Тэхналогіі, якасці і тэмпам правядзення комплексу летніх палявых работ быў прысвечаны семінар кіраўнікоў, галоўных аграномаў і галоўных інжынераў гаспадарак раёна, які адбыўся 30 ліпеня на базе КУВСП імя Маркава і “Гарадзец”. Вялі яго начальнік райсельгасхарчу Дзмітрый Міхайлавіч Ламака і яго намеснік па раслінаводству Ірына Генадзьеўна Міхалёнак.
Скаладанасць летніх палявых работ заключаецца ў тым, што іх неабходна весці ў комплексе: яшчэ не закончана ў некаторых гаспадарках нарыхтоўка кармоў, а ўжо трэба араць, сеяць, а галоўнае — жаць. Пра гэта і гаварылі ўдзельнікі семінару на палетках КУВСП імя Маркава каля вёскі Малонка. Прысутныя маглі азнаёміцца з працэсам узорвання поля, на якім раслі шматгадовыя травы, а зараз яно рыхтуецца да засявання азімым рапсам. Ірына Генадзьеўна Міхалёнак засяродзіла ўвагу на тым, што дадзены від палявых работ павінен быць праведзены з захаваннем усіх патрэбных тэхналогій і ў аптымальныя тэрміны. Старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч, які прыняў непасрэдны ўдзел у рабоце семінара, патрабаваў ад кожнага кіраўніка максімальна задзейнічаць тэхніку, якая маецца ў гаспадарках, для правядзення работ па ўзорванні. Па яго словах, энерганасычаныя трактары павінны ў абавязковым парадку працаваць у дзве змены.
Начальнік райсельгасхарчу Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, звяртаючыся да галоўных інжынераў, падкрэсліў, што ў кожнай гаспадарцы павінен быць тэхналагічны рэгламент настройкі трактараў, якім трэба карыстацца не толькі пры ўзорванні глебы, але і пры іншых відах работ. Ён таксама агучыў патрабаванне кіраўніцтва вобласці, што сяўба азімых культур павінна праводзіцца толькі з выкарыстаннем тэхналагічнай каляіны. На жаль, гэты працэс выкарыстоўваюць далёка не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах, спасылаючыся на розныя прычыны. Тым не менш, Дзмітрый Міхайлавіч яшчэ раз зазначыў, што ні адзін трактар, які плануецца задзейнічаць на сяўбе азімых, не будзе дапушчаны на палеткі з пасяўнымі агрэгатамі, сяўба на якіх вядзецца без выкарыстання тэхналагічнай каляіны.
Дырэктар цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу Іван Іосіфавіч Ставіцкі растлумачыў прысутным правільнасць і паслядоўнасць рэгуліроўкі плугоў ПО-8-40 перад правядзеннем узорвання глебы.
У другой частцы семінара яго ўдзельнікі наведалі КУВСП “Гарадзец”. Тут, за аграгарадком Лужкі, на збожжавым палетку на лінейцы гатоўнасці стаялі зернеўборачныя камбайны, транспарт па адвозцы збожжа і іншая спецтэхніка. Менавіта ў гэтай гаспадарцы ў рамках семінара і вырашылі правесці раённыя Зажынкі — старадаўні славянскі абрад, звязаны з пачаткам жніва. Протаіерэй Пётр Бараноўскі, прачытаўшы малітву, акрапіў усіх святой вадою і ў першую чаргу тых, хто будзе весці ўборку вырашчанага ўраджаю — камбайнераў і механізатараў. Самыя старэйшыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Радзюкоўскага сельскага Дома культуры пад беларускія народныя песні зжалі першы сноп. Абвязаўшы каляровай стужкай, уручылі яго старшыні райвыканкама Мікалаю Ірынархавічу Баговічу, і пажадалі кіраўніку раёна сёлета багатага ўраджаю хлеба з шаркаўшчынскіх палёў. Той, у сваю чаргу, падзякаваў хлебаробам за іх нялёгкую, але пачэсную працу, пажадаў без перашкод правесці ўборачную кампанію 2015 года. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Іванавіч Зубовіч уручыў гарадзецкім хлебаробам падарункі. Работнікі ўстаноў культуры аграгарадка Лужкі, выканаўшы некалькі вясёлых песень, пад гукі беларускай полькі пусціліся ў бадзёры пляс разам з прысутнымі, уздымаючы настрой перад пачаткам жніва.
Пасля праведзенага народнага абраду пачалася тэарэтычная частка, у якой прайшоў праверку стан зернеўборачных камбайнаў. Вядома, што жніво трэба весці з найменшымі стратамі. Правяралася герметычнасць тэхнікі, указваліся недапрацоўкі па ўшчыльненні тых або іншых вузлоў на складаных механічных агрэгатах, якія трэба абавязкова ліквідаваць. На гэтым, дарэчы, і засяродзіў асаблівую ўвагу старшыня райвыканкама. Ён даручыў спецыялістам райсельгасхарчу Аляксандру Іосіфавічу Сулікоўскаму, Міледзію Мікалаевічу Кукуцю і Васілю Севяр’янавічу Лутохіну на працягу ўсёй уборачнай кампаніі праводзіць на палях інспектарскія праверкі зернеўборачных камбайнаў з мэтай недапушчэння страт зерня.
На заканчэнне прысутныя наведалі зернесушыльныя комплексы сельгаспрадпрыемства, уласна пабачылі, як вядзецца працэс сушкі, ачысткі і захоўвання зерня новага ўраджаю ў КУВСП “Гарадзец”.
Сяргей РАЙЧОНАК.