У гаспадарках раёна пачалася ўборка азімага рапсу: рэпартаж з КУВСП імя Маркава

Сельское хозяйство

342
камбайнеры КУВСП імя Маркава Станіслаў Странчэўскі і Віктар Замбжыцкі (злева направа)

На гэтым тыдні гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі азімага рапсу. Усяго па сельгаспрадпрыемствах трэба яго абмалаціць на плошчы 1113 гектараў. Камбайны на ўборцы гэтай культуры праходзяць абкатку перад самай галоўнай хлебаробнай кампаніяй — жнівом.
Аднымі з першых вывелі сваю тэхніку на палі камбайнеры КУВСП імя Маркава Станіслаў Странчэўскі і Віктар Замбжыцкі. Гэта вопытныя і старанныя працаўнікі. Станіслаў убірае збажыну дваццаць пяты сезон. Яшчэ ў маладосці пачынаў на “Ніве”, пасля працаваў на “Доне-1500”, а вось ужо шосты сезон садзіцца за штурвал айчыннага зернеўборачнага камбайна КЗС-1218 “Палессе”. Загадзя падрыхтаваўшы машыну, перабраўшы большасць вузлоў і агрэгатаў на ёй, камбайнер упэўнена запісвае на свой рахунак тоны намалочанага рапсу. Не саступае яму і Віктар, які таксама амаль трыццаць год у перыяд жніва садзіцца за штурвал камбайна і ўбірае хлеб.
У дзень нашага наведвання, 29 ліпеня, камбайнеры яшчэ з раніцы займаліся тэхнічным абслугоўваннем сваіх машын прама на полі, паблізу вёскі Антанова. А як толькі спала раса, завёўшы маторы, рушылі абмалочваць рапсавыя палеткі. Следам за імі з механічных майстэрняў прыехалі яшчэ тры экіпажы, каб своечасова і хутка ўбраць адведзены ўчастак.
— Зараз абкатку на ўборцы азімага рапсу праходзяць 7 камбайнаў, — паведаміў нам галоўны аграном гаспадаркі Юрый Лазарэц. — Усяго ж на жніве будзе задзейнічана восем адзінак зернеўборачнай тэхнікі. Камбайнеры ўсе вопытныя, кожны з іх разумее адказнасць і важнасць уборачнай кампаніі. Яе мы плануем правесці прыкладна за два-тры тыдні. Галоўнае, каб дазваляла надвор’е і ў наяўнасці былі гаручазмазачныя матэрыялы.
Азімы рапс у нашым сельгаспрадпрыемстве быў пасеяны на плошчы 105 гектараў. Яшчэ 7 мы пакуль што не абмалочвалі, а пакінулі на насенне для ўласных патрэб. Гэта суперэліта гатунку “Аўгуст”. Сёлета азімы рапс даў добрую ўраджайнасць — 23-30 цэнтнераў на круг. 100 тон гэтай культуры мы павінны паставіць у лік дзяржзаказу на Віцебскае прадпрыемства, астатняя яго рэалізацыя будзе ажыццяўляцца па дамоўленасці з іншымі пакупнікамі.
З дня на дзень камбайны перайдуць на ўборку азімай пшаніцы, якую трэба будзе абмалаціць на плошчы 842 га. Усяго ж зерневы клін гаспадаркі складае 1700 гектараў. Плануем, што сярэдняя ўраджайнасць будзе ў межах 25-27 цэнтнераў на круг.
Што ж, уборачная кампанія 2015 года ўзяла свой старт. Галоўнае, каб сёлетняе жніво, як і ў папярэднія гады, прайшло арганізавана, без страт, а вясковыя хлебаробы атрымалі высокі ўраджай зерневых.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *