Горкі ўспамін пра вайну Раісы Пятроўны Баршчэўскай

Актуальное

timthumb.phpШматпакутная беларуская зямля, яе народ, якія зведалі жахі Вялікай Айчыннай вайны, і сёння напамінае нам пра той час, калі гітлераўскія захопнікі вераломна напалі на нашу краіну, каб усталяваць тут свой “парадак”. Да цяперашняй пары ў лясах, балотах, на палетках знаходзяць неўзарваныя снарады, рэшткі зброі. Несуцешным болем жывуць у сэрцах відавочцаў трагічныя падзеі 1941—1945 гадоў, пра якія немагчыма і нельга забыць.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Раісе Пятроўне Баршчэўскай (у дзявоцтве — Райчонак) было толькі пяць годзікаў. Але яна і сёння памятае, калі ў іхняй вёсцы Сямёнавічы з’явіліся немцы. Карнікі рабавалі хаты, з хлявоў выганялі і забіралі сабе курэй, гусей, свіней, кароў — усё ішло на патрэбы захопнікаў. Аднойчы па загадзе нямецкага камандавання насельніцтва вёскі спешным ходам сабралі на конскія падводы і накіравалі ў Шаркаўшчыну. Тут, каля цяперашняга будынка райвыканкама, размяшчаўся зборны пункт па адпраўцы людзей на прымусовыя работы ў Германію. Нямецкія афіцэры нават не прынялі да ўвагі, што маленькай Раісе ішоў толькі сёмы год жыцця. Яе разам з маці Феняй Юльянаўнай сярод іншых адправілі на аўтамашынах спачатку ў Глыбокае, а затым у фашысцкую Германію.
Канцавым прыпынкам стаў горад Кведлінбург. Людзей рассялілі па бараках з двух’яруснымі ложкамі. Дарослыя працавалі на заводзе па вытворчасці ваеннага ўзбраення, а маленькія дзеці, тым часам, стараліся хоць як-небудзь здабыць для сябе і для сваіх родных харчаванне.
— Добра памятаю той выпадак, калі я папрасіла дазволу нямецкага гаспадара — уласніка бульбянога палетка — узяць тачку і сабраць крышачку клубняў, якія яшчэ маглі застацца на выкапаным агародзе, — расказвае Раіса Пятроўна. — Шчасце маіх родных было бязмежным: вярнуўшыся з працы, мама, дзядзька Пётр з жонкай Гіленай убачылі поўную шафу сабраных клубняў, а сама я для іх напякла на чыгунным лісце без солі і жыру бульбяныя бліны, калі можна было гэта назваць блінамі. Так наша сям’я ў той дзень павячэрала.
На чужыне Раісе і яе родным давялося быць ажно да 1945 года, калі іх вызвалілі войскі саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Амерыканскія салдаты з захопленых у немцаў харчовых складоў, раздавалі тушонку, крупы, іншыя прадукты. Праз некаторы час, пасля правядзення адпаведных працэдур, былых остарбайтэраў адправілі на тэрыторыю, дзе знаходзіліся войскі Чырвонай арміі. Адтуль дарога дадому склала яшчэ многа дзён.
Родныя мясціны сустрэлі сваіх жыхароў спаленымі і разрабаванымі хатамі, галечай і нястачай аднавяскоўцаў. Але трэба было вяртацца да мірнага жыцця, паднімаць з кален разбуранаю вайной гаспадарку. Яшчэ шмат жыццёвых выпрабаванняў прыпадносіў лёс на долю Раісы Пятроўны. Давялося ў свой час разам з мужам Геронціем пажыць і ў далёкай Сібіры, і ў Прыбалтыцы. З 1991 года яна пражывае ў Шаркаўшчыне. Зусім нядаўна Раіса Пятроўна адзначыла свой дзень нараджэння. Жанчыну павіншавалі родныя, сябры і знаёмыя, аднавяскоўцы — былыя жыхары Сямёнавіч. Мы таксама далучаемся да віншаванняў і жадаем Раісе Пятроўне доўгіх год жыцця, моцнага здароўя, сілы духу, надалей заставацца такой жа аптымісткай, з радасцю і цеплынёй сустракаць на парозе сваёй кватэры жаданых і чаканых гасцей.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *