Свята вёскі — гэта калі збіраюцца разам усе яе жыхары, каб успомніць мінулыя дні, каб пацешыцца поспехамі адзін аднаго, каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што няма ў свеце больш цудоўнага куточка, чым той, дзе ім пашчасціла нарадзіцца і вырасці.
Так было і на гэты раз. Ясным ліпеньскім, сонечным днём прыйшлі на свята вёскі жыхары Жукоўшчыны, каб на нейкі час забыцца пра вялікія і малыя справы і расхінуць наўсцяж свае душы, адчуць сапраўдны святочны настрой.
Для ўрачыстага адкрыцця мерапрыемства былі запрошаны старшыня Станіславоўскага сельвыканкама Алена Сідарчук, кіраўнік справамі Алёна Седзюкевіч, намеснік дырэктара ААТ “Васюкі” Алег Перхуровіч. Яны выказалі падзяку ўсім тым, хто працаваў на роднай зямлі і хто працягвае сваю працу і сёння, радуе сваімі вынікамі.
У той дзень мясцовыя жыхары зладзілі выставу вырабаў народнай творчасці “Быт сялянскай хаты”, дзе стварылі куточак беларускай нацыянальнай культуры. Былі прадстаўлены разнастайныя дываны, рушнікі, сурвэткі, гліняны посуд і іншыя прылады хатняй гаспадаркі, якімі карысталіся ў даўнія часы.
Усё гэта знайшло сваё месца на выставе, наладжанай Надзеяй Кірыенка і Іосіфам Квачом. Таксама гледачы маглі палюбавацца прыгажосцю рукадзелля Людмілы Філіпенкі: яе ткацкіх вырабаў, вязаных рэчаў, касцюмаў-вышыванак.
Бадай, не было ў той дзень ніводнага вяскоўца, які б не пачуў у свой адрас добрае слова. Дружна віталі людзей, якія пакінулі добры след у гісторыі вёскі, хто аддана працаваў на карысць роднага сяла, хто нарадзіў і выгадаваў добрых, сумленных дзяцей, хто дабіўся поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.
Вядучыя свята Надзея Кірыенка і Анастасія Квач для кожнага знаходзілі простыя пранікнёныя словы, яны распавялі пра гістарычнае мінулае вёскі (першае згадванне адносіцца да пачатку 20 стагоддзя), пра цяжкія гады калектывізацыі, Вялікай Айчыннай вайны. Памяць загінуўшых на вайне жыхароў вёскі і ветэранаў, хто не дажыў да сённяшняга дня, усе ўшанавалі хвілінай маўчання.
На гэтай зямлі кожны лічыцца патомным хлебаробам, за кожным прозвішчам стаіць свая біяграфія, свой лёс. Праца ў вёсцы — аснова жыцця. На свяце былі адзначаны тыя, кім па праву можна ганарыцца, хто працуе і працаваў у полі і на ферме, вырошчваў і вырошчвае хлеб, уносячы часцінку свайго сэрца ў гэтую нялёгкую справу, гэта Аляксандр Філіпенка, Алег Лысёнак, Вячаслаў Касарэўскі, Барыс Андрэйчык і іншыя. Словы удзячнасці гучалі для працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны Андрэя Яцыны, Святланы Райчонак, Наталлі Корзун, Раісы Савелавай, Уладзіміра Пятрова, Марыны Чабатаронак, Віктара Кірэева, Алены Мажэйкі, Георгія Язёнка, Таццяны Касарэўскай і многіх іншых.
У кожнай вёсцы ёсць старэйшына, які клапоціцца пра кожнага жыхара, пра добраўпарадкаванне вёсак. Ларыса Аляксандраўна Чарняўская — адна з лепшых старэйшын Станіславоўскага сельсавета. І каму, як ні ёй, карэннай жыхарцы вёскі Жукоўшчына, быць неабыякавай да лёсу роднай мясціны.
Іскрамётныя сцэнкі, народныя і лірычныя песні, частушкі, шматлікія вершы пра вёску напаўнялі палітру свята. Парадавалі ўсіх сваім майстэрствам мясцовыя самадзейныя артысты. Вельмі спадабалася людзям выступленне Іосіфа Квача і Тамары Літвіновіч, якія па-заліхвацку прадэманстравалі гледачам пастаноўку “Збянтэжаны Саўка”. А якімі цудоўнымі спевамі здзіўлялі ўсіх Мікалай Кірыенка, Вольга Яцына, Раіса Савелава, Лія Балгова, Віятела Філіпенка!
Музычным падарункам ад жаночай вакальнай групы “Берагіня” адзначаны самая старэйшая жыхарка вёскі Яўгенія Антонаўна Брэская, якой сёлета споўнілася 93 гады, а таксама самая маленькая — Ульяна Пятрова.
Амаль тры гадзіны доўжылася канцэртная праграмма, але час прабег незаўважна.
— Самае галоўнае, што такія святы аб’ядноўваюць людзей, — адзначыў 72-гадовы мясцовы жыхар Расціслаў Генадзьевіч Балай. — І мы ўдзячныя мясцовым уладам за тое, што нам ствараюць такія ўмовы, атмасферу, каб сельскаму жыхару было цікава тут жыць.
Жыхары вёскі сардэчна дзякавалі загадчыку мясцовага сельскага клуба Надзеі Пятроваўне Кірыенка і Іосіфу Леанідавічу Квачу, а таксама ўсім, хто арганізаваў і правёў гэта запамінальнае і яркае мерапрыемства.
Сяргей ВЫСОЦКІ.


















































































