Неаднаразова жыхары аграгарадка ад Дворнава заўважалі ў небе невядомы лятальны аб’ект, што плаўна і размерана перасякае прастору. Нават калі не бачыш, а толькі чуеш працяглы гук матора, які даносіцца з неба, так і ведай, што гэта Андрэй Баярынш зноў узняўся ў вышыню на сваім цудаапараце. Аднасяльчане прызналіся, што па-добраму зайздросцяць суседу, бо ён змог змайстраваць сабе ўнікальную “птушку”, якая здольная перанесці яго не толькі на пэўную адлегласць у паветранай прасторы, але і ад жыццёвых цяжкасцяў і кепскіх думак.
Мотапараплан — афіцыйная назва дадзенага лятальнага апарата і на сённяшні дзень ужо не першая прыступка Андрэя да дарогі па небе. Першым быў дэльталёт, што адрозніваецца вялікімі вагой і хуткасцю ў адрозненні ад дастаткова мабільнага ў транспарціроўцы мотапараплана. Трэба сказаць, што лятаць Андрэй марыў з дзяцінства, і яго мара перарасла ў захапленне ўсяго жыцця. Дарог на Урале, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады, мала, таму асноўным сродкам перамяшчэння з’яўляліся верталёты і самалёты. Трэба ў бальніцу ці абласны цэнтр — толькі небам. На сённяшні дзень лётная справа для Андрэя —гэта занятак для душы, якім ён актыўна займаецца з 2012 года. У неба на сваім мотапараплане падымаецца вельмі часта — як толькі дазваляе надвор’е.
Крыло з Украіны, рухавік з Рыбінска, вінт з Казані — на гэтым спіс не заканчваецца, бо дэталі прысылалі з розных частак свету. Зборка ажыццяўлялася адначасова з палётамі: на дэльталёце ляталі, а мотапараплан збіралі ўсю зіму. Спецыяльнай лётнай адукацыі ў яго няма, таму, жартуе Андрэй, лятаць вучыўся ў сне. Перад першым палётам наведаў лазню, апрануў чыстую бялізну і паляцеў, нікому не сказаўшы. Самая высокая вышыня — 2200 метраў. Падчас размовы экстрэмал прызнаўся, што на дасягнутым спыняцца не збіраецца і абавязкова будзе ўдасканальваць навыкі кіравання сваім мотапарапланам і яго канструкцыю. Такога кшталту лятальны двухмесны апарат на тэрыторыі Беларусі ў адзіным экзэмпляры і канструяваўся не па шаблонах. Жонка Марына расказала, што самы складаны бар’ер падчас палёту — сесці, надзець шлем і прышпіліцца. Для бяспечнага пералёту вецер павінен быць 2—3 м/с. Безумоўна, што без спецыяльных вымяральных прыбораў не абыходзіцца. Хуткапад’ёмнасць, тэмпература, вышыня над ўзроўнем мора — асноўныя паказчыкі.
Мне выпаў шанц падняцца над роднымі мясцінамі, якім я не магла не скарыстацца. Адразу папярэдзілі, што апранацца трэба цёпла і каштоўныя рэчы пакідаць на зямлі. Страшна не было, але і звычайнымі эмоцыямі гэта назваць цяжка: хуткі штуршок наперад і рэзкі ўзмах у вышыню. Пасля першых 10 секунд страта адчування рэальнасці, а перад вачамі — неверагодна прыгожыя краявіды. Ляталі мы больш за паўгадзіны, але ўражанне было, што толькі 5 хвілін. Перад намі адкрываліся роўныя палеткі розных геаметрычных форм, блакітныя азёры і хвалістыя лясы — усё змяніла звычайны выгляд. За ўвесь час мы максімальна падняліся на 650 метраў. Усе эмоцыі апісаць цяжка, адназначна адно — туды хочацца вярнуцца яшчэ, каб адчуць смак неба, вышыні і прыгажосці.
Вераніка ШЫПІЛА,
студэнтка філалагічнага факультэта ВДУ ім П. М. Машэрава.
Moi brat, Andrei, i pravda s detstva bil fantazerem i mechtatelem. Ja goržus svoim bratom.