Трагічныя ўспаміны пра вайну захавала памяць Валянціна Фёдаравіча Райчонка

Актуальное

032У невялікіх Сямёнавічах улетку пражывае толькі тры чалавекі, а зімой наогул вёска пусцее — гаспадары сваіх сядзіб раз’язджаюцца да дзяцей. Яно і зразумела, пажылым людзям цяжка ў зімовы перыяд адным справіцца з хатнімі клопатамі. Сярод жыхароў гэтага населенага пункта ёсць Валянцін Фёдаравіч Райчонак. Да яго мы наведаліся, каб пагутарыць пра адну са старонак з жыцця — перыяд, калі ён маленькім хлопчыкам быў вывезены ў Германію.
— Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было толькі два годзікі, — пачынае свой аповед Валянцін Фёдаравіч. — Я амаль не памятаю, калі менавіта ў нашай вёсцы з’явіліся немцы. Маці расказвала, што карнікі рабавалі хаты, з хлявоў выганялі жывёлу на ўласныя патрэбы. А ў 1943 годзе, і гэта яскрава адлюстравалася ў маёй дзіцячай памяці, спешна вялікае мноства аднавяскоўцаў немцы сабралі, пасадзіўшы на конскія падводы. Ніхто не ведаў, чаму, па якой прычыне і куды нас павязуць чужакі. Нашу сям’ю забралі ўсю цалкам: тата, мама, бабуля з дзядулем і я. Першым прыпынкам пасля амаль трыццаці кіламетраў стаў зборны пункт у Шаркаўшчыне. Тут на цяперашняй цэнтральнай плошчы каля райвыканкама з усёй акругі сабралі сотні людзей, каб потым (а пра гэта мы даведаліся пазней) усіх адправціць на прымусовыя работы ў Германію. З Шаркаўшчыны да Глыбокага везлі на аўтамашынах. Затым, пасадзіўшы ў таварныя вагоны, цягніком накіравалі на Захад.
Праз колькі дзён цяжкага шляху мы апынуліся ў горадзе Кведлінбург. Усіх рассялілі па бараках. Дарослыя працавалі на заводзе па выпуску ваеннага ўзбраення, а мы, дзеці, тым часам хадзілі па вуліцах, дварах і па сметніках, каб знайсці хоць якое-небудзь харчаванне. Памятаю, як аднойчы, пасля доўгіх пошукаў мы трапілі на сметнік, які размяшчаўся за горадам. Туды немцы звозілі розныя прадукты, у якіх скончыўся тэрмін ужывання: тушонка, крупы, макароны. Так мы некаторы час, дзякуючы гэтаму сметніку, і харчаваліся.
Вясной 1945 года нас вызвалілі амерыканскія войскі. Саюзнікі прапаноўвалі не вяртацца назад у Савецкі Саюз, а паехаць жыць у Францыю, Галандыю або Аўстрыю. Многія згаджаліся, а вось мае бацькі канчаткова для сябе вырашылі вярнуцца ў родныя мясціны. Аб гэтым яны не раз шкадавалі, калі трапілі ў свае Сямёнавічы, дзе ўсіх нас чакалі голад, нястача і галеча. Хата наша пасля вайны ўцалела, а вось сядзібы некаторых вяскоўцаў былі спаленыя. Таму нейкі час у нашым доме жылі адразу дзве сям’і з адзінаццаці чалавек.
Паступова ўсе пачалі абжывацца, абзаводзіцца хатняй гаспадаркай і прывыкаць да мірнага жыцця. Я скончыў 7 класаў Слабадской школы. Пасля працаваў у калгаснай будаўнічай брыгадзе. У 1959 годзе атрымаў пасведчанне трактарыста ў Глыбокім і ўсё працоўнае жыццё адшчыраваў на “сталёвых конях” у тагачасным калгасе “Іскра”. Пачынаў на МТЗ-5, потым на МТЗ-50, а закончыў на больш універсальным па тых часах МТЗ-82. У перыяд жніва садзіўся за штурвал камбайна, якіх з’ездзіў ажно чатыры адзінкі: ад СК-3 да “Енісея”.
Гады імкліва праляцелі, пакінуўшы ў памяці незабыўны адбітак на ўсё жыццё. Было ўсё: і радасць, і гора, і беднае, абпаленае вайной дзяцінства, і шчасце юнацкіх часоў. З вышыні пражытых гадоў іначай глядзіш на многія рэчы, якія сапраўды маюць вялікі сэнс. А для мяне ён заключаецца ў дзецях і ўнуках — найдаражэйшых людзях, хто заўсёды побач.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *