З захаваннем усіх патрэбных тэхналогій працуюць спецыялісты і работнікі малочнатаварнай фермы “Наваселле” ААТ “Агратэхсэрвіс”

Сельское хозяйство

Сямён Сямёнаў і Мар’ян Вялічка (першы рад злева направа), Ірэна Ветрыненя, Галіна Пузырэўская, Людміла Сіпко, Алена Рымдзёнак, Наталля Ясюкевіч (злева направа).
Сямён Сямёнаў і Мар’ян Вялічка (першы рад злева направа), Ірэна Ветрыненя, Галіна Пузырэўская, Людміла Сіпко, Алена Рымдзёнак, Наталля Ясюкевіч (злева направа).

Лета — перыяд года, калі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў жывёлагадоўлі дасягаюць высокіх паказчыкаў прадукцыйнасці. Асабліва гэта адносіцца да павелічэння надояў малака.
У зімова-стойлавы перыяд мы наведвалі малочнатаварную ферму “Наваселле” ААТ “Агратэхсэрвіс”, паказчыкі па надоях у якой былі самыя высокія па гаспадарцы. Вось і цяпер карэспандэнт нашай газеты вырашыў пацікавіцца, як тут ідуць справы ў гэтым накірунку, пабываўшы каля дойнага статка, які выпасваецца каля вёскі Загор’е. У час абедзеннага даення мы сустрэліся з загадчыкам фермы Людмілай Сіпко, якая нам і паведаміла пра асноўныя паказчыкі работы.
— У дадзеным гурце выпасваецца 220 кароў, — кажа спецыяліст. — Іх абслугоўваюць чатыры пастаянныя даяркі — Галіна Пузырэўская, Валянціна Рачыцкая, Алена Рымдзёнак, Наталля Ясюкевіч і адна падменная — Ірэна Ветрыненя. Самы высокі сярэдні паказчык па надоях у Валянціны Рачыцкай, ён складае 15,6 кілаграмаў малака на карову. Крыху меней у Галіны Пузырэўскай — 13,8 кг. Такі ж і сярэдні паказчык па нашай малочнатаварнай ферме. За мінулыя суткі (14 ліпеня) па ферме надоена 6170 кілаграмаў малака. Паказчык немалы, але магло быць і больш. Справа ў тым, што сёлета пагалоўе дойнага статка крыху зменшылася ў параўнанні з мінулым годам. Частка малака ідзе на выпайку цялятам. У ліпені ў гурце было 8 расцёлаў. Пасля таго, як маленькія цяляты 21 дзень пабудуць на пашы, іх адвозяць на далейшае ўтрыманне ў спецыяльна падрыхтаванае памяшканне фермы.
Заўсёды пільна сочыць за якасцю малака лабарант Ядзвіга Міронава. Старанна адносіцца да даручанай справы і майстар па штучным асемяненні жывёлы Юрый Рачыцкі. Дзякуючы іх карпатлівай рабоце і паказчыкі па расцёлах высокія, і якасць малака заўсёды на належным узроўні. А для таго, каб статак заўсёды пасвіўся на свежай адрошчанай траве, клапоцяцца пастухі Сямён Сямёнаў і Мар’ян Вялічка, якія своечасова адводзяць новыя загоны для скормлівання каровам.
Вось так, з захаваннем усіх патрэбных тэхналогій працуюць спецыялісты сярэдняга звяна і работнікі малочнатаварнай фермы “Наваселле” ААТ “Агратэхсэрвіс”, каб атрымаць максімальны прыбытак ад жывёлагадоўлі ў “перыяд вялікага малака”.
Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_3213 IMG_3214 IMG_3215 IMG_3217 IMG_3220



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *