Цёплыя пагодныя дні сёлетняй ранняй вясны спяшаюцца скарыстаць вясковыя хлебаробы, каб своечасова ўнесці ў глебу патрэбныя ўдабрэнні, распачаць іншыя віды работ на палетках. Як паведамляла наша газета, першымі ў раёне распачалі яравую сяўбу ў КУВСП “Гарадзец”. Яно і зразумела, бо землі тут у сваёй большасці пясчаныя.
25 сакавіка мы накіраваліся ў адкрытае акцыянернае таварыства “Княж”, дзе таксама паступова пачынаюцца вясенне-палявыя работы. У механічных майстэрнях і каля іх бойка ішоў рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі. А ва ўрочышчы Мажынскі, каля вёскі Навасельцы, агрэгатам “Раса” ўносілася карбаміда-аміячная сумесь (КАС) на азімую пшаніцу.
— На сённяшні дзень КАС унесены на плошчы 100 гектараў, — паведаміла нам брыгадзір сельгаспрадпрыемства Антаніна Мяцеліца, якая знаходзілася побач з тэхнікай на полі. — У далейшым трэба будзе падкарміць яшчэ 700 гектараў азімай пшаніцы і 200 гектараў азімага рапсу. Дарэчы, пшаніца і рапс пасля зімоўкі выйшлі непашкоджанымі, спадзяёмся, што і ўраджай з іх будзе добры.
Тым часам пад чарговую запраўку КАСам на “Расе” пад’ехаў Вячаслаў Аніськовіч. Пакуль механізатар Анатолій Андзілеўка і запраўшчык-шланжыст Мар’ян Шульга напаўнялі вадкім удабрэннем шасцісотлітровы бак, мы пагутарылі з Вячаславам.
— На “Расе” я працую пяты сезон, — кажа механізатар, — працы на агрэгаце хапае і вясной, і летам, і восенню. Падкормка і хімпраполка пасеваў — найважнейшы тэхналагічны прыём для атрымання добрага ўраджаю. “Раса” дазваляе выканаць гэтыя аграпрыёмы своечасова, бо дзякуючы сваім тэхнічным характарыстыкам без лішніх праблем агрэгат перамяшчаецца па пераўвільготненых палетках. На ім устаноўлены японскі рухавік, ён вельмі эканомны і спажывае мала паліва. Хадавая частка зроблена на базе аўтамабіля “Ніва”. Па полі рухаюся з дапамогай навігатара, які дазваляе арыентавацца на пройдзеным участку. Важным момантам пры ўнясенні КАСу з’яўляецца захаванне хуткаснага рэжыму — не больш 14 кіламетраў у гадзіну. Тады і якасць работы будзе на належным узроўні, і дэталі канструкцый агрэгата не будуць выходзіць са строю.
Заправіўшы бак удабрэннем, Вячаслаў рушыў уносіць яго пад будучы ўраджай, які па ўсіх сёлетніх прыкметах абяцае быць багатым.
Сяргей РАЙЧОНАК.

