Камбайнер Юрый Урублеўскі з КУВСП «Гарадзец» стаў першым “тысячнікам”

Сельское хозяйство

867
старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін, механізатар Расціслаў Жынгель, камбайнер Юрый Урублеўскі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Зубовіч (злева направа)

Раніцай 13 жніўня ў рэдакцыю патэлефанавала намеснік дырэктара КУВСП “Гарадзец” Наталля Катушонак і паведаміла, што камбайнер іх гаспадаркі Юрый Урублеўскі напярэдадні намалаціў тысячу тон збожжа. Мы накіраваліся ў сельгаспрадпрыемства, каб сустрэцца з перадавіком і павіншаваць яго, бо Юрый першы камбайнер у раёне, які пераадолеў тысячны рубеж у намалоце зерневых.
КЗС-1218, за штурвалам якога перадавік абмалочваў апошнія палоскі азімага жыта на полі побач са свінагадоўчым комплексам, прыпыніўся пад чарговую разгрузку. Гэты час і скарысталі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Зубовіч і галоўны аграном КУВСП “Гарадзец” Святлана Гараніна, каб павіншаваць перадавіка. Яны ўручылі Юрыю Урублеўскаму дыплом, памятныя падарункі і чырвоны вымпел пераможцы.
— Гэта той чалавек, якім ганарыцца наша гаспадарка, — кажа пра Юрыя галоўны аграном. — Ён вопытны і вельмі адказны работнік. Працу на зямлі любіць з дзяцінства: вясной і восенню сее зерневыя культуры, летам садзіцца за штурвал камбайна, каб сабраць вырашчаны ўраджай. Літаральна заўтра Юрый зноў будзе сеяць азімы рапс на сваім МТЗ-3022 у счэпе з пасяўным агрэгатам АПП-6А.
Віншаванні ў той дзень прымаў таксама і механізатар дадзенай гаспадаркі Расціслаў Жынгель, які па стане на 12 жніўня на МТЗ-82 перавёз ад камбайнаў амаль 800 тон збожжа.
Гарадзецкія хлебаробы перайшлі “экватар” уборачнай кампаніі. Сёлетнія намалоты радуюць кожнага працаўніка сельгаспрадпрыемства. Да 63 цэнтнераў з гектара давалі ўчасткі азімага жыта каля цэнтральнай сядзібы, па 54 цэнтнеры на круг намалочвалі камбайнеры азімай пшаніцы ва ўрочышчы Красная Гара. Нават яравыя культуры, якія звычайна менш ураджайныя, чым азімыя, далі першапачаткова па 28-35 цэнтнераў з гектара. У засекі гаспадаркі на 12 жніўня было засыпана звыш чатырох тысяч тон збожжа. У такіх высокіх паказчыках ёсць вялікая заслуга і перадавікоў — Юрыя Урублеўскага і Расціслава Жынгеля — людзей, якія выконваюць адвечную святую справу хлебароба.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *