Інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама па інфармаванні насельніцтва і сацыяльных пытаннях Юрыем Анатольевічам Васілеўскім

Актуальное Общество

s000124_390620Сукупнасць галін, арганізацый, якія самым непасрэдным чынам звязаны паміж сабой і вызначаюць лад і ўзровень жыцця людзей, іх дабрабыт, спажыванне, называюць сацыяльнай сферай. Да сацыяльнай сферы адносяць перш за ўсё сферу паслуг — адукацыю, ахову здароўя, культуру, сацыяльнае забеспячэнне.
Нягледзячы на шматлікія складанасці сацыяльная сфера нашага раёна дынамічна развіваецца. Пра гэта мы і пагутарылі з намеснікам старшыні райвыканкама па інфармаванні насельніцтва і сацыяльных пытаннях Юрыем Анатольевічам Васілеўскім.
— У краіне органамі дзяржаўнай улады надаецца вялікая ўвага развіццю спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей. Якія меры прымаюцца ў Шаркаўшчынскім раёне ў гэтым накірунку?
— Найбольшую сацыяльную значнасць маюць дзяржаўныя матэрыяльныя дапамогі сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці, а таксама адрасная сацыяльная дапамога. З фонду сацыяльнай абароны за першы квартал 2015 года выплачана дапамога 379 дзецям на суму больш чым 4 мільярды рублёў. За першае паўгоддзе адрасная сацыяльная дапамога аказана 363 грамадзянам на суму амаль 700 мільёнаў рублёў, у тым ліку 36 шматдзетным сем’ям, 19 — няпоўным сем’ям, 36 — поўным сем’ям, у якіх выхоўваюцца адзін або два непаўналетнія дзеці, і 11 адзінокім грамадзянам.
З пачатку дзеяння Указа Прэзідэнта краіны “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці”, у райвыканкам за назначэннем сямейнага капіталу звярнуліся 18 сем’яў.
— Юрый Анатольевіч, на старонках нашай газеты перыядычна друкуюцца матэрыялы, у якіх адлюстроўваюцца паслугі, што аказвае жыхарам раёна тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Наколькі яны запатрабаваныя?
— У цэнтры дзейнічаюць шэсць аддзяленняў. Гэта аддзяленне пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання, аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму, аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дзікева, аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. У студзені 2015 года пачало сваю працу аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Значнасць існавання кожнага з іх вялікая, бо асноўныя функцыі, якія ўкладзеныя ў спецыфіку іх работы, заключаюцца, у першую чаргу, ва ўсебаковай падтрымцы і дапамозе людзям, якім гэта патрабуецца. Сюды адносіцца і прадастаўленне месца для пражывання адзінокім грамадзянам, і садзейнічанне ў аказанні гаспадарча-бытавых паслуг, і арганізацыя карыснага адпачынку пажылых людзей, інвалідаў і іншае.
— У канцы жніўня прайшла раённая педагагічная канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся пытанні адукацыі ў нашым рэгіёне. Якія захады прымаюцца для дынамічнага яе развіцця?
— Для атрымання паўнацэннай і якаснай адукацыі ў раёне дзейнічаюць 10 дашкольных устаноў, 4 пачатковыя, 5 базавых і 7 сярэдніх школ. За парты сёлета селі 1598 школьнікаў, з іх 140 — першакласнікі. У дзіцячых садах выхоўваюцца 470 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Галоўнай умовай фарміравання інтэлектуальнага патэнцыялу школьнікаў з’яўляецца алімпіядны рух. Сёлета ў другім (раённым) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах прынялі ўдзел 176 вучняў, 79 з іх сталі пераможцамі і прызёрамі. На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды нашы вучні ўзнагароджаны трыма дыпломамі трэцяй ступені па матэматыцы, гісторыі і рускай мове. 9 выпускнікоў 11-х класаў атрымалі залатыя медалі, 15 вучняў дзявятых класаў — пасведчанні з “адзнакай”. У мэтах рэалізацыі правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне адукацыі з улікам іх індывідуальных магчымасцей у дзясятых класах арганізавана вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні. У новым вучэбным годзе ўведзена профільнае навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
На працягу двух год 5 школ раёна працавалі ў экалагічным праекце “Малыя рэкі — вялікія праблемы”. З 2013 года Германавіцкая СШ удзельнічае ў абласным творчым праекце “Укараненне мадэлі выхаваўчай работы, заснаванай на партнёрстве школы, сям’і і грамадскасці “Ад моцнай сям’і да моцнай дзяржавы”.
Вялікую ўвагу ўдзяляюць кіраўнікі, педагогі, вучні і іх бацькі пазабюджэтнай дзейнасці. Спачатку 2015 года атрымана даходаў на суму 145 мільёнаў рублёў, якія накіроўваюцца на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. На капітальны рамонт сёлета затрачана 580 мільёнаў рублёў, на цякучы — 280 мільёнаў.
Абнаўленне сістэмы адукацыі, якое адбываецца на сучасным этапе, выступае як галоўная ўмова фарміравання ў вучняў сацыяльна значных каштоўнасцей.
— Немалаважную ролю ў вызначэнні ладу і ўзроўню жыцця кожнага чалавека адыгрывае галіна культуры, работнікі якой прадастаўляюць шырокі спектр паслуг насельніцтву. У якіх накірунках развіваецца дадзеная сфера ў нашым раёне?
— Асноўнымі накірункамі з’яўляюцца развіццё мастацкай самадзейнасці, арганізацыя вольнага часу насельніцтва, папулярызацыя раённых свят, адраджэнне і развіццё нацыянальнай культуры, прапаганда традыцыйных рамёстваў і іншыя.
На сённяшні дзень у раёне налічваецца 47 устаноў культуры, сярод якіх бібліятэкі, музеі, дзіцячыя школы мастацтваў, клубныя ўстановы. Абслугоўваннем жыхароў аддаленых населеных пунктаў займаюцца спецыялісты аўтаклуба і бібліобуса.
Эстэтычнае выхаванне ў дзіцячых школах мастацтваў атрымоўваюць 247 дзяцей. Над вывучэннем гісторыка-культурнай спадчыны і яе захаваннем працуюць работнікі Германавіцкага музея культуры і быту, мемарыяльнага музея садавода Івана Сікоры ў Алашках. У апошнім, дарэчы, ужо на працягу сямнаццаці год праходзіць раённы фестываль “Светлы Яблычны Спас — Сікораўскай душы часцінка”. Сёлета гэта мерапрыемства набыло абласны маштаб. Ярка, відовішчна і запамінальна праходзяць традыцыйныя святы “Прыдзісненскія крыніцы”, Купалле, Масленіца і іншыя.
На базе ўстаноў створаны і працуюць сем калектываў мастацкай самадзейнасці, якія маюць званне “народны”, два — званне “узорны”. Яны з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі не толькі раённых мерапрыемстваў, але і абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў і фестываляў. Развіццём і прапагандай традыцыйных народных промыслаў заняты спецыялісты раённага цэнтра рамёстваў, Дома ганчара, народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Талака”. Далёка за межамі раёна і вобласці вядома імя выкладчыка Шаркаўшчынскай ДШМ мастака Віктара Крука — лаўрэата звання “Чалавек года Віцебшчыны-2014”, членаў Саюза майстроў Беларусі Сяргея і Ганны Рымдзёнкаў.
— Самым важным і асноўным у жыцці кожнага чалавека з’яўляецца яго здароўе. Ад гэтага непасрэдна залежаць і дэмаграфічны стан пэўнага рэгіёну, і паказчыкі працоўнай дзейнасці на вытворчасці. Наколькі адпавядаюць сучасным патрабаванням установы аховы здароўя Шаркаўшчынскага раёна?
— Медыцынскую дапамогу насельніцтву аказвае цэнтральная раённая бальніца на 100 ложкаў, якая здадзена ў эксплуатацыю ў лістападзе 2012 года. Кваліфікаваныя паслугі прадастаўляюць Лужкаўская бальніца сястрынскага догляду на 40 ложкаў, Лужкаўская участковая бальніца на 5 ложкаў, Германавіцкая, Іёдская і Лужкаўская ўрачэбныя амбулаторыі, 18 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Усе амбулаторыі і бальніцы сястрынскага догляду забяспечаныя спецыяльным аўтатранспартам. Укамплектаванасць урачэбным персаналам складае 98 працэнтаў. Сёлета на працу ва ўстановы аховы здароўя раёна накіравана 6 маладых спецыялістаў урачоў.
Дасягнута станоўчая дынаміка нарошчвання даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, удзельная вага якой склала ў агульным аб’ёме фінансавання 10 працэнтаў. Пастаянна пашыраюцца віды платных паслуг у стаматалогіі, лабараторнай дыягностыцы.
У ліку асноўных задач на бліжэйшую перспектыву стаяць: актывізацыя работы кабінета “планавання сям’і”; узмацненне міжведамаснага ўзаемадзеяння па эфектыўнай прафілактыцы траўматызму; павышэнне якасці праводзімай прафілактычнай работы па раннім выяўленні захворванняў; забеспячэнне рацыянальнага выкарыстоўвання бюджэтных сродкаў і эканоміі энергарэсурсаў.
На дадзены момант установы аховы здароўя ў поўным аб’ёме забяспечваюць насельніцтва якаснымі і даступнымі медыцынскімі паслугамі ў адпаведнасці з дзеючымі дзяржаўнымі нарматывамі, што станоўча ўплывае на павышэнне нараджальнасці і зніжэнне смяротнасці сярод насельніцтва Шаркаўшчынскага раёна.
— Дзякуй, Юрый Анатольевіч, за змястоўную гутарку.
Гутарку вёў Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *