Роўна праз тыдзень пасля таго, як шаркаўшчынскія турысты пакінулі месца правядзення раённага турзлёту ў вёсцы Барсукі, аб’яднаная каманда прыхільнікаў актыўнага, здаровага ладу жыцця накіравалася на Полаччыну для ўдзелу ў абласным турыстычным злёце, прысвечаным 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Году моладзі.
Перш, чым трапіць на месца правядзення спаборніцтваў, на цэнтральнай плошчы горада Полацка ўдзельнікаў пад час пастраення віталі арганізатары турыстычнага злёту. Пасля прадстаўнікі каманд усклалі кветкі і вянкі да помніка воінам-вызваліцелям Полацка.
І вось арганізаванай калонай 21 аўтобус з турыстамі рушыў на маляўнічыя берагі возера Суя, каб паспрачацца паміж сабой у спартыўных і інтэлектуальных этапах турзлёту. Папярэдне выбраўшы месца для размяшчэння палатачнага лагера, кожны хуценька ўзяўся за справу: ставілі палаткі, рыдлёўкамі капалі тэхнічныя ямы, рыхтавалі дровы для начнога вогнішча, праводзілі электракабелі. Крыху падсілкаваўшыся смачна прыгатаванымі стравамі, спартсмены прыняліся за размінку. Адны вязалі вузлы, рыхтаваліся да этапа па турысцка-прыкладному мнагаборству, іншыя перагортвалі вучэбную літаратуру, шукаючы адказы на пытанні краязнаўчай віктарыны, хтосьці праводзіў апошнія рэпетыцыі перад “художкай”.
Дарэчы, першым выпрабаваннем арганізатары і аб’явілі конкурс мастацкай самадзейнасці. Шаркаўчане вынеслі на суд журы і прагляд гледачоў гумарыстычную пастаноўку, у якой паказалі, што толькі актыўны занятак спортам і турызмам павінен з’яўляцца неад’емнай часткай жыцця сучаснага чалавека. У “художцы” мы аказаліся ў “залатой сярэдзіне”, заняўшы адзінаццатае месца. Памылкі, якія заўважалі і журы, і сама каманда, былі відавочныя: у такім конкурсе патрэбна больш крэатыву і гумару, тады і вынік будзе адпаведны.
Турзлёт, як вядома, гэта не толькі напружаныя спаборніцтвы, але і адпачынак. А ў нашай камандзе ён праходзіў і сапраўды па-турысцку. На ўваходзе ў лагер зіхацелі гірлянды ў форме яблынь. Усе жадаючыя маглі пачаставаць сікораўскі яблык, адказаўшы на пытанне па спартыўнай тэматыцы. Хто з нашых гасцей скарыстоўваў гэту магчымасць, таго мы запрашалі на Яблычны фестываль у Шаркаўшчыну. Зварыўшы смачную юшку, прыгатаваўшы на мангале духмяны шашлык, усе дружна селі вакол вялікага вогнішча, прыгадвалі мінулагоднія турзлёты, спявалі песні. А познім вечарам была магчымасць трапіць на дыскатэку, якую тут ладзілі работнікі культуры Полацкага раёна.
Наступны дзень стаў самым напружаным, бо ў ім было найбольш конкурсных выпрабаванняў. Нядрэнны вынік паказаў наш “байдарачны тандэм” у складзе Людмілы Рагачэўскай і Паўла Ставіцкага ў тэхніцы воднага турызму. Вопыт Людмілы і спрыт Паўла прынеслі камандзе дзявятае месца. На жаль, не ўсё гладка ішло ў шаркаўчан на этапе па спартыўным арыентаванні, дзе мы аказаліся на васямнаццатай пазіцыі. У спаборніцтвах па тэхніцы горна-пешаходнага турызму сталі чатырнаццатымі. Па словах капітана каманды Ігара Іванова, і з гэтым усе згадзіліся, цяжка было спрачацца нашым спартсменам на роўных з кандыдатамі і майстрамі спорту, якія былі ў саставах каманд-сапернікаў. У іх і вопыт вялікі, і вялікія магчымасці для частых трэніровак і спартыўных збораў.
Парадаваць сваю каманду атрымалася ў Кацярыны Шыман і Ягора Дарашчонка. У тэхніцы велатурызму яны занялі пятае месца. І гэта нават нягледзячы на тое, што веласіпеды ўвесь час ламаліся, але прага да высокага месца адыграла сваю станоўчую ролю.
Пакуль іншыя спрачаліся на спартыўных этапах з сапернікамі, на працягу двух дзён Яўгеній Ліпскі і Аляксей Краўчанка працавалі над выпускам тэматычнай газеты. Але чамусьці іх карпатлівая мастацкая работа не была ацэнена высокімі баламі судзейскай брыгады. У выніку турыстычная газета шаркаўчан заняла шостае месца.
Тым не менш, не ўсё аказалася так дрэнна. Па выніках краязнаўчай віктарыны, праведзенай на раённым турзлёце, Ігар Іваноў адабраў на вобласць лепшых прадстаўнікоў, якія набралі найбольшую колькасць балаў. І вось дзякуючы Анне Суднік, Сямёну Фаміну, Віктару Морхату і Ядвізе Балай мы заслужана атрымалі “серабро” ў краязнаўчай віктарыне. Радасць за нашах таварышаў была бязмежнай.
Не вельмі даўно ў праграму абласнога і раённага турзлётаў уведзены этап “жартоўная паласа перашкод”. А ўключае ён у сябе перамяшчэнне на хадулях, кідок бацінкам па бутылках і кідок на арэлях у зададзеную кропку, чахарду і шмат іншых элементаў. У выніку атрымоўваецца вельмі жартоўны конкурс. Але адзнакі журы ў ім, тым не менш, сапраўдныя, і наша каманда стала на гэтым этапе трынаццатай.
На працягу ўсяго турыстычнага злёту арганізатарамі праводзіўся конкурс навыкаў і быту. Суддзі перыядычна прыходзілі ў лагер, пільна сачылі за парадкам і санітарным станам тэрыторыі. Нельга было парушаць ніводзін пункт патрабаванняў, бо любое адхіленне магло прынесці штрафныя балы. Але на тое мы і каманда, каб разам, адным калектывам дасягаць станоўчых вынікаў і поспехаў. У гэтым выпрабаванні мы сталі першымі.
Наогул жа, па выніках усіх этапаў турзлёту шаркаўчане занялі 11 месца сярод 21 каманды. Перамогу атрымалі гаспадары — Полацкі раён, другімі сталі аршанскія турысты, “бронзу” павезлі з сабой спартсмены Віцебскага раёна. І хоць 11 месца не вельмі высокае, але ж яно было заваявана намі ў сумленнай спартыўнай барацьбе, а гэта таксама немалаважна для кожнага з нас.
Вялікую дапамогу ў матэрыяльным забеспячэнні каманды аказалі 16 прадпрыемстваў і арганізацый гарадскога пасёлка і раёна. Асобную ўдзячнасць выказваем кіраўніцтву райвыканкама і асабіста яго старшыні Мікалаю Ірынархавічу Баговічу, дырэктару ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс” Аляксандру Леанідавічу Вароне, выконваючаму абавязкі дырэктара кансервавага завода Сяргею Мікалаевічу Макаранку і іншым кіраўнікам арганізацый. Усе члены каманды кажуць шчырае “дзякуй” за смачныя, апетытныя стравы, якія за час турзлёту для нашах спартсменаў хутка і з густам гатавалі повары Аксана Рымшонак, Алена Кукуць і Юлія Сайкоўская.
Наступны турыстычны злёт адбудзецца роўна праз год, але час бяжыць вельмі імкліва. Таму ўся каманда шаркаўшчынскіх турыстаў ужо сёння рыхтуецца да спартыўных спаборніцтваў абласнога ўзроўню, каб заняць прызавыя месцы і ўрэшце стаць пераможцай, як гэта ўжо было ў 2011 годзе. Будзем верыць у поспех і свае сілы.
На абласным турыстычным злёце ў якасці каменданта каманды і карэспандэнта пабываў Сяргей РАЙЧОНАК.