Тамары Эдвардаўне Паляк уручана Падзяка старшыні райвыканкама

Общество

М. І. Баговіч узнагароджвае Т. Э. Паляк
М. І. Баговіч узнагароджвае Т. Э. Паляк

Праца работніка бібліятэчнай сістэмы, на першы погляд, непрыкметная. У цяперашні час імклівага развіцця электронных тэхналогій і шырокага доступу да сусветнай камп’ютарнай сеткі ўсё менш людзей карыстаюцца паслугамі бібліятэк, каб не траціць многа часу на пошукі той або іншай патрэбнай літаратуры. Меркаванне, канечне, спрэчнае, бо сучасныя бібліятэкі не толькі захоўваюць кнігі і выдаюць іх чытачам, яны яшчэ і прадстаўляюць сваім наведвальнікам шырокае кола паслуг — ад капіравання дакументацыі і выдачы электронных кніг, да пошуку літаратуры ў інтэрнэт-прасторы.
Але ж па-ранейшаму старая, добрая кніга застаецца запатрабаванай у самай маладзейшай катэгорыі насельніцтва —дзяцей. Нават у дзіцячай бібліятэцы нашага невялікага гарадскога пасёлка кожны дзень мноства наведвальнікаў — выхаванцаў дзіцячых садоў і вучняў школ. Тут ім не проста прапануюць карысную і цікавую літаратуру, а заўсёды зробяць так, каб кожны візіт дзяцей стаў для іх запамінальным. Доказ таму — літаратурныя ранішнікі і віктарыны, сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі і творчымі асобамі, пазнавальныя гадзіны і конкурсы чытачоў. Разнастайным адпачынак дзяцей у бібліятэцы робіць калектыў установы, якім адзінаццаць гадоў кіруе Тамара Эдвардаўна Паляк.
Гэта жанчына з юнацкіх гадоў працуе ў сферы культуры. Спачатку яна займала пасаду бібліятэкара ў вёсцы Балбекі, пасля працавала загадчыкам сельскага клуба ў Пашках. А калі выйшла замуж за мясцовага хлопца-прыгажуна Сяргея, які толькі быў вярнуўся з арміі, пераехала разам з ім у раённы цэнтр, дзе зноў стала працаваць у бібліятэчнай сістэме на пасадзе бібліёграфа. Затым некаторы час Тамара Эдвардаўна займала пасады інспектара і вядучага спецыяліста аддзела культуры райвыканкама. Але ўсё ж асноўнае яе прызванне, як лічыць яна сама, заключаецца ў магчымасці дарыць чалавеку радасць ад зносінаў з кнігай, кожны раз адкрываць наведвальнікам бібліятэкі новае, нязведанае і загадкавае. Апошнія адзінаццаць гадоў Тамара Эдвардаўна працуе на пасадзе загадчыка дзіцячай бібліятэкі гарпасёлка.
— За час сваёй працы яна зарэкамендавала сябе як дасведчаны спецыяліст, — кажа нам дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Цімафееўна Фромертас. — Тамара Эдвардаўна не толькі дасканала плануе сваю работу і дзейнасць падначаленага ёй калектыву, яна яшчэ і добра ведае псіхалогію дзяцей — асноўнай катэгорыі наведвальнікаў установы, валодае прафесійнай тактыкай прыцягнення чытачоў да рэгулярнага наведвання бібліятэкі, аказвае практычную дапамогу работнікам бібліятэк-філіялаў.
Улічваючы працоўныя заслугі Тамары Эдвардаўны, нядаўна кіраўнік раёна Мікалай Ірынархавіч Баговіч уручыў ёй Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, папулярызацыю дзіцячай літаратуры і развіццё дзіцячага чытання.
Тамара Эдвардаўна Паляк карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег па працы і ў кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Але галоўнае, што гэта чулы і спагадлівы чалавек. Яна ў вольную ад асноўнай работы хвіліну займаецца развядзеннем кветак, захапляецца кулінарыяй, дорыць свае любоў і цяпло самым дарагім у жыцці людзям — сыну Міхаілу і мужу Сяргею.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *