20 жніўня ў межах адзінага дня інфармавання насельніцтва старшыня райвыканкама М. І. Баговіч правёў сустрэчу з працоўным калектывам камбіната бытавога абслугоўвання. У зале сабраліся рабочыя, спецыялісты і адміністрацыя арганізацыі. Тэмай гутаркі стала харчовая бяспека краіны.
Мікалай Ірынархавіч агучыў некаторыя лічбы, якія адлюстроўваюць вытворчасць прадуктаў харчавання на душу насельніцтва ў нашай краіне. Так, напрыклад, вытворчасць зерня складае адну тону ў разліку на аднаго чалавека, гародніны — 183 кілаграмы, бульбы — 663, малака і мяса — па 708 і 113 кілаграмаў адпаведна. Дарэчы, як падкрэсліў старшыня райвыканкама, у краінах Заходняй Еўропы гэты паказчык значна ніжэйшы ў параўнанні з нашым. Зараз у рэспубліцы актыўнымі тэмпамі ідзе мадэрнізацыя прадпрыемстваў па вытворчасці прадуктаў харчавання дзеля павышэння якасці выпускаемай прадукцыі і яе канкурэнтназдольнасці на знешнім рынку.
Сёлета добрых паказчыкаў на ўборцы зерневых культур дасягаюць хлебаробы нашага раёна. Па стане на 19 жніўня імі ўжо намалочана звыш 46 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 35 цэнтнераў з гектара. Гэтыя паказчыкі пераўзышлі валавую вытворчасць зерневых у параўнанні з 2014 годам, пры тым, што каля дваццаці працэнтаў плошчаў яшчэ трэба ўбраць. Шаркаўшчынскія працаўнікі сяла, па словах кіраўніка раёна, уносяць свой значны ўклад у харчовую бяспеку і вобласці, і краіны ў цэлым.
Сяргей РАЙЧОНАК.