З 16 па 18 красавіка ў Оршы праходзіў 4-ы Міжнародны эканамічны форум і 5-ы рэспубліканскі выстава-кірмаш “Аршанскія традыцыі”. На адкрыцці форума прысутнічалі парламентарыі краіны, супрацоўнікі замежных пасольстваў у Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі дзелавых колаў замежжа. Старшыня Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі, прывітаўшы ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, зазначыў, што на Віцебшчыне наладжаны партнёрскія адносіны са шматлікімі рэгіёнамі дзяржаў бліжняга і дальняга замежжа, якія зараз супрацоўнічаюць у эканамічнай, культурнай, адукацыйнай, медыцынскай і іншых сферах дзейнасці.
У межах Міжнароднага эканамічнага форума адбылася таксама 3-я сустрэча гарадоў-пабрацімаў і партнёраў краін Беларусі і Латвіі. У рабоце дадзенага мерапрыемства прыняла ўдзел дэлегацыя нашага раёна ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскага, намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Арэшкавай і галоўнага спецыяліста аддзела эканомікі райвыканкама Т. І. Мечаль.
16 мая 2013 года паміж кіраўніцтвам гарадскога пасёлка Шаркаўшчына і латвійскага горада Зілупэ быў падпісаны дагавор аб парадненні. Двухбаковы дакумент прадугледжвае сабой садзейнічанне развіццю і паглыбленню адносін паміж грамадзянамі Беларусі і Латвіі. Ён прызваны спрыяць пашырэнню ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва. Сустрэча гарадоў-пабрацімаў і партнёраў Беларусі і Латвіі ў Оршы адбылася з удзелам дэлегацый нашага раёна і горада Зілупэ, падчас яго былі абмеркаваны шматлікія пытанні па абмене вопытам, напрацоўкамі ў розных галінах дзейнасці, акрэслены планы ў межах далейшага супрацоўніцтва.
18 красавіка дэлегацыя прадстаўнікоў улады горада Зілупэ наведала наш гарадскі пасёлак. Замежным гасцям была прапанавана аглядная экскурсія па райцэнтры. У прыватнасці, наведалі цэнтральную раённую бальніцу, дзе гасцям з Латвіі прадэманстравалі сучаснае медыцынскае абсталяванне, якім аснашчана ўстанова аховы здароўя, расказалі пра паслугі ЦРБ, якія атрымоўваюць не толькі шаркаўчане, але і жыхары суседніх раёнаў нашай вобласці. Суседзі з Прыбалтыкі цікавіліся таксама развіццём сельскай гаспадаркі ў рэгіёне, жыццём і працай жыхароў сельскай мясцовасці.
Дэлегацыя горада Зілупэ вельмі ўдзячна за цёплы прыём на шаркаўшчынскай зямлі. У хуткім часе, як паведамілі латвійскія сябры, на пасяджэнні краёвай думы будуць разгледжаны пытанні пра далейшае супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі Шаркаўшчынай і Зілупэ.
Сяргей РАЙЧОНАК.
