Лета заўседы абяцае многа падзей, сустрэч і яркіх уражанняў. Насычаным і разнастайным стала яно і для тых людзей, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шаркаўшчынскага раёна.
Дзякуючы спонсарскай дапамозе ДРБУ-131, людзі з абмежаванымі магчымасцямі пабывалі на гала-канцэрце рэспубліканскага фестывалю творчасці інвалідаў па зроку «Запалі сваю зорку!», які адбыўся на сцэне Віцебскага летняга амфітэатра. Незвычайнае хваляванне і захапленне ахоплівала гледачоў, калі са сцэны чуліся залатыя галасы выканаўцаў, якія маюць праблемы са зрокам, або зусім страцілі яго. Сумесныя выступленні артыстаў ГА «БелТІЗ» і такіх папулярных зорак беларускай эстрады, як П. Ялфімаў, В. Алешка, I. Дарафеева, А. Хлястоў і іншых уразіла незвычайнай душэўнай цеплынёй і высокім выканальніцкім майстэрствам, дазволіла адчуць непаўторную атмасферу фестывальнага Віцебска.
А якое лета без кветак? Шэрым і аднастайным выглядалі б нашы дамы і вуліцы без іх. «Я люблю кветкі!»— так называлася мерапрыемства, што прайшло ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў у пачатку жніўня. Яго мэта — звярнуць увагу на неабходнасць упрыгожваць сваё жыццё кветкамі, выклікаць жаданне вырошчваць іх і дарыць іншым людзям. Таксама была арганізавана выстава кампазіцый з кветак, якая дазволіла кожнаму ўдзельніку праявіць фантазію і творчы падыход.
18 жніўня нас чакала цікавая сустрэча. Аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў наведала карэспандэнт гукавога часопіса «Таварыш» ГА «Бел ТІЗ» Алена Кандрацюк. З’яўляючыся інвалідам 1-й групы (бо страціла зрок яшчэ ў дзяцінстве), яна паспяхова закончыла факультэт журналістыкі БДУ і ўжо больш дзесяці год працуе карэспандэнтам. Алена азнаёмілася з работай аддзялення, пагутарыла з прадстаўнікамі раённай арганізацыі «Бел ТІЗ», якія стаялі ля вытокаў і з’яўляюцца яе членамі сення. Змястоўная размова адбылася ў яе з інвалідамі па зроку Л. Г Бруйкам, А. А. Братчэняй, У. П. Савіцкім і Н. І. Івановай, якая, дарэчы, з’яўляецца старшынёй Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі «БелТІЗ». У час наведвання пасяджэння клуба маладых інвалідаў «Надзея» Алена расказала прысутным аб сваім жыцці і любімай прафесіі, падарыла ўсім святло душы, упэўненасць і аптымізм, якіх нам так часта не хапае. Унікальны чалавек, які бачыць сэрцам! Непаўторная сустрэча!
Такія розныя эпізоды лета… Прыгадваеш іх — і на душы становіцца цяплей, бо разумееш, колькі навокал дабрыні і прыгажосці, колькі людзей, якія, нібы кветкі, упрыгожваюць наша жыццё!
Т. КЛІМЗА,
загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН
