Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2006 года № 28 штогод праходзіць рэспубліканскі конкурс на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку ў перыядычных друкаваных выданнях. Больш падрабязна пра гэта расказвае галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пётр Усцінаў:
— Конкурс праходзіць у намінацыі “Наш агульны дом”, у якой прадстаўляюцца нарысы, артыкулы, рэпартажы, замалёўкі пра беражлівыя адносіны да прыроды, навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне тэрыторый населеных пунктаў і іншыя матэрыялы па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
Па ўмовах, канкурсанты падзелены на катэгорыі: “навучэнцы”, “аматары” і “прафесіяналы”. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца работы, апублікаваныя ў перыядычных выданнях у перыяд з 15 мая мінулага года па 15 мая 2015 года. Першы конкурсны этап пройдзе з 15 мая па 15 ліпеня бягучага года, дзе журы вызначыць лепшыя работы на абласным узроўні. Другі этап адбудзецца з 16 ліпеня па 5 жніўня. Тут на рэспубліканскім узроўні вызначаць лепшыя работы, якія занялі першае, другое і трэцяе месцы на першым этапе.
Жадаючыя прыняць удзел у конкурсе, у тэрмін да 15 мая 2015 года павінны накіраваць свае работы ў Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (г. Віцебск, вул. Праўды, 26А) з паметкай “На рэспубліканскі конкурс на лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку”.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.
