Украінцы з Горлаўкі знайшлі выратаванне ад небяспекі ў нашым гарадскім пасёлку

Актуальное

Сям’я Мельнік, Уладзімір Калтакоў, Юлія Кляйко
Сям’я Мельнік, Уладзімір Калтакоў, Юлія Кляйко

Нядаўна ў Шаркаўшчыне з’явіліся новыя жыхары: украінская сям’я Мельнік, разам з Уладзімірам Калтаковым і Юляй Кляйко. Вырашыцца на такі нялёгкі крок, як перамена месца жыхарства, іх вымусілі жыццёвыя абставіны. Калі ў родным горадзе Горлаўка, што ў Данецкай вобласці, у сувязі з ваеннымі дзеяннямі стала зусім “горача”, Мельнікі пакінулі свой дом і фактычна без нічога накіраваліся на чужыну.
— Пры абмеркаванні магчымых варыянтаў, — ўзгадвае Вікторыя Мельнік, — мы выбралі Шаркаўшчынскі раён, дзе дырэктар КУВСП імя Маркава Багуслаў Паўлоўскі прапанаваў нам працу ў сельгаспрадпрыемстве. Размясціліся мы ў былым будынку дзіцячага садка па вуліцы 17 верасня. Рашэнне аб ад’езде, шчыра кажучы, было вельмі складаным, балючым. У нас была свая кватэра з сучаснай мэбляй, рамонтам. Вельмі цяжка было пакінуць тое, што было нажыта нялёгкай працай.
— Спачатку чакалі, што ўсё наладзіцца, — гаворыць сын Віталій Мельнік, — але жыццё ў Горлаўцы станавілася ўсё больш небяспечным, на вуліцах з’явіліся блок-пасты, пачала ездзіць бронетэхніка, танкі, у небе з’явіліся ваенныя самалёты.
Маці Вікторыя хвалявалася ў першую чаргу за жыцці дзяцей, якія ўбачылі сапраўдную вайну не з кніжак і фільмаў, а ў рэальнасці. Успамінаючы пра гэта, яна не можа стрымаць слёз. У пачатку лютага, яны прыехалі ў Шаркаўшчыну. Тут неабыякавыя да чужой бяды людзі дапамагалі хто чым мог: прадуктамі, грашовымі сродкамі, прыносілі адзенне, абутак, гігіенічныя сродкі. КУВСП імя Маркава дапамагло ў рамонце печак у жылым доме, забяспечыла дровамі, брыкетам, былі прывезены халадзільнік, тэлевізар, сям’ю забяспечылі працай.
Вікторыя Мельнік і яе сям’я вельмі ўдзячныя шаркаўчанам за аказаную дапамогу і падтрымку.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *