Справаздачны сход па выніках працы за 2014 год у Шаркаўшчынскім ПМС

Актуальное

Э. М. Герасіменка віншуе В. Б. Даргеля
Э. М. Герасіменка віншуе В. Б. Даргеля

Галоўнай задачай прадпрыемства меліярацыйных сістэм з’яўляецца гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на будаўніцтва і ўтрыманне меліярацыйнай сеткі ў спраўным стане, атрыманне прыбытку для задавальнення сацыяльна-эканамічных інтарэсаў арганізацыі. Значны аб’ем работы ў дадзеным накірунку быў зроблены працоўным калектывам Шаркаўшчынскага ПМС у мінулым годзе.
Нядаўна тут адбыўся справаздачны сход па выніках працы за 2014 год. З асноўным дакладам выступіў дырэктар прадпрыемства Анатолій Сямёнавіч Дзіковіч:
— Актыўны меліярацыйны фонд сельгасугоддзяў па раёне складае 55.600 гектараў, плошча меліяраваных зямель — 43.709 гектараў, — паведаміў кіраўнік арганізацыі. — У асноўным меліярацыйныя сістэмы раёна — капіталаёмістыя. Працягласць закрытага дрэнажу складае 25.000 км, адкрытых каналаў — 1.278 км. Маецца таксама 84 кіламетры аўтадарог, 3 сажалкі і вадасховішчы, вялікае мноства дробных гідратэхнічных збудаванняў, якія ўвесь час трэба падтрымліваць у рабочым стане.
У мінулым годзе прадпрыемствам забяспечана выкананне аб’ему падрадных работ на суму 15 мільярдаў 898 мільёнаў рублёў. Выкананы работы па рэканструкцыі меліярацыйных сістэм на плошчы 525 гектараў. З іх у ААТ “Даватарскі” — 153 гектары, ААТ “Ельня-Агра” — 189 гектараў. 185 гектараў рэканструявана на тэрыторыі Гарадоцкага раёна.
З чэрвеня па кастрычнік мінулага года вялося будаўніцтва лесагаспадарчай дарогі № 13 ДЛГУ “Дзісненскі лясгас” працягласцю пяць з паловай кіламетраў. Аб’ект быў уведзены датэрмінова і з добрай якасцю. Заўваг з боку Дзяржбуднагляду не было. Калектыў таксама займаўся падрыхтоўкай палёў для здабычы торфу на аб’екце Скураты. Значны аб’ем работ меліяратары выканалі па дэмантажы трубаправода “Дзісна-Вілейка” на тэрыторыі Глыбоцкага, Докшыцкага і Маладзечанскага раёнаў. Усяго дэманціравана амаль 48 кіламетраў невыкарыстоўваемага трубаправода. У кастрычніку-лістападзе выконваліся работы па будаўніцтве аб’екта “Рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы “Карынка” у ААТ “Буеўшчына”.
У мінулым годзе атрыманы атэстаты адпаведнасці на права вядзення будаўніцтва аб’ектаў 1-4 класаў складанасці, якія ўключаюць у сябе 14 відаў работ і атэстат адпаведнасці на права здзяйснення функцый генеральнага падрадчыка. Маецца ў наяўнасці ліцэнзія на ахоўную дзейнасць. Улічваючы тое, што ацяпленне службовых і вытворчых памяшканняў прадпрыемства ажыццяўляецца пры дапамозе ўласнай кацельні, пераведзенай на мясцовыя віды паліва, удалося зэканоміць значныя грашовыя сродкі.
Для атрымання дадатковых фінансавых паступленняў арганізацыяй заключаны дамоўленасці на пастаўку пілет з прыватным прадпрыемствам “Камплект-М”, на арэнду бульдозераў, экскаватараў і грузавых аўтамабіляў — з дарожна-будаўнічымі арганізацыямі. Ідзе нарыхтоўка дроў і рэалізацыя іх УКП ЖКГ і насельніцтву. Акрамя таго выконваюцца работы па аказанні паслуг механічных майстэрняў, рэалізацыі абрэзкаў піламатэрыялаў і нарыхтоўцы драўніны для ДЛГУ “Дзісненскі лясгас”.
У рабоце справаздачнага сходу прынялі ўдзел і выступілі генеральны дырэктар КУП “Віцебскмеліяводгас” Эдуард Мікалаевіч Герасіменка і старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч. Э. М. Герасіменка ўручыў Ганаровую грамату КУП “Віцебскмеліяводгас” за шматгадовую добрасумленную працу трактарысту Венядзікту Бярнардавічу Даргелю.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *