Здаецца, яшчэ ўчора ва ўсіх школах гучаў апошні званок, а сёння ўжо верасень сваім жоўтым лістком зноў паклікаў вучняў за парты. Старт новаму навучальнаму году быў дадзены на штогадовай нарадзе настаўнікаў, якая прайшла 28 жніўня ў раённым цэнтры культуры.
Перад пачаткам афіцыйнай часткі нарады ў танцавальнай зале працавала выстава творчых работ педагагічных калектываў навучальных устаноў, прысвечаная 70-годдзю Перамогі і Году моладзі. Экспазіцыя выклікала вялікую зацікаўленасць усіх, хто бачыў прадстаўленыя творы.
Затым у глядзельнай зале педагогі раёна падводзілі вынікі мінулага года, акрэслівалі планы і ставілі задачы на новы навучальны год. Удзел у вялікай і важнай гутарцы прынялі прадстаўнікі педагагічных калектываў агульнаадукацыйных школ, дашкольных і пазашкольных устаноў, старшыні прафсаюзных камітэтаў устаноў адукацыі, ветэраны педагагічнай працы. Сярод ганаровых гасцей на канферэнцыі прысутнічаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Ірынархавіч Баговіч.
Асноўныя моманты дзейнасці аддзела і ўстаноў адукацыі за 2014-2015 гады і задачы па павышэнні якасці навучання і выхавання дзяцей на новы навучальны год былі адзначаны ў дакладзе начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалая Мікалаевіча Рубацкага.
Для рэалізацыі правоў дзяцей на атрыманне паўнацэннай і якаснай адукацыі ў раёне дзейнічаюць 10 дашкольных устаноў, 4 пачатковыя, 5 базавых і 7 сярэдніх школ. З 16 агульнаадукацыйных школ 6 з’яўляюцца вучэбна-педагагічнымі комплексамі сад-школа. У раёне таксама працуюць цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Першага верасня ва ўстановы адукацыі прыйшлі 2070 дзяцей. З іх 1598 — школьнікі, астатнія — выхаванцы дзіцячых садоў. У раёне працуюць 400 педагогаў. 80 працэнтаў ад іх агульнай колькасці маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыі, 81 працэнт — вышэйшую адукацыю. У школах раёна працуюць пяць выдатнікаў адукацыі, адзін настаўнік узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
У бягучым годзе прадоўжылася работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. З першага верасня закрыта малакамплектная Стральцоўская базавая школа. Улічваючы дадзены працэс, у апошнія гады аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама набываюцца аўтобусы. Для выхаванцаў дзіцячых садоў і вучняў школ арганізаваны падвоз школьнымі і рэйсавымі аўтобусамі.
Як адзначыў Мікалай Мікалаевіч, важным паказчыкам якасці адукацыі з’яўляецца ўдзел школьнікаў у абласных прадметных алімпіядах. Так, сёлета трое вучняў узнагароджаныя дыпломамі трэцяй ступені па матэматыцы, гісторыі і рускай мове. Пераможцы раённых, абласных прадметных алімпіяд і настаўнікі, якія іх падрыхтавалі, па рашэнні райвыканкама ўзнагароджваюцца грашовымі прэміямі. Сёлета на гэтыя мэты было выдаткавана 29 мільёнаў рублёў. Па выніках здачы выпускных экзаменаў залатыя медалі ў 2015 годзе атрымалі 9 школьнікаў, а 15 вучняў дзявятых класаў — пасведчанні з “адзнакай”. Пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вучобе ў вывучэнні аддзельных прадметаў узнагароджаны 50 выпускнікоў.
У сваёй прамове Мікалай Мікалаевіч зрабіў акцэнт на мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках Дэкрэта № 18, бо яны з’яўляюцца неад’емным элементам агульнай работы ў справе навучання і выхавання дзяцей і падлеткаў.
Пасля гэтага накірункамі і спецыфікай работы ўстаноў адукацыі ў сваіх дакладах з прысутнымі калегамі падзяліліся дырэктар Шаркаўшчынскай СШ № 1 Сяргей Рафаілавіч Ганебны, дырэктар Станіславоўскай базавай школы Яўген Генадзьевіч Дулінец, намеснік дырэктара Велікасельскай ДС-СШ Ірына Рычардаўна Рымдзёнак, загадчыца Каўшэлеўскага дзіцячага сада Галіна Сяргееўна Васюцёнак, дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба “Шаркаўшчына” Юлія Сяргееўна Каплуноўская і настаўнік-дэфектолаг СШ № 2 гарадскога пасёлка Святлана Святаславаўна Татаровіч.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Ірынархавіч Баговіч, звяртаючыся да педагогаў, падкрэсліў важнасць атрымання якаснай адукацыі дзецьмі і падлеткамі на сучасным этапе імклівага развіцця навукі і тэхнікі. Кіраўнік раёна падзякаваў за своечасовую падрыхтоўку навучальных устаноў да пачатку заняткаў.
Пранікнёныя словы ўдзячнасці за шматгадовую, добрасумленную працу гучалі ў той дзень для ветэранаў педагагічнай нівы, якія сёлета пайшлі на заслужаны адпачынак. Гэта настаўнік Стральцоўскай базавай школы Ларыса Уладзіміраўна Рымашэўская, выхавальнік ясляў-сада № 4 гарадскога пасёлка Таісія Аляксандраўна Леаненка, настаўнік Радзюкоўскай БШ Леаніда Вацлаваўна Шаблоўская і выхавальнік СШ № 2 райцэнтра Іраіда Аляксандраўна Волкава. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рубацкі і старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Наталля Іванаўна Баговіч уручылі ветэранам падзячныя лісты і памятныя падарункі.
Сёлета рады педагогаў раёна папоўнілі шэсць маладых спецыялістаў. Юлія Курыловіч будзе працаваць у яслях-садзе № 1, Надзея Крывашонак — у яслях-садзе № 3 райцэнтра, Яўген Ермаловіч накіраваны ў Зоркаўскую БШ, Аляксандр Жабёнак і Кацярына Зуй — у СШ № 1, Алена Мацвеева — у сярэднюю школу № 2 гарадскога пасёлка. У час святочнай урачыстасці калектыў Германавіцкай СШ павіншававаў маладых спецыялістаў з пачаткам іх прафесійнай дзейнасці і правёў з імі гульнявую праграму.
А завяршыўся педагагічны форум святочным канцэртам, які падарыў усім прысутным фіналіст рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны для любімай краіны” Уладзімір Касцюкевіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.


