Напярэдадні прафесійнага свята Дня работнікаў лесу наш карэспандэнт наведаў Іёдскае лясніцтва

Актуальное

(злева направа) майстар лесу Руслан Францэвіч, памочнік ляснічага Алег Шпец, ляснічы Аляксандр Гедроіц, майстар лесу Аляксандр Бука
(злева направа) майстар лесу Руслан Францэвіч, памочнік ляснічага Алег Шпец, ляснічы Аляксандр Гедроіц, майстар лесу Аляксандр Бука

Восень уладарна расфарбоўвае неабсяжныя прасторы пушчаў, лясоў, балот яркім жоўтым і барвовым лісцем, ствараючы тым самым неверагодную прыродную прыгажосць. У такую пару, а менавіта ў трэцюю нядзелю верасня, сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, якія абралі для сябе працу ў лясной гаспадарцы.
Лясны фонд нашага раёна ўваходзіць у склад Дзісненскага, Пастаўскага лясгасаў і Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. У падпарадкаванні апошняга знаходзіцца Іёдскае лясніцтва, куды мы і наведаліся напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў лесу.
— Ведамасная прыналежнасць нашага лясніцтва як састаўной часткі Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” адносіцца не да Міністэрства лясной гаспадаркі краіны, а да Кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — расказвае памочнік ляснічага Алег Шпец. — Уся гаспадарчая дзейнасць, якую мы праводзім на сваёй тэрыторыі, накіраваная на захаванне натуральных прыродных комплексаў.
Агульная плошча Іёдскага лясніцтва складае больш трынаццаці тысяч гектараў, з якіх прыблізна палова знаходзіцца на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна. Штогод Нацыянальным паркам “Браслаўскія азёры” даводзяцца адпаведныя планы па асвятленні, прачыстцы і прарэджванні лесанасаджэнняў. Напрыклад, сёлета даведзены план па высучках галоўнага карыстання складае пятнаццаць з паловай тысяч кубічных метраў драўніны. За восем месяцаў намі нарыхтавана 6 тысяч 300 кубічных метраў. Гэты від гаспадарчай работы выконваем уласнымі сіламі, а вываз драўніны ажыццяўляецца транспартам Нацыянальнага парку, тэхнікай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, райпаліўзбыту і іншымі.
На працягу мінулага і сёлетняга гадоў работнікі лясніцтва займаліся расчысткай плошчаў для будаўніцтва лесагаспадарчай дарогі Свілы — Журавоўшчына. Яе ўвядзенне ў эксплуатацыю ў мінулым месяцы забяспечыла дадатковы доступ да ляснога фонду. Акрамя гэтага, дзякуючы новаму чатырнаццацікіламетроваму ўчастку дарогі, зараз можна без перашкод даехаць у вёскі Дубраўка і Казяны Браслаўскага раёна.
Для якаснага і своечасовага правядзення планавых гаспадарчых работ маем усё неабходнае — бензапілы, мотапомпы, кустарэзы. У наяўнасці таксама два грузапасажырскія аўтамабілі УАЗ, адзін ГАЗ-3308, дзве адзінкі трактараў МТЗ-82 і адзін ТТР (тралёвачны трактар).
Тым не менш, нават маючы дастатковую колькасць тэхнікі, ні ў якім разе не абысціся без людской працы, якую і ў летнюю спёку, і ў зімовую сцюжу на адкрытым паветры выконваюць нашы работнікі. У штаце лясніцтва налічваецца 28 чалавек: ляснічы, яго памочнік, чатыры майстры лесу, 19 леснікоў, яны, дарэчы, у нас маюць сумежныя спецыяльнасці ляснік-вадзіцель, ляснік-трактарыст, ляснік-вальшчык.

Майстар лесу Алёйза Матрунёнак
Майстар лесу Алёйза Матрунёнак

Слоў удзячнасці за сваю нялёгкую працу заслугоўваюць многія работнікі. Сярод іх майстар лесу Алёйза Матрунёнак, які мае пенсійны ўзрост, але і зараз яшчэ сумленна выконвае свае службовыя абавязкі, перадае вопыт маладому пакаленню. Са станоўчага боку хочацца адзначыць працу Валерыя Міхалёнка, Леаніда Сапуна, Вячаслава Падобы, Анатолія Грайчонка і іншых.
Напярэдадні прафесійнага свята ад усёй душы жадаю сваім калегам па працы моцнага здароўя, аптымізму, стабільнасці. Няхай усе вашы мэты і памкненні абавязкова рэалізуюцца, а ў сем’ях пануюць толькі згода, лад і дабрабыт!
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *