Аповед пра велапаход зоркаўскіх школьнікаў па маршруце Зорка—Германавічы—Лужкі—Гарадзец—Зорка

Турызм

Ва ўспамінах не знікне дзень гэты...Лета — гэта найлепшы час для вандровак. Наш чытач памятае, як летась мы расказвалі пра велападарожжы зоркаўскіх школьнікаў на чале з Віктарам Сцяпанавічам Морхатам і Сямёнам Вітальевічам Фаміным. Вось і сёлета велатурысты адкрылі чарговы сезон велапаходам Зорка—Германавічы—Лужкі—Гарадзец—Зорка. А цяпер расказваюць нам пра яго.
Дачакаемся новых летаў,
Іх наперадзе многа ў нас.
З летам вернецца, ёсць прыкметы,
Незабыўных вандровак час.
Гарызонта пашырым кола,
Будзем там, дзе яшчэ не былі…
О якія там прастор і воля,
Рэк чароўныя берагі!
Нас чакаюць сустрэчы новыя.
Колькі яркіх мясцін і людзей!
Дыялог будзем весці з гісторыяй,
Разгадаем сакрэты падзей.
Мы жадаем пашырыць веды
Пра Радзіму, зямлю, народ…
Мы рыхтуем веласіпеды
І збіраемся ў новы паход!
Гімн школьнага велаклуба “Кола”
У папярэднія месяцы, абапіраючыся на вопыт сваіх мінулагодніх падарожжаў па Дзісеншчыне, мы арганізацыйна аформіліся ў школьны велаклуб “Кола”, распрацавалі шэраг цікавых маршрутаў.
1 ліпеня мы здзейснілі свой першы велапаход гэтага лета. Маршрут яго:
Зорка—Германавічы—Лужкі—Гарадзец—Зорка. Працягласць — 50 кіламетраў (туды і назад) за 11—12 дзённых гадзін. Мэта — наведванне памятных мясцін, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, знаёмства з культурна-гістарычнымі аб’ектамі Шаркаўшчынскага раёна. Удзельнікі — вучні старэйшых класаў нашай школы. Сярод іх нашы “ветэраны велатурызму” Ілья Язёнак, Максім Хоміч, Сцяпан Хрол, Аліна Якімовіч, Яўген Якімовіч, Юлія Окунь, Дар’я Фаміна, а таксама навічкі — Карына Осіпава, Арына Толсцік, Андрэй Язёнак. Добрая справа захапляе, таму да нас далучылася дырэктар школы Мая Яўгенаўна Якімовіч. Арганізатарамі і штурманамі пахода традыцыйна ўжо былі Віктар Сцяпанавіч Морхат і Сямён Вітальевіч Фамін.
Як многа цікавага і патрэбнага ўбачылі мы за дзень вандроўкі! Пазнанне Радзімы пачынаецца з пазнання малой радзімы, роднага кутка Беларусі.
Мы спыняліся ля памятных стэл, узведзеных на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Гісторыя робіцца блізкай
Ахвяры, героі яе…
Нам прозвішчы на абелісках —
Суровы ўспамін аб вайне…
Памятныя стэлы з імёнамі загінуўшых землякоў ёсць на тэрыторыі нашага сельгаспрадпрыемства “Ельня-Агра” (у вёсках Зорка і Юзафова), у Германавічах, у Гарадцы. А ў Лужках — помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў барацьбе і пры вызваленні Лужкоў 30 чэрвеня 1944 года: скульптура воіна з узнятым для салюта аўтаматам.
* * *
Візітнай карткай Германавіч можна назваць стэнд-фотамантаж “Германавічам — 450 год” (“Ганарымся мінулым — верым у будучыню”), размешчаны на скрыжаванні ў цэнтры. Германавічы — родная вёска Віктара Сцяпанавіча Морхата. Яму прыемна было паказаць вучням фотаздымак мінулых гадоў, на якім сярод калгасніц на церабленні лёну яго маці і родзічы (фотаздымак 1950 года). А на другім фотаздымку —любімыя настаўнікі Лідзія Мікалаеўна Шарова, Вікенцій Антонавіч Глушын, Арсеній Емяльянавіч Каштальян (фотаздымак 60-х гадоў).
Незабыўна-яркія ўражанні у нашых велатурыстаў стварыла наведванне культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча і прыватнага літаратурна-мастацкага музея імя Міхася Райчонка ў Германавічах. Стваральніца і захавальніца іх — Ада Эльеўна Райчонак, актыўная ўдзельніца грамадскага і краязнаўчага жыцця Віцебшчыны. А ў нашым раёне менавіта яе энтузіязмам і працай створаны выдатныя музеі: Германавіцкі дзяржаўны музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча, гісторыка-краязнаўчы музей Германавіцкай сярэдняй школы, які пачынаўся ёю яшчэ ў 80-я гады з вывучэння гераічнага шляху 1406-га зенітна-артылерыйскага палка, музей-сядзіба вучонага-садавода Івана Паўлавіча Сікоры ў вёсцы Малыя Алашкі.
У музеі культурна-асветніцкага цэнтра Ада Эльеўна сабрала карціны сучасных беларускіх мастакоў, якія ўдзельнічалі ў штогадовых пленэрах “Шляхамі Язэпа Драздовіча”. Такіх падараваных аўтарамі карцін — яркіх, арыгінальных, таленавітых — больш за сотню. Яшчэ яна адшукала, сабрала, захавала дзясяткі карцін нашых вядомых мастакоў з Дзісеншчыны — Пётры Сергіевіча, Пятра Касцюкевіча, Віктара Крука, Ванды Лагун і іншых. Іх карціны тэматычна аб’яднаны пад агульнай назвай “Святло патухшых зорак”.
Сабраны ў музеі культурна-асветніцкага цэнтра матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю сына Ады Эльеўны — Міхася Райчонка, які быў вядомым краязнаўцам Віцебшчыны, даследчыкам творчасці Язэпа Драздовіча, пачынаючым паэтам і празаікам, але заўчасна памёр у 1999 годзе на 26-м годзе свайго жыцця.
Нам, волей абставін вымушаным знаёміцца з мастацкімі палотнамі пераважна па рэпрадукцыях, было надзвычай цікава ўбачыць карціны ў “натуральным” іх выглядзе.
Ада Эльеўна — арганізатар сустрэч, канферэнцый, семінараў, пленэраў, мерапрыемстваў краязнаўчага і беларусазнаўчага характару, з радасцю прымае гасцей-наведвальнікаў культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах. Справай свайго жыцця яна пацвярджае прачулыя словы паэта Рыгора Барадуліна:
Радзімазнаўства —
Мудрая навука.
Радзімазнаўца,
Як у забыцці,
Ідзе, каб сцежку
Ісціны знайсці…
* * *
На самым выгіне ракі
Пад назвай, ці не праўда, мілай — Мнюта,
Апранутыя ў зеляніну з густам,
Глядзяцца з берага ў раку Лужкі…
Віктар ЛАГУН.
Праз нейкі час быў у велатурыстаў прыпынак і адпачынак на ўскрайку лесу, а потым — сустрэча з мястэчкам (ці аграгарадком па-цяперашняму) Лужкі. Там, як і было дамоўлена, сустрэлі нас працаўніцы мясцовай бібліятэкі Ірына Іосіфаўна Машара і Алена Андрэеўна Гугалінская. Яны, стаўшы нашымі экскурсаводамі, пазнаёмілі нас з гісторыка-культурнай спадчынай лужкаўскай зямлі.
Лужкі, як і Германавічы, па былых характэрных прыкметах — тыповае мястэчка. Так у 14—першай палове 20-га стагоддзяў называлі населеныя пункты (існуючыя, дарэчы, амаль ва ўсіх краінах свету) з некаторымі прыкметамі горада. Ад сяла і вёскі мястэчка адрознівалася наяўнасцю рамяства і гандлю як сталых заняткаў часткі жыхароў, ад горада — адсутнасцю абарончых збудаванняў, памерамі і колькасцю жыхароў. Выконвалі яны і адміністрацыйныя функцыі для навакольных вёсак, былі цэнтрамі мясцовага гандлю і рамяства. У канцы 19 стагоддзя на Беларусі было каля 300 мястэчак, у тым ліку ў нашым Дзісенскім павеце — 18.
Лужкі крыху большыя за Германавічы і крыху старэйшыя. Першае ўпамінанне Лужкоў у пісьмовых крыніцах адносіцца да 1519 года, Германавіч — да 1563. Ёсць цікавая кніжка ўспамінаў пра Лужкі міжваеннага часу (20—30-я гг. 20 ст.) ураджэнца мястэчка Васіля Стомы “Маё мястэчка”. Успаміны яго друкаваліся ў 90-х гадах у часопісе “Полымя”, у мінулым годзе яны выйшлі асобнай кніжкай. Не так даўно адбылася яе прэзентацыя ў Лужках. Кніжка цікавая, жывая, да таго ж напісана з добрым лірычна-настальгічным гумарам.
Адной з прыкмет мястэчак з’яўляліся брукаваныя вуліцы, звычайна цэнтральныя. У Лужках мы ўбачылі вулачку з рэшткамі брукаванкі. Вядзе яна да будынка вадзянога млына на Мнюце. Гэта помнік прамысловай архітэктуры пачатку 20 ст. Пад № 2633 ён унесены ў рэестр помнікаў гісторыі і культуры Беларусі па Віцебскай вобласці. Ён трохпавярховы, узведзены з бутавага каменю і цэглы. Яшчэ тры дзесяцігоддзі пасля Вялікай Айчыннай вайны млын працаваў. Абследавалі мы тры яго паверхі, паслухалі шум млыннага вадаспаду на мосце-плаціне. Патрэбен рамонт, грашовыя сродкі, зацікаўлены спонсар — цудоўны турыстычны аб’ект з’явіўся б тут…
Характэрнай прыкметай беларускіх мястэчак з’яўляецца сумеснае існаванне рэлігійных збудаванняў розных канфесій і вераванняў. У Германавічах гэта касцёл і царква так званай “старой праваслаўнай веры”. У Лужках — Міхайлаўскі касцёл пабудовы 1744—1756 гадоў і храм Раства Прасвятой Багародзіцы пабудовы 1794 года (адбудоўваўся ў 1831 і 1885 гадах пасля пажараў). Да 1941 года ў Лужках была і сінагога — яўрэйскі малітоўны дом.
* * *
Адметнасць беларускіх мястэчак у тым, што яны мелі сярод насельнікаў вялікую колькасць яўрэяў. Так склалася, што яшчэ ў сярэднія вякі гнаныя ў многіх краінах Еўропы яўрэі знаходзілі прытулак ў больш лаяльнай Рэчы Паспалітай. З далучэннем беларускіх зямель да Расійскай імперыі яе ўлады “абачліва” ўвялі “мяжу яўрэйскай аседласці” — забарону яўрэям пастаянна пражываць на ўсход ад Магілёўшчыны. Былі ўведзены пэўныя абмежаванні іх грамадзянскіх правоў. А ў сувязі з тым, што яўрэі мелі права займацца толькі гандлем і рамёствамі, яны сяліліся выключна ў гарадах і мястэчках.
Будынак былой яўрэйскай сінагогі ў Лужках часткова захаваўся: сцены без столі і даху. Ён пазначаны як культурна-гістарычны помнік. Пры сінагозе існаваў хедар — пачатковая яўрэйская школа. У ёй першапачатковую адукацыю атрымаў славуты Лазар Перальман — Эліэзер Бен-Іегуда. Лазар Перальман (1858—1922) нарадзіўся ў мястэчку Лужкі ў беднай сям’і, рана застаўся без бацькі. Бен-Іегуда (што ў перакладзе — сын свайго бацькі Іегуды) — гэта псеўданім, які ён возьме сабе значна пазней, калі пераедзе жыць у Палесціну. Сярэднюю (у Полацку, Глыбокім, Дзвінску) і вышэйшую (медыцынскую ў Парыжы) адукацыю ён атрымоўвае з дапамогай больш заможных родзічаў. Жыццёвы і творчы шлях свой Бен-Іегуда прысвяціў адраджэнню старажытнай яўрэйскай мовы — іўрыта. Яго жыццёвым дэвізам быў выраз: “Яўрэй, размаўляй на іўрыце!” У 1881 годзе ён едзе ў Палесціну, дзе пачынаецца рух за аднаўленне яўрэйскай дзяржавы. Там Бен-Іегуда выдае газету на іўрыце “Ацві”, засноўвае Камітэт мовы іўрыт, пасля — акадэмію, пачынае публікацыю першага поўнага слоўніка старажытнага і сучаснага іўрыта. Зараз іўрыт — дзяржаўная мова Ізраіля.
У верасні 2014 года ў Лужках адбылося адкрыццё турысцка-інфармацыйнай дошкі ў гонар Бен-Іегуды. Побач з цэнтральным паркам знаходзіцца месца, дзе калісьці стаяла хата гэтай сям’і. Захаваўся толькі фундамент. Па сведчанні Мацвея Цапялевіча (са слоў яго бацькі), “…у Перальманаў не было фіранак на вокнах, а на падаконніку ляжалі кнігі. Менавіта таму іншыя мясцовыя жыхары называлі бацьку “кніжнікам”. Наогул, яўрэйскія асяродкі мястэчак Дзісеншчыны далі шэраг неардынарных асоб, якія ўвайшлі ў гісторыю і культуру Беларусі, Расіі. Перэльман Берта Іосіфаўна (1876—1918) з Лужкоў стала ўдзельніцай расійскага рэвалюцыйнага руху, змагалася на барыкадах Масквы ў снежні 1905 года, уваходзіла ў партыйны актыў Маскоўскага падпольнага камітэта РСДРП. Ліліна (па мужу Радамысльская) Злата Іонаўна (1882—1929) з мястэчка Друя — дзеячка расійскага рэвалюцыйнага руху, публіцыст, педагог. Яна — жонка аднаго з кіраўнікоў РКП(б) Р. Я. Зіноўева (Радамысльскага). Мінскі (сапр. Віленкін) Мікалай Максімавіч (1885—1937 ) з Глыбокага — расійскі паэт і публіцыст, адзін з пачынальнікаў сімвалізму.
* * *
Прываблівае турыстаў адрэстаўраваны ў апошнія дзесяцігоддзі будынак касцёла святога Міхаіла Архангела. У касцёла арыгінальны фасад, увагнуты ўнутр. Храмаў з такой планіроўкай фасаду на Беларусі ўсяго некалькі. Храм па ўзроўні дэкору не саступае агульнаеўрапейскім узорам.
Але… “былі часы, была эпоха” з ваяўнічым атэізмам: у 1950 годзе савецкія ўлады аддалі будынак касцёла пад склад збожжа і хімічных угнаенняў. Захаваўся фотаздымак 60-х гадоў, дзе бачацца ў алтары касцёла з дзясятак мяшкоў са збожжам.
Доўгачаканыя перамены прыйшлі ў канцы 80-х гадоў: намаганнямі ксяндза Задарожскай парафіі Луцыяна Паўліка і нешматлікіх парафіян касцёл быў адрэстаўраваны, з 1990 года збірае пад сваімі вежамі вернікаў, вяртаючы ў нашае жыццё духоўнасць і адраджаючы беларускую мову, культуру, беларускія традыцыі.
* * *
Далей у нас па маршруце вёска Гарадзец. Нас тут цікавяць некалькі вядомых аб’ектаў. Шкада, што перастаў дзейнічаць Гарадзецкі музей мастацтва і этнаграфіі. Па багацці экспанатаў, майстэрскім іх афармленні, умелай падачы матэрыялу ў час экскурсій музей выдзяляўся з шэрагу іншых.
Гарадзец — вёска ў 2 кіламетрах ад Лужкоў, таксама на берагах Мнюты. Назва паходзіць ад існаваўшага тут, згодна з археалагічнымі даследаваннямі Ф. В. Пакроўскага (канец 19 ст.), А. і У. Галубовічаў (1938 год), Г. В. Штыхава (1973 і 1981 гады), славянскага гарадзішча 8—9 стагоддзяў. Калісьці тут праводзіў саматужныя археалагічныя раскопкі Язэп Драздовіч. Таму перайменаванне Гарадца ў вёску Дзіўную (з 1969 па 1993 год) выглядала дзіўным, непатрэбным і крыўдным: як бы адабралі прыроднае, гістарычнае імя.
Цэнтр Гарадца — плошча ля архітэктурнага помніка 18—19 стагоддзяў палаца былога ўладальніка маёнтка графа Зіберг-Плятэра. Сёння тут размешчана дырэкцыя сельгаспрадпрыемства “Гарадзец”.
На плошчы — высокі абеліск з сімвалічнымі барэльефнымі выявамі вянка памяці і твару салдата-пераможцы. Узведзены ён у 1975 годзе на ўшанаванне памяці 49 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Пад шатамі дрэў парка на плошчы — два невысокія абеліскі, аб’яднаныя стэлай з сімвалічнымі выявамі Вечнага агню і датамі вайны. Тут знаходзяцца пахаванні 9 савецкіх ваеннапалонных, расстраляных нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1942 годзе, і партызанскай разведчыцы Анастасіі Давыдаўны Бельскай. Побач устаноўлена гармата часоў вайны.
Анастасія Давыдаўна Бельская нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Арэхаўна Полацкага раёна ў сялянскай сям’і. Напярэдадні вайны яна працавала настаўніцай ва Ушацкім раёне, актыўна ўключылася ў барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, была партызанскай разведчыцай. Яна распаўсюджвала сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збірала і перадавала партызанам звесткі аб дыслакацыі і перамяшчэнні варожых вайсковых часцей, вяла дыверсійную работу ў тыле ворага, узарвала фашысцкую камендатуру ў Глыбокім. У красавіку 1944 года, выконваючы чарговае заданне, патрапіла на варожую засаду. Цяжка параненую патрыётку гітлераўцы захапілі ў палон і пасля катаванняў забілі яе. Абеліск на магіле адважнай партызанкі пастаўлены ў 1957 годзе.
* * *
Апошнім аб’ектам нашага даследавання стала капліца на ўсходняй ускраіне Гарадца. На ўзвышэнні, верагодна насыпным, узведзена трох’яруснае збудаванне вышынёй 10 метраў. Ніжні цокальны ярус складзены з валуноў і драблёнага чорнага граніту, два астатнія — з цэглы. Верхні ярус прарэзаны арачнымі праёмамі, у ім устаноўлена скульптурная фігура Хрыста-пакутніка з крыжам.
Даведнікі адносяць час узвядзення капліцы да канца 18 ст. Існуюе мясцовая легенда пра тое, што курган і капліца — надмагілле французскіх салдат, якія загінулі тут у 1812 годзе падчас вялікай бітвы паблізу Лужкоў. Але яна наўрад ці заслугоўвае даверу. Летам таго года 1-я руская армія Барклая дэ Толі адыходзіла ад Дрысы на Віцебск па правым беразе Заходняй Дзвіны. 2-я армія Баграціёна знаходзілася значна паўднёвей. А Напалеон ішоў ад Вільні праз Глыбокае на Віцебск бесперашкодна. Няма сведчанняў і пра якія-небудзь сутычкі тут падчас уцёкаў фрацузаў зімой. Больш верагодня версія, што капліца ўзведзена ці то ў гонар Канстытуцыі 1791 года (як мемарыяльныя калоны ў Глыбокім і Лявонпалі), ці то як сімвал-абярэг усходніх зямель, калі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 года граніцы Расійскай імперыі пагрозліва наблізіліся.
Вось такім быў для нас дзень 1 ліпеня 2015 года. Усяго толькі адзінаццаць гадзін былі мы ў велапаходзе, а як многа ўбачылі і даведаліся…
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.

Візітная картка Германавіч Культурна-асветніцкі цэнтр імя Драздовіча Ля магілы партызанкі Бельскай Ля помніка вызваліцелям Родныя краявіды Турыстычна-інфармацыйная дошка ў гонар Бен-Іегуды У Лужках, ля храма Раства Прасвятой Багародзіцы У музеі Ады Эльеўны



1 комментарий по теме “Аповед пра велапаход зоркаўскіх школьнікаў па маршруце Зорка—Германавічы—Лужкі—Гарадзец—Зорка

  1. Цудоўныя і карысныя ўсе ж такія вандроўкі!Прачытала артыкул з вялікім задавальненнем, бо калісьці і сама была ўдзельніцай вела падарожжаў. Іх у той час, як і зараз, арганізоўваў Морхат Віктар Сцяпанавіч.Дарэчы, гэта не толькі мой былы настаўнік, але і мой любы бацька. Вялікі аматар гісторыі і падарожжаў, ён перадаў мне гэтую любоў, цягу да пазнання новага і цікавага. Зараз мне па працы даводзіцца шмат вандраваць-камандыроўкі ў розныя замежныя краіны. Шмат пабачыла і яшчэ ўбачу за сваё жыццё.Але я заўседы з цеплынёй успамінаю тыя мае першыя вандроўкі па малой Радзіме разам с сябрамі-аднакласнікамі і настаўнікам-татай! І паверце, гэта мае адны з лепшых успамінаў!Дзякуй!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *