Сёння свой юбілейны дзень нараджэння адзначае жыхар гарадскога пасёлка Уладзімір Канстанцінавіч Трус

Актуальное

307 Людзям старэйшага пакалення добра вядома імя гэтага паважанага чалавека. Большую частку свайго працоўнага жыцця Уладзімір Канстанцінавіч прысвяціў нашаму раёну.
Нарадзіўся юбіляр у 1935 годзе ў вёсцы Шпігальшчына, якая размяшчалася на памежжы цяперашніх Міёрскага, Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў. Скончыў Чарневіцкую сярэднюю школу і непрацяглы час працаваў калгасным брыгадзірам. У дваццацігадовым узросце Уладзіміра прызвалі ў войска. Служыць давялося ў Падмаскоўі і ў горадзе Іванава ў часцях супрацьпаветранай абароны. Па вяртанні з арміі ў Дзісненскім ваенкамаце паведамілі, што Уладзіміра выклікаюць у мясцовы райкам кампартыі. Хлопец не ўяўляў, чаму і вельмі здзівіўся, калі яму, юнаку без адпаведнай адукацыі, прапанавалі пасаду інструктара ў раённым камітэце камуністычнай партыі. У хуткім часе Дзісненскі раён быў скасаваны і маладога работніка накіравалі ў суседні Пліскі працаваць на аналагічнай пасадзе.
Жаданне вучыцца для Уладзіміра заўсёды было на першым месцы. Таму, як толькі надарылася такая магчымасць, ён завочна паступіў у Магілёўскую савецка-партыйную школу. Па яе заканчэнні атрымаў кваліфікацыю агранома-арганізатара і быў накіраваны ў адзін з калгасаў Верхнядзвіншчыны для працы па спецыяльнасці. Работа ў маладога спецыяліста спорылася, атрымліваліся добрыя вынікі ў раслінаводчай галіне, за што Уладзімір Канстанцінавіч меў падзякі ад кіраўніцтва раёна. Але ж далёкая адлегласць ад бацькоўскай хаты не давала душэўнага спакою, вельмі хацелася пераехаць жыць і працаваць бліжэй да родных мясцін. Гэтаму пасадзейнічалі былыя сябры Уладзіміра Канстанцінавіча — Макар Дарафеевіч Іваноў і Антон Войцавіч Ружа. Па іх хадайніцтве да тагачаснага першага сакратара Шаркаўшчынскага райкама партыі Анатоля Георгіевіча Шманцара і да кіраўніцтва Віцебскай вобласці Уладзімір Трус быў пераведзены на работу ў наш раён.
На якіх пасадах не працаваў бы Уладзімір Канстанцінавіч, ён заўсёды дасканала выконваў свае абавязкі, прынцыпова падыходзіў да рашэння задач, знаходзіў падыход да кожнага чалавека, якому патрабавалася кваліфікаваная дапамога. У паслужным спіску юбіляра пазначана праца сакратаром партыйнай арганізацыі саўгаса “Шаркаўшчынскі”, старшым інспектарам па ахове прыроды. А з 1979 года і да выхаду на заслужаны адпачынак у 1995-м Уладзімір Канстанцінавіч узначальваў раённы савет сацыяльнага забеспячэння.
— На якой рабоце я б не працаваў, дома мяне заўсёды чакаў надзейны тыл і апора — мая жонка Вольга Андрэеўна, сын Уладзімір і дачка Наталля, — кажа Уладзімір Канстанцінавіч. — Мае родныя і блізкія людзі надавалі жыццёвай энергіі, сілы для здзяйснення задуманага, ажыццяўлення пастаўленых мэт і задач. На вялікі жаль, ужо дванаццаць год прайшло з таго часу, як не стала маёй другой паловы. Але ж, дзякуй Богу, радуюць дзеці, унукі, праўнук. Значыць, жыццё працягваецца.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *