Ужо 23 гады жыве сям’я Газаранаў з Азербайджана ў беларускай вёсцы Сталіца

Актуальное

Людміла Газаран каля свайго кветніка

Пра лёс сям’і Газаран з вёскі Сталіца ААТ “Княж” неаднойчы пісала раённая газета. Людмілу Гургенаўну праслаўлялі, як перадавую даярку гаспадаркі. Але час няўмольна бяжыць наперад. І ён пастаянна ўносіць свае карэктывы ў, здаецца, адладжанае, распланаванае  чалавекам жыццё. Атрымалася так, што прыехаў з Баку да сына дажываць свой век састарэлы бацька. Хто можа дагледзець лепш старога чалавека, як жанчына. Вось і вырашылі  на сямейным савеце Людміла  з мужам Артурам Міхайлавічам, што дакументальна аформіць нявестка апякунства над свёкрам. Гэта было паўтара гады назад. Калі той пайшоў з жыцця, зноў трэба было рашаць, чым далей заняцца жанчыне. А тут у суседняй вёсцы Каралева жыве адна—адзінюткая 83-гадовая Ларыса Сямёнаўна Бондар. Яна — інвалід першай групы па зроку. Дазналася старая пра добрае сэрца і спагаду Людмілы Гургенаўны і папрасілася, каб тая даглядала яе.
Каб мець дадатковы заробак і матэрыяльна дапамагаць дзецям (іх у сям’і Газаран трое), вырашылі расшырыць хатнюю гаспадарку. Цяпер у іх на падворку трое кароў і лішкі малака ахвотна прадаюць дзяржаве, ёсць і  іншая жыўнасць. Апрацоўваюць ладны кавалак зямлі, маюць свой трактар. Гаспадар па- ранейшаму працуе на будаўнічых аб’ектах у сельгаспрадпрыемстве.
Хоць ужо 23 гады Газараны жывуць у Беларусі, у вёсцы Сталіца, але не забываюць сваіх азербайджанскіх традыцый, вырошчваюць культуры, якія ўжо добра растуць і на нашых землях у спякотнае лета, гатуюць свае любімыя стравы. Ахвотна імі дзеляцца з вяскоўцамі. Ад іх і я развяла чорную фасоль. Цяпер вось Людміла Гургенаўна  расказала, як яна марынуе зімовы часнок…
Словам, вёска парадніла і ніякіх міжнацыянальных розняў не адчуваецца.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *