Лаўры пераможцаў. Падрабязны расказ пра абласны турыстычны злёт, на якім сёлета шаркаўчане занялі першае месца
Абласны турыстычны злёт моладзі сёлета праходзіў на маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны ў Уле Бешанковіцкага раёна, а адкрыццё прайшло каля мемарыяла ў вёсцы Узрэчча, адзінага месца на тэрыторыі СНД, дзе пахавана восем героеў Савецкага саюза, якія загінулі, штурмуючы высокі бераг ракі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Усклаўшы кветкі да мемарыяла, маладыя людзі з першага ж дня ўключыліся ў захапляльную
барацьбу на трасе па велатурысцкаму мнагабор’ю. Наш раён у гэтым відзе прадстаўлялі малады палявод аддзялення Каўшэлева ААТ «Жвіранка» Андрэй Дзянісаў і Вераніка Маляўка з ДКУБП ПМК-68. І прадставілі вельмі дастойна. У іх актыве аказалася другое месца на гэтай вельмі складанай і тэхнічна насычанай трасе.
Вечарам на цэнтральнай паляне лагера адбыліся выступленні самадзейных артыстаў. Праграма шаркаўчан, якую падрыхтавалі Маша Рабіза і Вераніка Сяткоўская з РДК прайшла на ўра. Турыстычнае вяселле ў Малінаўцы ў выкананні Сяргея Райчонка, Аляксандра Магаліцкага, Дзмітрыя Зеляпужына, Івана Русецкага, Данса Буславічуса, Юліі Касцюкевіч, Людмілы Рагачэўскай выклікала буру глядацкіх
апладысментаў. А асабліва спадабаўся ўсім Папандопулас у выкананні Улада Алешчанка. У выніку з мінулагодняга 9 месца нашы артысты перамясціліся на чацвёртае. Відавочна, што суддзі хацелі падтрымаць такім чынам і іншыя каманды, бо канчатковыя вынікі гэтага конкурсу былі падведзены пасля таго, як стала вядома, што шаркаўчане занялі тры першыя месцы ў наступных конкурсах. Адным з якіх стала краязнаўчая віктарыны «Віцебшчына Алімпійская». Тры гады запар шаркаўшчынскія інтэлектуалы не саступалі нікому свайго лідарства. Не выключэннем стаў і гэты год. Мікалай Рубацкі, Марына Зайцава, Наталля Берніковіч, Марына Буткевіч і Людміла Рагачэўская прадэманстравалі выдатныя веды на раённым злёце моладзі і пацвердзілі свой клас на абласным узроўні. Як вынік — дыплом 1-й ступені.
Яшчэ адно першае месца заваявалі шаркаўчане ў конкурсе газет на тэму: «Турызм — гэта…» Вельмі адказна аднеслася да сваёй ролі каманднага мастака Таццяна Гембіцкая з Болкалаўскай школы. Зробленая пры інтэлектуальнай падтрымцы капітана нашай каманды Марыны Зайцаваў і дапамозе Ігара Бабоўскага, які адкрыў у сабе мастацкія здольнасці, наша газета выглядала яўным фаварытам. Станоўчыя атмасфера і эмоцыі ў камандзе ў шмат чым залежаць ад турыстычнага быта. І тут без творчых навінак, нават маленькіх, але яркіх дробязей ніяк нельга. У гэтым нам дапамог дырэктар Велікасельскай школы-сада Юрый Матуль. Яго «крутога турыста», зробленага з драўляных качулак, мы нарадзілі ў турыстычныя абвязкі, прымацавалі на грудзі закурадымлены кацялок, у які можна было класці ахвяраванні на развіццё турызму, і паставілі яго ля ўвахода ў наш лагер. У адной руцэ ён трымаў нашу Шаркаўшчынскую харугву, у іншай, накіраванай у бок лагера, букет з кветак. У ахвотных сфатаграфавацца з такім каларытным турыстам недахопу не было. У самым прыгожым месцы ля малодзенькіх кустоў ядлоўцу ўстанавілі мы фантан са светлавым каляровым падсвечваннем. Ён, а таксама вяровачныя арэлі і вогнішча стваралі дадатковую ўтульнасць і масу станоўчых эмоцый, так што нават на дыскатэку нам са

без камандных павароў Алены Салаўёвай, Наталлі Берніковіч і іх смачных абедаў перамогі былі б немагчымыя
свайго лагера ісці не хацелася. У добраўпарадкаванні лагера асабліва пастараліся Дзмітрый Зеляпужын, Ігар Бабоўскі, Мікалай Рубацкі і іншыя памочнікі. Трэба сказаць, што хлопцы і дзяўчаты вельмі хвалілі наш шаркаўшчынскі квас, аўсянае пячэнне і свежыя батоны з хлебазавода і добрымі словамі ўспаміналі яго кіраўніка Людмілу Яўгенаўну Фёдараву. Цуды смакаты стваралі нашы павары Алена Салаўёва, Наталля Берніковіч і Марына Зайцава. Смачна, карарытна, з ветлівай усмешкай накарміць галодных турыстаў ды яшчэ стварыць дамашюю ўтульную абстаноўку, гэта не кожнаму дадзена.
Наколькі прыдзірлівы быў камендант лагера, былы палкоўнік і афганец Юрман, які ў мінулым годзе аддаў нашай камандзе у конкурсе па быце 14 месца, але на гэты раз ён быў задаволены . У выніку ў конкурсе турысцкіх навыкаў і быту мы таксама святкавалі перамогу.
Другі дзень пачаўся з дажджу і самага складанага спаборніцтва па турыстычна-прыкладному мнагабор’ю ў горна-пешаходнай тэхніцы. На такім высокім узроўні, што патрабуецца ад удзельнікаў, у нас здольныя працаваць толькі 7 чалавек. Гэта тыя, хто ў свой час не менш за 2-3 гады сістэматычна займаўся ў турыстычным гуртку Андрэя Аляксеевіча Чэпіка і выязждаў на разнастайныя абласныя спаборніцтвы. У нашай
камандзе быў толькі адзін навічок — Юлія Гродзь з ПМК-68. Сяргей Сямёнаў, Аляксандр і Юлія Каплуноўскія, Аксана Бабоўская, усе яны вопытныя турысты са стажам. А для Аляксандра Магаліцкага з СШ №1 гэты турзлёт стаў юбілейным, 15-ым. З чым мы, дарэчы, яго і віншуем. Але нягледзячы на вопыт, усё роўна наша дружына заняла ў гэтым відзе толькі 10-е месца. Значыць, адного адбору лепшых спартсменаў на раённым турзлёце мала, неабходныя сур’ёзная метадычная трэніроўка і пастаянны ўдзел у абласных спаборніцтвах.
Вельмі складанай аказалася траса і па водна-турысцкаму мнагабор’ю. Яўгену Туронку і Людміле Рагачэўскай давялося сутыкнуцца пры праходзе дыстанцыі на турыстычных байдарках з новымі відамі перашкод. Адзін няверны грабок, і моцная плынь Заходняй Дзвіны адносіла лодку адразу на 5 метраў убок. Прайшоўшы экспромтам увесь гэты экстрым, наш водны экіпаж заняў 11-е месца. Але не разгубіўся і рук не апусціў. На наступны дзень, рыхтуючыся да новых водных спаборніцтваў ў турысцкім трыятлоне, яны з 6 гадзін раніцы да самага старта ў 10 гадзін трэніраваліся і асвойвалі новае воднае выпрабаванне. Паглядзеўшы на паказальныя выступленні
навапалачан, хутка перабудавалі тэхніку і тактыку і, прайшоўшы яе толькі з 15 секундамі штрафу, перадалі эстафету пешаходным турыстам Сяргею Сямёнаву і Юліі Каплуноўскай. Абавязкова трэба сказаць пра Юлін мужны характар, яна праходзіла дыстанцыю з вывіхнутым вялікім пальцам рукі і моцным болем. Завяршалі эстафету веласіпедысты Андрэй Дзянісаў і Вераніка Маляўка. Якая ж была наша радасць, калі мы даведаліся, што наша бліскучая шасцёрка эстафетчыкаў абаснавалася на сярэбранай прыступцы п’едэстала.

бронзавыя прызёры ў эстафеце па спартыўнаму арыентаванню Ігар Бабоўскі, Святлана Кірсанава, Аляксандр Лагун
Сапраўдную сенсацыю злёту зрабілі Ігар Бабоўскі, Аляксандр Лагун і Святлана Кірсанава, якія, маючы ў саперніках тытулаваных кандытаў і
майстроў спорту, занялі трэцяе месца ў эстафеце па спартыўнаму арыентаванню. Сапраўды, малайцы.
Агульны ж вынік наступны: упершыню ў гісторыі абласных злётаў моладзі шаркаўшчынская каманда турыстаў заняла першае агульнакаманднае месца.
Віцебчане здзіўляліся, адкуль мы такую класную каманду сфарміравалі. Адказ быў просты: у нашым раённым турзлёце ўдзельнічаюць 18 каманд, уся маладзёжная эліта раёна. З іх і адбіраюцца лепшыя з лепшых, якія абараняюць гонар раёна на абласным узроўні.
А напрыканцы хочацца сказаць словы падзякі ўсёй камандзе турыстаў 2011 года, усім кіраўнікам працоўных калектываў і кіраўніцтву раёна за усямерную падтрымку.

У гасцях добра, а дома лепей. Вось так, даехаўшы да межаў свайго раёна, шаркаўшчынскія турысты віталі родную зямлю
Шаркаўшчынская маладзёжная турыстычная эліта сёлета лепшая ў вобласці. Віншуем!
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.