Далёка за межамі Беларусі славяцца Лужкі сваім гістарычным мінулым, таленавітымі людзьмі, помнікамі культуры. Вабіць і запрашае гасцей гэта зямля. У 2014 годзе тут быў устаноўлены памятны знак Эліэзэру Бэн-Егуду, грамадскаму дзеячу, мовазнаўцу, які адрадзіў старажытную яўрэйскую мову іўрыт. Шмат турыстаў прыязджаюць на малую радзіму славутага чалавека, шмат сярод іх яго суайчыннікаў. 7 ліпеня сюды наведалася турыстычнае ізраільскае агенцтва «Брыза» (перакладаецца як свежы вецер) у колькасці 29 чалавек — дактары навук, былыя рэктары ўніверсітэтаў, даследчыкі і прадпрымальнікі. Заснавальнікам і арганізатарам агенцтва з’яўляецца Офер Гафіш, а асноўная ідэя – ісці па слядах продкаў, вывучаць гісторыю свайго народа і рабіць гэта з музыкай, песнямі і добрым настроем. На тэрыторыі Беларусі іх суправаджала перакладчыца з Мінску, а на тэрыторыі нашага раёна — Ада Эльеўна Райчонак. Госці прыехалі з аптымістычным і бадзёрым настроем, узброеныя фотакамерамі і гітарамі. Першым прыпынкам быў сам помнік славутаму грамадскаму дзеячу. Гаворка ішла пра Эліэзэра Бэн-Егуду, яго біяграфію. Лужкоўская зямля – яго малая радзіма, і таму вядомая ў Ізраілі. Ада Эльеўна паведаміла гасцям, што і раней тут праходзілі канферэнцыі, прысвечаныя мовазнаўцу. На сённяшні дзень вядзецца асветніцкая дзейнасць па знаёмству мясцовых жыхароў з укладам славутага земляка ў сусветную культурную спадчыну. Пасля размовы, па даўно ўсталяванай традыцыі агенцтва, загучалі песні на іўрыце пад звон гітар. Не было тых, хто стаяў моўчкі, спявалі яны ладна і гучна, а галоўнае супольна, чым і звярнулі на сябе ўвагу мясцовых жыхароў.
Наступным аб’ектам, які звярнуў на сябе ўвагу замежных гасцей, стала сінагога пры якой дзейнічаў Хедар – яўрэйская рэлігійная пачатковая школа, дзе навучаўся Эліэзэр Бэн-Егуда. Дарога па якой яны ішлі не менш адметная, так як 7 ліпеня 1941 года яна стала апошнім шляхам для 916 яўрэяў якія былі расстраляныя ў Лужках фашыстамі. Дзіўна, што падарожжа адбылося тут менавіта ў гэты дзень, бо было гэта роўна 74 гады таму. Па прыбыцці зноў загучала мова іўрыту пад звон гітар, адчувалася, што прапітаная яна была горыччу і патрыятызмам. На жаль, у гасцей не атрымалася затрымацца болей, так як ім трэба было ехаць далей, наступным прыпынкам стала Хатынь, балючая і чорная старонка ў гісторыі беларускага народа.
Вераніка ШЫПІЛА, студэнтка філалагічнага факультэта ВДУ імя Машэрава.














