Тэма тыдня ад БЕЛТА: завяршаецца падача дакументаў па стварэнні ініцыятыўных груп

Актуальное

001055_000007106221ЦВК Беларусі зарэгістраваў тры ініцыятыўныя групы
У Беларусі зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча. Такое рашэнне прынята 17 ліпеня на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
У ініцыятыўную групу па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі ўвайшлі 10577 чалавек. У групу па вылучэнні Сяргея Калякіна павінна было ўвайсці 1511. Аднак вырашана выключыць 1 чалавека, паколькі гэта асоба без грамадзянства. Дакументы па групе Сяргея Гайдукевіча ўключалі 2484 грамадзяніны, але з яе таксама вырашана выключыць трох чалавек (двое не дасягнулі ўзросту 18 гадоў і адна ўдзельніца мае грамадзянства Расіі).
16 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам па пошце былі дастаўлены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Заблоцкага Сяргея Віктаравіча. Акрамя таго, у гэты ж дзень перадалі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Ірыны Першынай (кіраўнік ініцыятыўнай групы Марыя Храмцова), Жанны Раманоўскай (кіраўнік ініцыятыўнай групы Яўген Напорка), Мікалая Статкевіча (кіраўнік ініцыятыўнай групы Марына Адамовіч). Таксама 16 ліпеня былі перададзены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Андрэя Канаўца. Кіраўнік яго ініцыятыўнай групы — Дзмітрый Піліпчук. Паступілі дакументы аб стварэнні групы па вылучэнні Таццяны Караткевіч. Ініцыятыўную групу ўзначаліць Андрэй Дзмітрыеў. Яшчэ адзін пакет дакументаў, які перададзены 16 ліпеня ў ЦВК, датычыцца стварэння групы па вылучэнні Анатоля Лябедзькі. Кіраўнік групы — Віктар Карнеенка.
Раней, 14 ліпеня, былі пададзены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі. У якасці кіраўніка групы выступіў Міхаіл Орда. 15 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам паступілі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні Сяргея Калякіна. Кіраўнік яго групы — Валерый Ухналёў. Пасля былі пададзены дакументы аб рэгістрацыі групы па вылучэнні Сяргея Гайдукевіча. Кіраўнік групы — Анатоль Хішчанка.
Згодна з заканадаўствам ЦВК павінен прымаць такія рашэнні на працягу пяці дзён пасля падачы дакументаў па стварэнні ініцыятыўнай групы. Цэнтральная камісія адмаўляе ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, калі парушаны палажэнні Выбарчага кодэкса. Права абскарджання адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы належыць таму, хто прэтэндуе стаць кандыдатам. Гэта скарга падаецца ў Вярхоўны суд у трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння аб адмове.
Права выбірацца Прэзідэнтам Беларусі маюць беларускія грамадзяне па нараджэнні, не маладзейшыя за 35 гадоў, якія валодаюць выбарчым правам і пастаянна пражываюць у рэспубліцы не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Пры гэтым тыя, хто мае судзімасць, не падлягаюць рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду. Уваходзіць у склад ініцыятыўнай групы маюць права толькі выбаршчыкі, гэта значыць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, а таксама грамадзяне, якiя ўтрымлiваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі, удзел у выбарах не прымаюць.
Цэнтрвыбаркам акрэдытаваў трох наглядальнікаў ад партый і грамадскіх аб’яднанняў
Пры Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў акрэдытаваны тры наглядальнікі, паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на пасяджэнні камісіі.
Лідзія Ярмошына растлумачыла, што на сённяшнім пасяджэнні прысутнічаюць наглядальнікі ад «Белай Русі», «Беларускага хельсінкскага камітэта» і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Сёння, як чакаецца, будуць зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы, якія вылучаць у кандыдаты на пасаду Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.
Ярмошына прагназуе ўдзел у прэзідэнцкай гонцы пяці ініцыятыўных груп
Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына прагназуе, што ў выніку будзе зарэгістравана пяць ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Аб гэтым кіраўнік ЦВК заявіла 17 ліпеня журналістам.
Сёння на пасяджэнні былі зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы (па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча). Наступнае пасяджэнне Цэнтрвыбаркама пройдзе 20 ліпеня. Чакаецца, што будзе разгледжана пытанне аб рэгістрацыі ўсіх астатніх груп.
Лідзія Ярмошына не стала ўдакладняць, якія менавіта групы могуць быць зарэгістраваны ў далейшым. Аднак яна адзначыла, што дакументы, пададзеныя па пошце, — гэта падстава для адмовы. Менавіта такім чынам падаў сваю заяўку Сяргей Заблоцкі. «Не прадстаўлены ні даверанасці, ні лісткі з пашпарта, якія пацвярджаюць грамадзянства, пражыванне на тэрыторыі Беларусі і ўзрост», — растлумачыла старшыня ЦВК.
Акрамя таго, не ўсе групы ўтвораны ў неабходным складзе — не менш як 100 чалавек. «Праўда, прэтэндэнты заяўляюць, што сёння данясуць спісы. І гэта магчыма», — сказала Лідзія Ярмошына.
Прыём заявак на рэгістрацыю груп завершыцца 17 ліпеня ў 19.00. Паводле прагнозаў кіраўніка ЦВК, да гэтага часу будуць пададзены яшчэ чатыры пакеты дакументаў.

Мінгарвыканкам вызначыў месцы ў сталіцы, дзе забаронены збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты
У Мінску вызначаны месцы, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Гэта рашэнне Мінгарвыканкама ўступае ў сілу з 23 ліпеня і дзейнічае да 21 жніўня 2015 года ўключна.
Пікетаванне забаронена на аб’ектах метрапалітэна, чыгуначнага і паветранага транспарту, у падземных пешаходных пераходах; на тэрыторыі Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці, плошчы Перамогі, плошчы Дзяржаўнага сцяга, Прывакзальнай плошчы, плошчы Якуба Коласа; на адлегласці менш як 200 м ад будынкаў рэзідэнцый Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў; на адлегласці менш як 50 м ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы.
Устаноўлена, што пікетаванне з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў можа праводзіцца з 8.00 да 22.00.
Галоўнаму ўпраўленню ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта даручана забяспечыць ахову грамадскага парадку ў Мінску ў час збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты.
У Брэсцкай вобласці вызначаны месцы, дзе забаронены збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты
На тэрыторыі Брэсцкай вобласці вызначаны месцы, дзе забаронены збор подпісаў выбаршчыкаў за кандыдатаў, якія будуць балаціравацца ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, паведаміў намеснік начальніка аддзела па каардынацыі ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама Аляксей Гарбуз.
Рашэнні, прынятыя мясцовымі органамі ўлады, размешчаны ў свабодным доступе на сайтах гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў і ўступяць у сілу з 23 ліпеня. Яны будуць дзейнічаць да 21 жніўня 2015 года ўключна. Аляксей Гарбуз падкрэсліў, што перад кіраўнікамі рэгіёна стаяла задача максімальна дазволіць збор подпісаў за кандыдатаў, за выключэннем месц, дзе размяшчаюцца стратэгічна важныя аб’екты.
Так, у Брэсце рашэннем старшыні гарвыканкама забаронена пікетаванне на плошчы Леніна, аб’ектах чыгуначнага транспарту, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты можна ажыццяўляць на адлегласці не менш як 200 метраў ад рэдакцый СМІ, радыётэлевізійных перадаючых станцый, не менш як 100 метраў — ад культавых будынкаў. Таксама пікетаванне забаронена на адлегласці менш як 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распардчых органаў, консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, што забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць жыхароў горада (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння).
Кантроль за выкананнем гэтага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні гарвыканкама, які курыруе пытанні сацыяльнай сферы, і кіраўнікоў адміністрацый Ленінскага і Маскоўскага раёнаў горада Брэста.
У Віцебскай вобласці вызначаны месцы, дзе забаронены збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты
У населеных пунктах Віцебскай вобласці вызначаны месцы, дзе забаронена пікетаванне з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Адпаведныя рашэнні прыняты Віцебскім гарадскім і раённымі выканаўчымі камітэтамі.
Гэтыя рашэнні будуць размешчаны на афіцыйных сайтах раёнаў, а таксама апублікаваны ў мясцовых друкаваных СМІ не пазней за 21 ліпеня. Яны ўступяць у сілу з 23 ліпеня і будуць дзейнічаць па 21 жніўня.
У прыватнасці, у Віцебску збор подпісаў забаронены на тэрыторыі плошчы Перамогі; арганізацый аховы здароўя; на адлегласці менш як 20 м ад будынкаў аблвыканкама, гарвыканкама, адміністрацыі раёнаў горада, Віцебскага райвыканкама, пракуратуры вобласці і горада, упраўлення і аддзелаў унутраных спраў, абласнога суда, суда Віцебскага раёна і судоў раёнаў горада Віцебска, Упраўлення камітэта дзяржаўнай бяспекі па Віцебскай вобласці. З поўным спісам месц ужо можна азнаёміцца на афіцыйным сайце гарвыканкама.
Кантроль выканання гэтага рашэння ўскладаецца на намесніка старшыні гарвыканкама, які курыруе пытанні сацыяльнай сферы, аддзелы ўнутраных спраў.
Што датычыцца ў цэлым выбарчай кампаніі, то цяпер завяршаецца вылучэнне прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія павінны быць утвораны не пазней за 22 ліпеня на сумесных пасяджэннях органаў прадстаўнічай і выканаўчай улады. У Віцебску такое пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта запланавана на 21 ліпеня.
Усяго ў Віцебскай вобласці трэба будзе сфарміраваць 26 тэрытарыяльных камісій. Правам дэлегавання туды сваіх прадстаўнікоў валодаюць працоўныя калектывы, палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, а таксама грамадзяне шляхам падачы заявы. Дакументы па вылучэнні патэнцыяльных членаў камісій прымаюцца да 19 ліпеня ўключна ў органах, што ўтвараюць такія камісіі, у рабочыя і выхадныя дні з 8.00 да 17.00 з гадзінным перапынкам на абед. Адпаведная інфармацыя размешчана на інтэрнэт-сайтах выканкамаў.
Лебедзеў назначаны кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі
Старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў 14 ліпеня на пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў краін Садружнасці назначаны кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца 11 кастрычніка 2015 года.
Удзельнікі пасяджэння аднагалосна падтрымалі кандыдатуру Сяргея Лебедзева.
У сваю чаргу старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД сказаў, што накіраваў запрашэнні ў краіны Садружнасці з просьбай удзельнічаць у місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі. «Спадзяюся, што на гэты раз да нас далучыцца і Украіна, якая апошнім часам не прымае ўдзелу ў нашых назіральных місіях», — дадаў ён.
Сяргей Лебедзеў пажадаў усім канструктыўнай работы на маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта Беларусі і запэўніў, што місія наглядальнікаў ад СНД захавае аб’ектыўны і непрадузяты падыход да назірання за выбарамі.
У складзе ацэначнай місіі БДІПЧ у Беларусь прыбыў прадстаўнік ПА АБСЕ
У складзе ацэначнай місіі (місіі па ацэнцы патрэбнасцей) БДІПЧ АБСЕ ў Беларусь прыбыў і прадстаўнік ПА АБСЕ, паведаміў 15 ліпеня сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік.
Каменціруючы сустрэчу кіраўніцтва ЦВК з місіяй, Мікалай Лазавік сказаў: «Яна ў пашыраным складзе. Прадстаўляе дзве арганізацыі. Ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ — дырэктар па пытаннях выбараў Андрэас Бейкер. Ад БДІПЧ АБСЕ — старшы саветнік па выбарах, выконваючы абавязкі намесніка дырэктара дэпартамента па выбарах БДІПЧ Таццяна Багусевіч і саветнік дэпартамента па выбарах Уладзімір Місеў».
«Была выказана ўдзячнасць, што Рэспубліка Беларусь запрасіла місію для назірання за выбарамі. Гэтым запрашэннем яны абавязкова скарыстаюцца», — расказаў Мікалай Лазавік аб змесце гутаркі з прадстаўнікамі місіі.
Ён таксама растлумачыў, што кіраўніцтва ЦВК Беларусі азнаёміла місію з тым, як праходзіць падрыхтоўка да выбараў. «Было адзначана, што работа вядзецца ў адпаведнасці з каляндарным планам. Цяпер ідзе этап падачы дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў і фарміраванне тэрытарыяльных камісій», — сказаў Мікалай Лазавік. Ён адзначыў, што ЦВК нацэльвае ніжэйшыя камісіі на тое, каб кампанія праходзіла свабодна, дэмакратычна і без лішніх абмежаванняў і забарон. «У час семінараў, у ходзе маючых адбыцца трэнінгаў членаў выбарчых камісій будзем акцэнтаваць увагу на тым, каб адносіны ўсіх суб’ектаў выбарчага працэсу: і палітычных партый, і грамадскіх аб’яднанняў, і кандыдатаў, і давераных асоб, і членаў камісій, і наглядальнікаў — былі ўважлівымі і не выходзілі за рамкі заканадаўства», — сказаў Мікалай Лазавік.
Таксама місію цікавіла сістэма выбарчых камісій: склад ЦВК, парадак яе фарміравання, колькасць тэрытарыяльных і ўчастковых выбаркамаў і г.д. Асаблівую ўвагу яны звярнулі на нядаўнія змяненні выбарчага заканадаўства. «У прыватнасці, іх цікавіла такая норма, як фарміраванне фондаў кандыдатаў. Які парадак фарміравання, як ажыццяўляецца кантроль за выкарыстаннем фінансаў», — растлумачыў сакратар ЦВК. Удзельнікі місіі задалі і многія іншыя пытанні, у тым ліку пацікавіліся, ці выконваецца норма, згодна з якой адна трэць камісій павінна складацца з прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб’яднанняў. «Гэта норма ў нас выконваецца паўсюль, нават у самых аддаленых сельскіх населеных пунктах. Калі там няма нейкіх палітычных партый, то маладзёжныя, прафсаюзныя, ветэранскія арганізацыі там дзейнічаюць», — адзначыў Мікалай Лазавік.
Акрамя таго, размова ішла аб забароне агітацыі, накіраванай на байкот выбараў. Мікалай Лазавік нагадаў прадстаўнікам місіі, што Беларусь далучылася да Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод дзяржаў — удзельніц СНД. «У адпаведнасці з гэтай канвенцыяй байкот забаронены. Прычым гэта забарона распаўсюджваецца не толькі на выступленні кандыдатаў, а на ўсіх грамадзян краіны. Інакш кажучы, калі дзяржава траціць вялізныя грошы на арганізацыю і падрыхтоўку выбараў, то грамадзянам забараняецца весці агітацыю за зрыў гэтага важнейшага мерапрыемства», — сказаў Мікалай Лазавік.
Ацэначная місія БДІПЧ АБСЕ сустрэлася з кіраўніцтвам Вярхоўнага суда Беларусі
Ацэначная місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) сустрэлася з кіраўніцтвам Вярхоўнага суда Беларусі.
«Прадстаўнікі ацэначнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) 16 ліпеня сустрэліся з першым намеснікам старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валерыем Калінковічам. У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні абскарджання ў судовым парадку дзеянняў выбарчых камісій, ход судова-прававой рэформы, якая праводзіцца ў нашай краіне, у прыватнасці, нядаўнія змяненні заканадаўства аб судовым ладзе і статусе суддзяў», — растлумачылі ў прэс-службе.
Прадстаўнікі ацэначнай місіі БДІПЧ АБСЕ і кіраўніцтва Вярхоўнага суда станоўча ацанілі праведзеную сустрэчу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *