
Адным з прыярытэтных накірункаў у Лужкаўскай сярэдняй школе з’яўляецца экалагічнае выхаванне. На базе школы створаны шэраг аб’ектаў: экалагічная сцежка, дэндрарый, музей прыроды, зімовы сад, якія дазваляюць вывучаць біяразнастайнасць, узаемасувязі ў прыродзе, уздзеянне чалавека на навакольнае асяроддзе. Лужкаўская сярэдняя школа мае статус «Зялёнай школы», што дазваляе арганізаваць такія факультатывы як «Дзікая прырода Беларусі», «Зялёныя школы». Яны эфектыўна спрыяюць засваенню тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў. Адным з аспектаў экалагічнага выхавання з’яўляецца супрацоўніцтва школы з Лужкаўскім лясніцтвам, якое ажыццяўляецца з 2001 года. Вучні, што прыходзяць у 8 клас, уступаюць у школьнае лясніцтва, дапамагаюць у пасадцы новых ельнікаў, праполцы гадавальніка, падрыхтоўцы гняздоўяў. Дадзены від працы праводзіцца пад кіраўніцтвам ляснічага Лужкаўскага лясніцтва Івана Уладзіміравіча Андзілеўкі, а ў працы са школьнікамі яму дапамагае Валянціна Пятроўна Богдзя.
Адзін раз у два гады ў рэспубліцы праводзіцца злёт юных лесаводаў, а папярэднічаюць яму раённы і абласны этапы. Школьнае лясніцтва Лужкаўскай сярэдняй школы ў гэтым годзе брала ўдзел у абласным этапе, які адбыўся 8 красавіка. У тэарэтычным і практычным турах вучні паказалі сябе добра і атрымалі дыплом ІІ ступені. Асабліва выдатна праявіў сябе вучань 6 класа Дзмітрый Мядзелец, які здзівіў арганізатараў конкурсу сваімі глыбокімі ведамі, і таксама атрымаў дыплом ІІ ступені ў асабістым заліку. Па выніках абласнога конкурсу была сфармірана каманда Віцебскай вобласці, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Лужкаўскай і Далжанскай сярэдніх школ і якая прыняла ўдзел рэспубліканскім злёце юных лесаводаў. Адбыўся ён з 8 па 9 чэрвеня ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў Мінску. Спаборніцтвы праходзілі ў 2 туры: тэарэтычны тур — камандны залік, дзе дзеці паказвалі свае веды ў інтэрактыўнай гульні; практычны тур — індывідуальны залік, дзе ўдзельнікі праявілі сябе ў батаніцы, лясной энтамалогіі, экалогіі млекакормячых лесу і іншых. Па выніках практычнага тура Дзмітрый Мядзелец зноў праявіў сябе выдатна і атрымаў дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Хлопчык з маленства цікавіцца жывой прыродай, але асаблівую ўвагу ўдзяляе птушкам, вывучае галасы, робіць фотаздымкі, назірае за іх паводзінамі. Менавіта гэтыя веды і дапамаглі яму пры выкананні заданняў.
Паездка, арганізаваная пры падтрымцы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, прынесла дзецям шмат станоўчых эмоцый. Практыкумы, арганізаваныя цэнтрам экалогіі і краязнаўства, дазволілі набыць новыя веды і, магчыма, атрымаць накірунак пры выбары будучай прафесіі.
Вераніка ШЫПІЛА,
студэнтка філалагічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава