Ч. Сезянеўскі ўсе свае клопаты падпарадкоўваў тром складаемым: выканане планаў-заказаў дзяржавы; забеспячэнне мясцовага насельніцтва мяса-малочнымі прадуктамі, свежай і кансерваванай агароднінай, пладамі, ягадамі і, галоўнае, — развіццё сацыяльнай сферы. За гады працы першым сакратаром райкама партыі М. Ч. Сезянеўскага ў раёне было пабудавана да 80 дамоў сацыяльных паслуг, гэта было ва ўсіх “неперспектыўных вёсках”, ва ўсіх 22 гаспадарках — пральні самаабслугоўвання. Прывялі ў парадак вуліцы, усе населеныя пункты, дзе было 20 і больш двароў у вёсках, заасфальтаваны. Асфальтавыя або палепшаныя дарогі злучалі цэнтры гаспадарак з вёскамі, асфальтаваліся машынныя двары, фермы. Праведзена сапраўдная “культурная” рэвалюцыя. Не выпадкова ў 80-х гадах быў арганізаваны рэспубліканскі семінар па ўладкаванню сельскіх населеных пунктаў і ўкараненне прагрэсіўных форм і метадаў работы сельскагаспадарчай вытворчасці.
У вёсках узнавіліся сялянскія рамёствы, тэхналогіі кансервавання. Адкрылі ў калгасах “Прагрэс” — вяндлярню, імя Гагарына — цэх па перапрацоўцы малака. У суткі выраблялі па 200 кілаграмаў апетытнага сыру “Адыгейскі”, які рэалізоўвалі не толькі ў райцэнтры, а і далёка за яго межамі. У вёсцы Гарадзец пяклі свой хлеб па дамашніх рацэптах.
У 1989 годзе калгасы былі ператвораны ў 26 калектываў інтэнсіўнай працы. Усё раслінаводства і жывёлагадоўля пераведзены на арэндны падрад. Тут цанілася самадысцыпліна і самакіраванне. Напрыклад, два браты Івановы ў калгасе “Усход” доўгі час, нават калі астатнія распаліся, не вытрымаўшы новай сістэмы арганізацыі працы, узначальвалі КІПы. Яны амаль па дзве тысячы гектараў кожную вясну засявалі.
А калгасы “Маяк”, “Іскра”, саўгас “Гарадзец” перайшлі на кааператыўную дзейнасць. У калгасе “Усход” тры сям’і абслугоўвалі 180 кароў. Каля 100 сем’яў у раёне працавалі на арэндным падрадзе.
Трэба сказаць, што да таго, як стаць першым сакратаром Шаркаўшчынскага райкама партыі, М. Ч. Сезянеўскі ўзначальваў розныя калектывы і меў вялікі вопыт. За сваю працу ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двумя ордэнамі “Знак Пашаны”, двума медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У гэтым годзе М. Ч. Сезянеўскаму спаўняецца 80 гадоў.
Змяняюцца падыходы
Пры ўступленні на пасаду старшыні райвыканкама Леаніда Віктаравіча Клакоўскага змяняюцца падыходы ў рабоце з кадрамі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, аддзелах народнай адукацыі, культуры, спорткамітэце. Як правіла, гэта практычныя семінары на месцах з падрыхтоўкай і правядзеннем канкрэтных мерапрыемстваў, якія забяспечвалі нядрэнны канчатковы вынік як у эканамічнай, так і духоўнай сферах.
3 кастрычніка 1997 года адбылася ўрачыстая закладка першага каменя ў падмурак раённай бальніцы. Яго заклалі старшыня райвыканкама Л. В. Клакоўскі і галоўны ўрач раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання Г. М. Качан. 7 лістапада 2012 года новы будынак гасцінна расчыніў дзверы.
Чалавек ад зямлі Мечыслаў Віктаравіч Морхат, які пераняў кіраўніцтва раёна, меў вялікі вопыт работы ў сельскай гаспадарцы. “Жыццё не стаіць на месцы. Неабходны прыліў новых сіл, — падкрэсліваў старшыня райвыканкама, — але так называемай “ломкі” кадраў не будзе. А патрабаванні будуць прад’яўляцца аднолькавыя да ўсіх, незалежна ад узросту і стажу работы. Крытэрый ацэнкі — прафесіялізм, добрасумленнасць, высокая адказнасць, чалавечнасць. Распрацавана праграма з Батанічным садам па азеляненню раёна, было створана 13 аграгарадкоў.
Дзень сённяшні
З 2012 года старшынёй райвыканкама з’яўляецца Мікалай Ірынархавіч Баговіч. Сёння аграпрамысловы комплекс раёна прадстаўляюць дзесяць адкрытых акцыянерных таварыстваў. За імі замацавана 69 468 гектараў зямель, у тым ліку 59 958 — сельгасугоддзяў, з іх 39 652 — ворыва. Бал ворыва па раёне — 28,6, сельгасугоддзяў — 28,1 адзінкі. 83 працэнты зямель цяжкасугліністыя і гліністыя.
Змяніліся ўмовы надвор’я, якія адмоўна ўздзейнічаюць на вырошчванне сельскагаспадарчых культур.
У сельгаспрадпрыемствах вядзецца будаўніцтва новых жывёлагадоўчых комплексаў, абнаўляюцца фермы. У раёне на 1 студзеня 2015 года налічвалася 25 669 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 9 084 — кароў. Сельскія працаўнікі імкнуцца паляпшаць поспехі ў жывёлагадоўлі за кошт новых тэхналогій і якаснага выканання сваіх абавязкаў.
К. СОСНА,
кіраўнік літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *