Памятаецца, як у мінулым годзе мы рыхтавалі матэрыял да Дня работнікаў лесу, у якім расказвалася пра дзейнасць Германавіцкага лясніцтва. Тады ж ляснічы Сяргей Мятлёнак сярод лепшых працаўнікоў назваў і імя вальшчыка лесу Аляксандра Абрамчыка. Пастаянным чытачам раённай газеты добра вядома пра гэтага чалавека, яго вялікую і дружную сям’ю — удзельнікаў і прызёраў раённых спаборніцтваў “Уладар сяла”, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Аляксандр, як нам паведамілі ў лясніцтве, не першы год прымае ўдзел у спаборніцтвах “Лесаруб”, якія ладзіць Дзісненскі лясгас. І заўсёды ён аказваецца ў ліку прызёраў гэтага конкурсу прафесійнага майстэрства, а сёлета стаў яго пераможцам.
Спаборніцтва “Лесаруб-2015” праходзіла ў канцы чэрвеня на базе Празароцкага лясніцтва ў Глыбоцкім раёне. Удзел у ім прынялі 18 вальшчыкаў лесу і леснікоў з усіх дзевяці лясніцтваў Дзісненскага лясгасу. Па ўмовах конкурсу, дапускаліся толькі тыя ўдзельнікі, хто мае адпаведнае пасведчанне вальшчыка лесу. Этапы спаборніцтва складаліся з практычных выпрабаванняў, у кожным з якіх улічваліся не толькі хуткасць, але і якасць выканання і за якія налічваліся балы. На першым этапе трэба было ў зададзеную кропку зваліць дрэва з патрэбным правільным падпілам. Тут у Аляксандра атрымалася “на выдатна”. Набраўшы 498 балаў, ён стаў першым. Не менш легка мужчына справіўся і з заменай ланцуга на бензапіле. Хуткасць і якасць у праведзеным практыкаванні прынеслі яму 73 набраныя балы і лідзіруючую пазіцыю. Далей трэба было адпіліць камбінаваным спосабам ад ствала дрэва два дыскі таўшчынёй не менш трох і не больш васьмі сантыметраў, а самі зрэзы павінны былі быць зверху і знізу да адпаведнай рыскі. Па ацэнцы журы Аляксандр зарабіў на гэтым этапе 168 балаў і зноў стаў першым сярод удзельнікаў. Прафесійнае майстэрства наш зямляк праявіў у наступным конкурсе па дакладнай распілоўцы дрэва. Зноў за Аляксандрам найбольшая колькасць набраных балаў (230) і бясспрэчнае лідарства. На апошнім этапе па абрэзцы сукоў ужо ніхто не сумняваўся, што канкурсант з Германавіцкага лясніцтва атрымае перамогу і тут. Так і атрымалася, 436 балаў набраў Аляксандр, трывала замацаваўшыся на першай пазіцыі.
У выніку Аляксандр Абрамчык, значна апярэдзіўшы сваіх сапернікаў, заняў верхнюю прыступку п’едэстала спаборніцтваў “Лесаруб-2015”. На другім месцы апынуўся прадстаўнік Міёрскага лясніцтва Дзяніс Пальчэўскі. “Бронзу” прывёз з сабой дадому калега Аляксандра, таксама вальшчык лесу з Германавіч Віталій Шашок.
Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што 17 ліпеня на базе Багушэўскага лясгасу прайшлі абласныя спаборніцтвы “Лесаруб-2015”, на якіх Аляксандр Абрамчык заняў 13-е месца ў індывідуальным заліку і дзявятае каманднае разам з напарнікам Віталіем Шашком. І гэта пры тым, што ўдзельнікаў на абласных спаборніцтвах было больш васьмідзесяці чалавек. Віншуем нашых землякоў з дастойным выступленнем!
Сяргей РАЙЧОНАК.
