Юбілей адсвяткавала жыхарка Шкунцікаў Алена Нікіфараўна Хацейкіна

Актуальное

935На беразе невялікага возера ў Шкунціках стаіць сядзіба, у якой разам са сваім сынам Міхаілам і яго сям’ёй пражывае Алена Нікіфараўна Хацейкіна — былы вязень фашысцкіх канцлагераў, ветэран працы, паважаны сярод сваіх аднавяскоўцаў чалавек.
19 жніўня жанчына адзначыла свой юбілей — 90-годдзе з дня нараджэння.
Нарадзілася Алена Нікіфараўна ў былым Суражскім раёне ў сялянскай сям’і. Яе юнацкія гады прыпалі на час, калі паўсюдна ў краіне ішла барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Тата быў мабілізаваны на фронт, дзе загінуў у 1942 годзе. Брат Мікалай шаснаццацігадовым падлеткам пайшоў змагацца з ворагам у партызанскі атрад. На жаль, праз год пасля смерці бацькі не стала і яго.
— Наша мясцовасць кантралявалася партызанскімі злучэннямі, — успамінае Алена Нікіфараўна. — З Вялікай зямлі на самалётах нам дастаўлялі харчаванне, якое мы перадавалі народным мсціўцам. Наогул, дапамагалі партызанам, чым маглі. У сакавіку 1943 года ў нашу мясцовасць захопнікі здзейснілі карную экспедыцыю. Маці, я і яшчэ дзве сястры трапілі ў нямецкі палон, у якім знаходзіліся да чэрвеня 1944 года. За гэты час давялося зведаць нечалавечы прыгнёт гітлераўцаў. Усе палонныя з кайданамі на нагах рыхтавалі лес, капалі траншэі на подступах да Віцебска. І толькі дзякуючы наступленню Чырвонай Арміі нам удалося збегчы з гэтай няволі.
Вярнуўшыся дадому, убачылі сваю вёску поўнасцю спаленай. Вымушаны былі жыць у зямлянках, харчавацца ягадамі, грыбамі, звычайнай травой. Аднойчы да нас дайшлі чуткі, што на захадзе Віцебшчыны жыццё пасля вайны адрознівалася ад нашага гаротнага існавання на памежжы з Расіяй. Казалі, што там людзі з хлебам. Вось таму маці, сплёўшы тры пары лапцей, благаславіла мяне і маю сяброўку на дальнюю дарогу, на пошук лепшай долі. Так я і трапіла ў Шаркаўшчынскі раён. Спачатку, каб зарабіць на кавалак хлеба, працавала па найме ў гаспадароў у Пашках. А як арганізаваліся калектыўныя гаспадаркі, пайшла разам з іншымі вяскоўцамі ў калгас імя Крупскай, была звеннявой. Затым восем год даіла кароў, а апошнія васямнаццаць, ажно да выхаду на заслужаны адпачынак, працавала брыгадзірам.
Я ніколі не баялася сялянскай працы, наадварот, цяжкасці мяне маральна і фізічна загартоўвалі. Кожны дзень, без выхадных, ад світанку да змяркання шчыравалі мы з калгаснікамі, каб дабіцца поспехаў у сваёй рабоце, мець павагу, аўтарытэт і сярод вяскоўцаў, і ў кіраўніцтва гаспадаркі.
А вынікі сваёй сумленнай працы Алена Нікіфараўна да сённяшняга дня акуратна і беражна захоўвае дома. Гэта і шматлікія дыпломы, падзякі, у тым ліку і Ганаровыя граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР, медалі. І самая вялікая ўзнагарода — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Павіншаваць жанчыну з юбілеем у той дзень прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Леанід Зубовіч, старшыня Радзюкоўскага сельскага Савета Аляксандр Цітовіч, старшыня раённага Савета ветэранаў Галіна Філатава, намеснік дырэктара ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс” Яся Краснікава і даўняя сяброўка Алены Нікіфараўны, калега па працы, былы галоўны аграном калгаса імя Крупскай Кацярына Фёдараўна Галубіна.
Сваё жыццёвае шчасце, як сказала нам юбілярка, яна знайшла ў родных людзях — сыне Міхаіле, унуках і праўнуках. А сакрэт даўгалецця для Алены Нікіфараўны заключаецца ў павазе і любові да людзей, у шчырай, карпатлівай працы. Таму яшчэ і сёння жанчына даглядае невялікі агарод, займаецца рукадзеллем, а ў святочныя дні з замілаваннем слухае, як над азёрнай гладдзю гучыць малінавы звон са Свята-Ільінскай царквы.IMG_3932 (Копировать)
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *