У нашым абласным цэнтры пражывае Мар’ян Міхайлавіч Даргель, які нарадзіўся і вырас у вёсцы Більдзюгі. Віцяблянін знаёмы нашаму чытачу, бо неаднаразова дасылаў у рэдакцыю для публікацыі ўласныя вершы. У чарговым сваім лісце наш зямляк дзеліцца ўспамінамі пра сваіх бацькоў.
— Мае тата і мама — Міхаіл Іванавіч і Франя Адамаўна Даргелі — у час Вялікай Айчыннай вайны жылі ў Більдзюгах, працавалі, як і ўсе сяляне, на зямлі. Тата не быў своечасова мабілізаваны на фронт з-за таго, што нямецка-фашысцкія захопнікі вельмі хутка наступалі на тэрыторыю савецкай Беларусі. У часы акупацыі немцы не дабаўлялі і не змяншалі зямельныя надзелы, якія сяляне мелі пры Польшчы. Як казалі бацькі, даводзілася карміць і ворага, і партызан з Замошскіх лясоў.
26 верасня 1943 года маю маму разам з іншымі аднавяскоўцамі гітлераўцы вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Яна прыгадвала, што нягледзячы на цяжкую, непасільную працу на заводзе па выпуску ўзбраення ў горадзе Васарафлігене і нечалавечыя адносіны з боку вайскоўцаў, былі і сумленныя немцы, якія, рызыкуючы жыццём, прыносілі савецкім палонным харчаванне. У 1945 годзе іх вызвалілі амерыканцы, мама вярнулася на Радзіму. З прыходам савецкіх войск на тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 1944 годзе прызвалі ў войска тату. Ваяваў ён разам з родным братам Мечыславам і стрыечным — Адольфам.
Пасля вайны мама працавала ў калгасе, а тата на вытворчым камбінаце па перапрацоўцы садавіны і гародніны ў Новым Пагосце на Міёршчыне, пазней — калгасным вартаўніком. У 1958 годзе тата прастудзіўся і моцна захварэў, а праз два гады, на жаль, яго не стала. Маці засталася адна гадаваць нас з братам. На той час мне было 13 год, а брату Юру — 4.
Па невядомых прычынах прозвішчы маіх бацькоў не былі ўключаны ў кнігу “Памяць” Шаркаўшчынскага раёна, як, напрыклад, узгаданыя прозвішчы братоў таты — Мечыслава і Адольфа ў аналагічным выданні Міёрскага раёна.
Мой жыццёвы шлях з сярэдзіны 60-х гадоў да 1986 года быў звязаны з Міёршчынай. Зараз я жыву ў Віцебску, знаходжуся на заслужаным адпачынку. Для душы пішу вершы. У 2010 годзе ў друку выйшла мая паэма “Віцябляне пад Грунвальдам”. Адзін з апошніх сваіх твораў я адрасую чытачам газеты “Кліч Радзімы” і сваім землякам з Шаркаўшчынскага раёна.
Балада пра Свяшчэнны агонь
Як у час легендарны пад дубам Пяруна,
Свяшчэнны агонь безупынна гарыць.
То нацыі сіла, нам усім напамін,
І пакуль ён гарыць — будзе нацыя жыць!
Прыслухайся сэрцам, чуллівай душою,
Як полымя шэпча малітву без слоў
За тых, хто загінуў, у бяссмерце пайшоў,
За дзетак нявінных, замучаных удоў.
Хто паў за Радзіму смерцю героя,
Хто недзе ляжыць у невядомай зямлі,
За мсціўцаў лясных, нескароных з падполля,
Ахвяраў Хатыні, згарэўшых у агні.
Край працавіты, талентам надзелены,
Сквапным чужынцам прывабны заўжды.
Мінулае наша — пажары ды войны —
Прайшла ты, старонка, пад знакам бяды.
Гары, не згасай, наш сімвал свяшчэнны,
Гераічным мінулым кліч напярод,
Каб моладзь наш край узвяла ў рад пачэсны,
Годны якога беларускі народ!
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.
