32 гады прысвяціла бібліятэчнай справе Ірына Віктараўна Абламава

Актуальное

20Бібліятэка на працягу ўсёй сваёй гісторыі з’яўляецца скарбніцай культурных каштоўнасцей, захавальніцай нацыянальных традыцый беларускага народа, народнай творчасці. Бібліятэка стварае спрыяльную атмасферу, дапамагае авалодваць ведамі.
32 гады прысвяціла бібліятэчнай справе Ірына Віктараўна Абламава, якая нарадзілася 5 мая 1959 года ў вёсцы Цярэшкі, непадалёк ад Германавіч, у простай сялянскай сям’і Віктара Іосіфавіча і Веры Васільеўны Хрол. У 1976 годзе скончыла Германавіцкую сярэднюю школу. Лёс распарадзіўся так, што яна паступіла на філалагічны факультэт рускай мовы і літаратуры Мазырскага педагагічнага інстытута. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Ірына Віктараўна пачала працаваць настаўніцай у васьмігадовай школе ў вёсцы Ямна. Затым, у 1983 годзе, пачала працоўную дзейнасць у Германовіцкай бібліятэцы. Добразычлівыя зносіны з людзьмі, работа з кнігамі, інфармацыяй — гэта тое, што ёй было па душы, таму хацелася як мага больш засвоіць, спасцігнуць, зведаць усе драбніцы прафесіі бібліятэкара. У Германавічах праз некаторы час пабралася шлюбам з прыгожым і працавітым Юрыем Уладзіміравічам Абламавым, які працаваў у той час ветурачом у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Яго паважаюць людзі як добрага спецыяліста і чалавека. Тут нарадзіліся ў іх дачушкі Вера і Кацярына. Прыярытэтным напрамкам у дзейнасці Германавіцкай бібліятэкі была папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі роднага краю, беларускай краязнаўчай літаратуры. Прафесійны шлях Ірыны Віктараўны заўжды быў насычаны творчым пошукам і ініцыятывай. Яна заўсёды падказвала наведвальнікам, дапамагала выбраць патрэбную кнігу, газету, часопіс. Гэта вельмі кваліфікаваны спецыяліст і надзвычай чулы чалавек. Яна праводзіла шмат розных мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых. За сваю працоўную біяграфію неаднаразова была ўзнагароджана ганаровымі граматамі за актыўную і плённую працу ва ўстанове культуры. Яе праца бібліятэкара і сёння не забытая і з’яўляецца выдатным прыкладам для моладзі.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *