У кожным раёне Віцебскай вобласці ёсць свае адметныя святы і фестывалі. Наша Шаркаўшчына таксама ў гэтым плане не выключэнне. Шмат год запар у канцы чэрвеня ў парку сельгастэхнікі гарадскога пасёлка ладзіцца раённы фестываль “Прыдзісненскія крыніцы”. На свяце ўшаноўваюцца працаўнікі сяла, моладзь, выступаюць лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Сёлетні фестываль адбыўся ў мінулую нядзелю, 28 чэрвеня.
Святочныя ўрачыстасці пачаліся ў 11 гадзін, калі выстраенай калонай, са сцягамі, транспарантамі, паветранымі шарамі і рознакаляровымі стужкамі ад плошчы Леніна ў парк сельгастэхнікі рушылі прадстаўнікі працоўных калектываў гарадскога пасёлка і раёна. Шматлюднае шэсце, у якім усе ішлі з усмешкамі на тварах, вітала сустрэчных гараджан на цэнтральных вуліцах Шаркаўшчыны, дорачы кожнаму бадзёры настрой.
У парку гасцей сустрэлі гандлёвыя рады, дзе ўсім прапаноўвалі тавары на самы розны густ: ад салодкіх прысмакаў да харчовых прадуктаў і разнастайнай сувенірнай прадукцыі. “Дзіцячы кірмаш” запрашаў наведаць паветраныя атракцыёны, пакатацца на катамаранах, пагуляць у латарэю. У дарослых і дзяцей была магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе па лове маленькіх рыбак. У вялікім чоўне, напоўненым вадой, за адну хвіліну ўдзельнікі рукамі хапалі насельнікаў вадаёмаў і атрымоўвалі за гэта прыз. Шчырасць, гасціннасць і ветлівасць душы шаркаўчан заўсёды была і застаецца адметнай. Як доказ таму выстава падворкаў сельскіх Саветаў, дзе гасцей сустракалі гаспадары музыкай і песнямі, запрашалі пакаштаваць стравы беларускай нацыянальнай кухні.
Загучалі фанфары, і вядучыя са сцэны аб’явілі пра ўрачыстае адкрыццё фестывалю “Прыдзісненскія крыніцы”. З прывітальным словам да шаркаўчан і гасцей свята звярнуўся старшыня райвыканкама М. І. Баговіч. Мікалай Ірынархавіч павіншаваў землякоў са святам, пажадаў ім выдатнага настрою і прыемнага адпачынку.
На фестывалі штогод узнагароджваюцца старэйшыя жыхары райцэнтра, маленькія дзеці і іх бацькі, сем’і-юбіляры. Не стала выключэннем і сёлетняе мерапрыемства, на якім кіраўнік раёна ўручыў такім людзям узнагароды. “Прыдзісненскія крыніцы” сталі выдатнай нагодай для ўручэння ордэна Маці жыхарцы аграгарадка Лужкі Алене Генадзьеўне Багамолавай. Жанчына нарадзіла і выхоўвае пяць дзяцей — чатырох сыноў і дачку. Мікалай Ірынархавіч узнагародзіў Алену Генадзьеўну і пажадаў ёй моцнага здароўя.
Працоўныя рукі вяскоўцаў ніколі не ведаюць стомы. Кіраўнікі і спецыялісты сярэднягя звяна, жывёлаводы і механізатары, аператары машыннага даення і паляводы — гэта людзі, ад якіх залежаць харчовая бяспека краіны і дабрабыт кожнага яе жыхара. Па даўняй традыцыі перадавікі сельгасвытворчасці, якія вызначыліся падчас пасяўной кампаніі, атрымалі з рук старшыні райвыканкама Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі, а таксама каштоўныя падарункі, якія прадаставіла таварыства з абмежаванай адказнасцю “Marko”.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін узнагародзіў каштоўнымі падарункамі працоўныя дынастыі шаркаўчан — тых людзей, якія пакаленнямі працавалі і зараз шчыруюць дзеля дабрабыту роднага краю.
Вялікая ўвага раённай уладай надаецца рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, бо моладзь — будучыня шаркаўшчынскага краю. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Афанасьевіч Іваноў павіншаваў прадстаўнікоў маладога пакалення шаркаўчан з Днём моладзі, які адзначаўся 28 чэрвеня. А лепшым з іх, якія дасягнулі поспехаў і былі актыўнымі ў розных сферах жыцця раёна ў 2014 годзе Ігар Афанасьевіч уручыў узнагароды (больш падрабязна пра гэта чытайце ў наступным нумары).
Святочны настрой гледачам сваімі музычнымі, танцавальнымі і песеннымі нумарамі стваралі лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці гарадскога пасёлка і раёна, а таксама духавы аркестр Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў. Бурныя апладысменты гледачоў гучалі для народнага хора “Спадчына”, работнікаў Германавіцкага Цэнтра культуры, Лужкаўскага СДК, калектываў раённага Цэнтра культуры. Горача віталі шаркаўчане фіналістаў рэспубліканскага песеннага праекта “Новыя імёны для любімай краіны”. Сем чалавек дарылі шаркаўчанам свой талент, самыя лепшыя песні мінулых гадоў і рэпертуар сучасных айчынных і замежных выканаўцаў. Прыемна, што сярод артыстаў быў і наш зямляк Уладзімір Касцюкевіч.
Пасля канцэртную праграму прадоўжылі народны артыст Беларусі Эдуард Ханок і спявачка Вольга Плотнікава. А вечарам на адкрытай пляцоўцы раённага Цэнтра культуры для шаркаўчан музычныя кампазіцыі дарылі маладыя выканаўцы з абласнога цэнтра і мясцовыя спевакі. Для тых, хто з’яўляецца прыхільнікам электроннай музыкі, ды-джэй LAST DREAMER у танцавальнай зале РЦК прапановаў з густам і ў сучасным маладзёжным стылі правесці вячэрні час.
Свята атрымалася яркім, відовішчным і незабыўным. Шаркаўчане і госці нашага гарадскога пасёлка змаглі па-сапраўднаму адпачыць і атрымаць зарад пазітыўных эмоцый.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Сяргея РАЙЧОНКА, Сяргея ВЫСОЦКАГА і Алены АНАНІЧ