Пра вучобу ў Глыбоцкім дзяржаўным прафесіянальным ліцэі расказвае яго навучэнец Аляксандр Зуеў

Актуальное

363У нашым рэгіёне прафесіянальна-тэхнічную сярэднюю адукацыю можна атрымаць у Глыбоцкім дзяржаўным прафесіянальным ліцэі, які вядомы сваімі даўнімі традыцыямі. Пра сваю навучальную ўстанову і вучобу расказаў навучэнец трэцяга курса Аляксандр Зуеў:
— Калі заканчваў дзевяты клас, я адчуваў сябе ўжо дарослым, і мяне хвалявалі пытанні: што рабіць далей, якую выбраць прафесію? Тэхнікай цікавіўся з дзіцячых гадоў, таму і вырашыў пайсці вучыцца ва ўстанову адукацыі “Глыбоцкі дзяржаўны прафесіянальны ліцэй”. І ніколькі не шкадую. Навучаюся на трэцім курсе, атрымліваю веды па кваліфікацыях слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыста-машыніста сельгасвытворчасці, вадзіцеля аўтамабіля.
Для нас, навучэнцаў, створаны добрыя ўмовы для атрымання агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі і неабходных навыкаў па прафесіі.
Гэта бясплатнае аднаразовае харчаванне, камп’ютэрны клас, абсталяваныя вучэбныя кабінеты, лабараторыі і майстэрні, спартыўная зала і стадыён, інтэрнат, бібліятэка, цікавыя гурткі і спартыўныя секцыі. За апошнія гады вучэбна-матэрыяльная база ліцэя значна павялічылася новай сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікай.
Дарэчы, у мінулым годзе наш ліцэй адзначыў 60-гадовы юбілей. За час яго існавання выпушчана больш за 30 тысяч выпускнікоў, якія працуюць на палях і фермах раёнаў вобласці, галоўнымі спецыялістамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый.
У выпускнікоў ліцэя ёсць перспектывы для далейшага навучання. Многія навучэнцы паступаюць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Калі сумленна выконваць усе патрабаванні, мець добрыя адзнакі, то па бесперапыннай прафесійнай адукацыі можна паступіць на скарочаны курс навучання ў каледж, а потым у ВНУ. Нашы былыя выпускнікі — студэнты розных навучальных устаноў — будучыя інжынеры, аграномы, ветурачы, таваразнаўцы, майстры вытворчага навучання, афіцэры, супрацоўнікі МУС, МНС. Іх аб’ядноўвае адно — дарогу ў жыццё ім даў наш ліцэй і яго сапраўдныя прафесіяналы — выкладчыкі, майстры вытворчага навучання. Нашы ліцэісты з’яўляюцца частымі пераможцамі абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства па кваліфікацыях “трактарыст”, розных абласных і рэспубліканскіх выстаў тэхнічнай творчасці, аглядаў мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтваў. На працягу некалькіх год ліцэй з’яўляецца пераможцам раённай спартакіяды. Дасягнула добрых вынікаў наша каманда па міні-футболе.
Зараз мы зноў рыхтуемся да ўдзелу ў агульналіцэйскіх спаборніцтвах прафесійнага майстэрства і рады, што з падтрымкай педагогаў раскрываюцца нашы таленты, здольнасці, а таксама ператвараюцца ў жыццё надзеі на тое, што мы чагосьці варты, прынясём карысць сабе і людзям, не згубімся на імклівай жыццёвай дарозе. Мне падабаецца ў ліцэі тое, што тут шмат зроблена па добраўпарадкаванні тэрыторыі. І яшчэ тое, што нас паважаюць і цэняць, клапоцяцца пра тое, каб мы выраслі сумленнымі людзьмі, любілі родную зямлю і навучыліся гаспадарыць на ёй.
Для тых, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам прафесіі, навучальнай установы, магу смела параіць ісці ў наш ліцэй, каб атрымаць сярэднюю адукацыю і спецыяльнасць слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцеля аўтамабіля, муляра, агародніка, повара, прадаўца, кветкавода. Лічу, што не пашкадуеце і, як я, будзеце ўдзячны лёсу, што не абмінулі гэтай адукацыйнай установы.
Падрыхтаваў Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *