Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1-3 верасня наведаў з рабочым візітам Кітайскую Народную Рэспубліку. У час візіту Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўніцтвам КНР.
Напярэдадні візіту кіраўнік дзяржавы падпісаў Дырэктыву нумар 5 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай» ад 31 жніўня 2015 года. 2 верасня дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Таксама напярэдадні візіту Аляксандр Лукашэнка даў эксклюзіўнае інтэрв’ю кітайскай газеце «Жэньмінь Жыбаа».
3 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на ваенным парадзе ў Пекіне, які праводзіўся ў азнаменаванне 70-годдзя Перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны. На парадзе прысутнічала каля трох дзясяткаў лідараў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый. У прыватнасці, сярод запрошаных гасцей кіраўнікі Расіі, Казахстана, Чэхіі, Сербіі, Венесуэлы, КНДР, краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Ваеннаслужачыя замежных армій упершыню прымалі ўдзел у ваенным парадзе ў Кітаі. Ад Узброеных Сіл Беларусі па плошчы Цяньаньмэнь прайшла рота ганаровай варты, у складзе якой група сцяганосцаў з дзяржаўным флагам Рэспублікі Беларусь, камандная група і пешая парадная каробка ў фармаце 10х7.
Лукашэнка падпісаў Дырэктыву аб развіцці двухбаковых адносін Беларусі з КНР
Згодна з дакументам, «асноўным зместам беларуска-кітайскага супрацоўніцтва з’яўляецца ўзаемная рашучая падтрымка па пытаннях, што датычацца карэнных інтарэсаў дзвюх краін, такіх як суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць, бяспека і эканамічнае развіццё».
Дырэктывай таксама вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва з КНР: глыбокая і ўзаемная інтэграцыя галін і прадпрыемстваў; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі; фарміраванне сумесных даследчых і навукова-практычных цэнтраў, сумеснае развіццё галіновай навукі; прамое і сістэмнае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва; стварэнне ў Беларусі рэгіянальнага цэнтра кітаязнаўства і ўзаемадзеяння з КНР.
Мэтавым напрамкам супрацоўніцтва з КНР вызначана сумеснае развіццё ў гандлёвай, інвестыцыйнай, фінансавай і інавацыйнай сферах, стварэнне і рэалізацыя сумесных праектаў і прадпрыемстваў. Каардынацыйным органам садзейнічання развіццю адносін з КНР названы Беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве.
Згодна з Дырэктывай, Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі даручана ў 2015 годзе сфарміраваць доўгатэрміновую аснову супрацоўніцтва з міжнародным аддзелам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая па пяці ключавых напрамках: рэгулярны абмен візітамі высокага ўзроўню; арганізацыя сістэмы ўзаемных стажыровак; узаемадзеянне ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху; супрацоўніцтва ў даследаванні прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства; умацаванне ўзаемадзеяння аналітычных цэнтраў і сродкаў масавай інфармацыі.
Дзяржаўнаму сакратарыяту Савета бяспекі Беларусі ў бягучым годзе даручана забяспечыць планаванне, каардынацыю і паглыбленне супрацоўніцтва з КНР у ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах, а таксама ў сферы бяспекі і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў і надзвычайных сітуацый.
Савету Міністраў Беларусі сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам да 1 студзеня 2016 года неабходна арганізаваць прамое ўзаемадзеянне з профільнымі структурамі КНР па падрыхтоўцы і ўзгадненні плана мерапрыемстваў па спрашчэнні працэдур і нарматыўных патрабаванняў, звязаных з мерамі тэхнічнага рэгулявання, санітарнага, фітасанітарнага, ветэрынарна-санітарнага і санітарна-эпідэміялагічнага кантролю (нагляду), у мэтах забеспячэння паляпшэння ўмоў узаемнага доступу на рынкі. Таксама неабходна ўкараніць ва ўзаемным гандлі электронны сертыфікат кантролю якасці і каранціну; стварыць сумесную кампанію па арганізацыі, суправаджэнні і прасоўванні ўзаемных паставак тавараў і паслуг; сфарміраваць комплексны план дзеянняў па дасягненні да 2020 года ўзроўню экспартных паставак у КНР у суме не менш як $1,5 млрд.
Да 1 ліпеня 2016 года даручана сфарміраваць пералік прадпрыемстваў для прыцягнення буйных кітайскіх кампаній у праекты па развіцці кааперацыі і ўваходжанні ў акцыянерны капітал у сферы сельскагаспадарчага і цяжкага машынабудавання, станкабудавання, вытворчасці бытавой тэхнікі і электронікі, оптыка-механічнай прамысловасці, вытворчасці вырабаў з палімераў, тавараў медыцынскага прызначэння і бытавой хіміі. Таксама неабходна сфарміраваць механізмы стымулявання прыцягнення ў 2016-2020 гадах прамых кітайскіх інвестыцый у энергетыку, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, транспартную інфраструктуру, вытворчасць і перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі і іншыя галіны, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.
Даручана арганізаваць на тэрыторыі КНР зборачныя вытворчасці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і сістэму яе перадпрадажнага і пасляпрадажнага абслугоўвання з улікам рэгіянальных асаблівасцей і вытворча-збытавых ланцужкоў буйных кітайскіх карпарацый. У 2016 годзе забяспечыць выпуск гэтымі вытворчасцямі і продаж не менш як 6 тыс. трактароў і 3 тыс. камбайнаў з нарошчваннем зборкі ў наступныя гады.
На сістэмнай аснове даручана развіваць крэдытнае супрацоўніцтва на прынцыпах конкурснасці і сярэднетэрміновай акупнасці зыходзячы з прыярытэтнасці накіравання фінансавых сродкаў на развіццё малога і сярэдняга бізнесу і прыцягненне прамых кітайскіх інвестыцый праз крэдытныя інструменты. Згодна з дакументам, неабходна актуалізаваць і ўзгадніць дзяржаўныя праграмы, прынятыя ў Беларусі, у сферы мадэрнізацыі і развіцця транспартнай, лагістычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай, мытнай інфраструктуры з падыходамі па ўдзеле Беларусі ў канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Марскога шляху XXI стагоддзя.
У фінансавай сферы даручана забяспечыць штогадовы прырост выкарыстання нацыянальных валют ва ўзаемным гандлі, кітайскіх юаней у дыверсіфікацыі структуры золатавалютных рэзерваў, а таксама ў размяшчэнні дзяржаўных і карпаратыўных каштоўных папер. У мэтах арганізацыі венчурнага фінансавання інавацыйных праектаў, развіцця малога і сярэдняга бізнесу, павышэння эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў прапрацаваць з кітайскім бокам пытанне стварэння сумеснага беларуска-кітайскага інвестыцыйнага фонду.
У галіне навукі і тэхнікі да 1 ліпеня 2016 года неабходна сфарміраваць пералік новых сумесных даследчых і навукова-практычных цэнтраў з удзелам арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і кітайскіх партнёраў па канкурэнтных перспектыўных напрамках. Да 1 студзеня 2017 года неабходна гарманізаваць механізмы прававой абароны і патэнтавання аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці дзвюх краін.
Таксама дакументам даручана сфарміраваць і зацвердзіць праграму міжрэгіянальных выставачна-кірмашовых мерапрыемстваў, Дзён правінцый і абласцей, гарадоў на перыяд да 2020 года са штогадовай яе актуалізацыяй і канкрэтызацыяй. Згодна з Дырэктывай, штогод на перыяд да 2020 года кожная вобласць і Мінск павінны забяспечваць прыцягненне ў рамках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва не менш як $100 млн прамых кітайскіх інвестыцый.
У гуманітарнай сферы неабходна ўзгадніць з кітайскімі партнёрамі і зацвердзіць праграму накіравання на навучанне беларускіх юнакоў і дзяўчат ва ўстановы вышэйшай адукацыі КНР пачынаючы з 2016/17 навучальнага года. Да 1 студзеня 2016 года сумесна з кітайскімі партнёрамі распрацаваць праграму стварэння да 2018 года цэнтраў традыцыйнай кітайскай медыцыны і цэнтраў традыцыйнай кітайскай гімнастыкі ў кожным абласным цэнтры Беларусі, а таксама арганізаваць сумесную турыстычную кампанію.
Лукашэнка: Беларусь — не сітуатыўны сябар Кітая, а даўні надзейны партнёр
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 верасня на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, першым намеснікам прэм’ера Дзяржсавета КНР Чжан Гаалі.
«У вас цяпер вельмі шмат сяброў. Вы набылі іх зусім нядаўна, калі Кітай стаў адной з уплывовых краін у свеце, фактычна другой кропкай прыцяжэння многіх дзяржаў нашай планеты», — адзначыў Прэзідэнт.
«Але ў Беларусі з Кітаем даўняя гісторыя. Уся навейшая гісторыя Беларусі звязана з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Гэта значыць мы не сітуатыўныя сябры, не сябры ўчарашнія, а мы даўнія сябры кітайскага народа, і паміж намі сапраўды ўстанавіліся вельмі добрыя адносіны», — сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на частату сустрэч кіраўніцтва дзвюх краін. На яго думку, гэта вельмі важна для двухбаковых адносін. «Чым часцей мы будзем сустракацца, тым больш пашыраны будуць нашы адносіны, тым эфектыўней будуць рэалізоўвацца нашы дамоўленасці», — лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускі бок абсалютна задавальняе сфарміраваная формула перагавораў. «Мы вызначылі адзін аднаго як стратэгічных партнёраў», — падкрэсліў ён.
Кітай успрымае Беларусь як надзейнага сябра і жалезнага партнёра — Чжан Гаалі
Аб гэтым заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК, першы намеснік прэм’ера Дзяржаўнага савета КНР Чжан Гаалі.
Чжан Гаалі адзначыў, што паміж Беларуссю і Кітаем устаноўлены адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. «І больш таго, паміж вамі і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам склалася глыбокая асабістая дружба. За кароткі тэрмін, 4 месяцы, у вас адбудзецца ўжо трэцяя сустрэча. Гэта вялікая рэдкасць у сусветнай палітыцы», — сказаў першы намеснік прэм’ера Дзяржсавета.
«У асобе Беларусі мы заўсёды маем надзейнага вялікага сябра. Мы заўсёды разглядаем вас як свайго жалезнага партнёра», — падкрэсліў ён.
«Пад вашым кіраўніцтвам у Беларусі назіраецца палітычная стабільнасць, развіваецца эканоміка і ўвесь час павялічваецца ўзровень жыцця насельніцтва. Мы захапляемся вашымі дасягненнямі», — дадаў Чжан Гаалі.
Ён асабліва адзначыў, што ў гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі, як і ў Кітаі, панеслі вялікія нацыянальныя страты, краіна ўнесла важкі ўклад у перамогу ў сусветнай антыфашысцкай вайне. «Такі подзвіг не забываецца і кітайскім народам, і народамі ўсіх краін свету», — упэўнены ён. Гаворачы аб маючых адбыцца 3 верасня ў Кітаі ўрачыстасцях, Чжан Гаалі заявіў, што мэта святкавання заключаецца ў тым, каб не забываць мінулае і шанаваць памяць загінулых герояў, даражыць мірам і адкрываць будучае.
Чжан Гаалі нагадаў, што на папярэдняй сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы ішла размова аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку, і бакі выйшлі на ўзаемаразуменне па гэтым праекце. Паводле яго слоў, пасля вяртання ў Кітай усе дасягнутыя дамоўленасці выконваліся. «Такім чынам, намечаны вельмі сур’ёзны крок наперад па рэалізацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка», — сказаў ён.
Як першы віцэ-прэм’ер Дзяржсавета, які курыруе эканамічныя пытанні, Чжан Гаалі запэўніў, што будзе няўхільна рэалізоўваць дамоўленасці, дасягнутыя на вышэйшым узроўні.
Лукашэнка дзякуе Сі Цзіньпіну за інвестыцыі і крэдыты
Аб гэтым ішла размова 2 верасня на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Пекіне.
За кошт гэтых сродкаў у Беларусі будуюцца дарогі, прапрацоўваецца шэраг праектаў для асваення фінансаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што нядаўні візіт Сі Цзіньпіна ў Беларусь стаў гістарычным і прарыўным. «Сёння супрацоўніцтва вельмі эфектыўна развіваецца», — сказаў беларускі лідар.
Ужо нямала зроблена па будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». «Вы яго назвалі жамчужынай Шаўковага шляху. Гэта будзе ўнікальны праект», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён дадаў, што там значна актывізаваліся работы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў таксама кітайскаму боку за ўвагу, што ўдзяляецца з боку дзяржавы памяці ахвяр Другой сусветнай вайны, у якой як Савецкі Саюз і Еўропа, так і Кітай панеслі сур’ёзныя страты.
Прэзідэнт таксама ўпамянуў аб праведзенай у першай палавіне дня сустрэчы з першым намеснікам прэм’ера Дзяржаўнага савета КНР Чжан Гаалі. На ёй былі акрэслены пытанні, якія Беларусі і Кітаю трэба вырашыць у бліжэйшай перспектыве. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бакі не адыходзілі і ад абмеркавання праблемных пытанняў. Чжан Гаалі запэўніў, што рашэнні кіраўнікоў дзяржаў будуць няўхільна выконвацца.
Кітай гатовы падтрымліваць Беларусь — Сі Цзіньпін
Аб гэтым заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін.
«Мы гатовы і далей працаваць з Беларуссю, каб дабівацца яшчэ большых вынікаў у сумеснай дзейнасці», — сказаў Старшыня КНР.
Сі Цзіньпін звярнуў увагу на тое, што беларуска-кітайскае партнёрства ўстойліва развіваецца. «Спадзяюся, што бакі будуць актыўна супрацоўнічаць для захавання высокай дынамікі адносін», — адзначыў ён.
На сустрэчы размова ішла таксама аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку. Сі Цзіньпін адзначыў важнасць гэтага праекта. «Мы ўжо многае сумесна зрабілі па гэтым праекце. Спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць парк узорным прыкладам ініцыятывы эканамічнага пояса вялікага Шаўковага шляху», — сказаў Сі Цзіньпін.
У Беларусі і Кітая ёсць агульныя інтарэсы для руху наперад — Бура
Такое меркаванне выказаў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Віктар Бура.
Пасол адзначыў, што на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі са Старшынёй КНР, а крыху раней — з першым намеснікам прэм’ера Дзяржсавета КНР шмат увагі ўдзялялася пытанням эканамічнага ўзаемадзеяння. «Бакі яшчэ раз абмеркавалі, у якіх сферах мы можам быць узаемадапаўняльныя і цікавыя адзін аднаму. Гэта паказвае, што агульныя інтарэсы ёсць, нам ёсць куды рухацца. І Старшыня КНР сёння яшчэ раз пацвердзіў, што Кітай і Беларусь заўсёды будуць узаемадапаўняльныя і КНР гатова аказваць садзейнічанне Беларусі ў аднаўленні і актыўным развіцці нашай эканомікі», — сказаў дыпламат.
Пры гэтым, паводле слоў пасла, у двухбаковым супрацоўніцтве быў і застаецца галоўным праект Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка — не з пазіцыі глабальнага праекта, а з пазіцыі тых канкрэтных праектаў, якія будуць там рэалізоўвацца.
Лукашэнка: любыя спробы змяніць гісторыю асуджаны на правал
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка напярэдадні рабочага візіту ў КНР у эксклюзіўным інтэрв’ю кітайскай газеце «Жэньмінь жыбаа». Інтэрв’ю апублікавана ў выпуску газеты 3 верасня.
«Другая сусветная вайна — адна з цэнтральных падзей ХХ стагоддзя, якая вызначыла ход гісторыі ва ўсім свеце на многія дзесяцігоддзі наперад, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Калі асноўную ношу ў вайне супраць Германіі вынес савецкі народ, то асноўны цяжар вайны з Японіяй, вядома ж, лёг на плечы кітайскага народа. Я ні ў якім разе не хачу прыніжаць ролю нашых саюзнікаў: безумоўна, яны таксама ўнеслі значны ўклад у нашу агульную перамогу — і ў Еўропе, і ў Азіі. Але з лічбамі ўсё ж не паспрачаешся: згодна з апошнімі даследаваннямі, савецкія страты за гады вайны склалі каля 27 млн чалавек, кітайскія — 35 млн чалавек. Ніякія іншыя краіны не панеслі такіх вялікіх ахвяр. Беларусь, якая была часткай СССР, пацярпела, бадай, больш за іншых — мы страцілі амаль трэць свайго насельніцтва.
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі з хваляваннем ставяцца да памятных мерапрыемстваў. У мінулым годзе краіна адсвяткавала 70-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, сёлета — 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтыя падзеі сталі сапраўдным святам адзінства і з’яднання нашага народа.
Лукашэнка: калі 1,5-мільярдны кітайскі народ будзе помніць і шанаваць праўду аб Другой сусветнай вайне — нікому не ўдасца яе сказіць, аддаць забыццю
«Неабходна сумленна прызнаць, што ў свеце існуюць сілы, зацікаўленыя ў пераглядзе вынікаў Другой сусветнай вайны. Для чаго яны гэта робяць? Каб, паставіўшы пад сумненне гістарычную праўду, аспрэчыць цяперашнія правы і інтарэсы краін, што вынеслі асноўны цяжар вайны ў Еўропе і Азіі», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, гэтага нельга дапускаць.
«Як гаворыцца ў адным вядомым выслоўі, тыя, хто не засвоілі гісторыю, абавязкова яе паўтораць. І ў гэтым кантэксце на Кітай ускладзена асаблівая, калі хочаце, гістарычная місія: калі паўтарамільярдны кітайскі народ будзе помніць і шанаваць вынікі і праўду аб Другой сусветнай вайне — нікому не ўдасца яе сказіць, аддаць забыццю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка: мэты і прынцыпы Статута ААН павінны заставацца непарушнымі
Кіраўнік дзяржавы асабліва закрануў тэму пасляваеннага сусветнага парадку на чале з ААН. «Давайце помніць, што ААН стваралася як палепшаны варыянт Лігі Нацый, і яна адыграла сваю станоўчую ролю, бо пасля 1945 года паміж вялікімі дзяржавамі не было «гарачых войнаў», — выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што сёння складваецца іншая сітуацыя: «Ужо адышло ў гісторыю мінулае дзесяцігоддзе з яго «аднапалярным момантам». І мы ўсур’ёз зноў гаворым аб пабудове шматпалярнага свету».
У сувязі з гэтым, лічыць Прэзідэнт Беларусі, ідэі 70-гадовай даўніны аб цэнтральнай ролі ААН у свеце зноў запатрабаваны. Безумоўна, ААН павінна ісці ў нагу з часам і праводзіць неабходныя рэформы. Аляксандр Лукашэнка абсалютна ўпэўнены ў тым, што мэты і прынцыпы Статута ААН, а таксама кампетэнцыі яго асноўных органаў, прадпісаныя гэтым дакументам, павінны заставацца непарушнымі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кітайскі народ мае старажытныя і слаўныя гістарычныя традыцыі, якія ідуць углыб тысячагоддзяў. Усім вядома працавітасць кітайскага народа, дзякуючы якой пад мудрым кіраўніцтвам Кітай сёння ператварыўся ў сучасную дзяржаву, якая адыгрывае вядучую ролю ў сусветных працэсах, рухавік глабальнай эканомікі і ўзор для пераймання, на які арыентуюцца краіны свету, што развіваецца.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў народу КНР мірнага неба над галавой і здзяйснення кітайскай мары аб пабудове яшчэ больш моцнай і квітнеючай дзяржавы на аснове якаснага росту эканомікі, асабістага поспеху і дабрабыту яе грамадзян.
У асобе беларусаў кітайскі народ мае самых надзейных і адданых сяброў і партнёраў у цэнтры Еўропы, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. «Беларусь вельмі цэніць і ганарыцца адносінамі ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з Вялікім Кітаем», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.