Яе жыццё звязана з клопатам пра родных

Актуальное

730

У сямейных адносінах асаблівая роля адводзіцца жанчыне.  Чароўныя прадстаўніцы “слабага” полу здольныя на многае:  дзень за днём яны саграваюць любоўю сэрцы блізкіх і дарагіх людзей, мужа, дзяцей, бацькоў, усіх сваіх родных, дораць ім цяпло і ласку, аберагаюць ад бед і няшчасцяў. Кожная сям’я — гэта асобны маленькі свет. Для Наталлі Вітольдаўны Ліпскай такім светам стала яе дружная і любімая сям’я: муж Аляксандр і чацвёра дзяцей, двое з якіх ужо дарослыя.

У свае 39 год гераіня гэтага матэрыялу — шматдзетная маці і гаспадыня вялікага ўтульнага дома. Яна нарадзілася ў вёсцы Пруднікі Міёрскага раёна, вырасла ў вялікай  шматдзетнай сям’і, дзе акрамя яе выхоўваліся шасцёра братоў і сясцёр.

Пасля вяселля маладыя прыехалі ў Шаркаўшчыну і засталіся жыць у доме бацькоў Аляксандра. Там жа нарадзіліся іх дзеткі: Вікторыя, Юрый, Аня і малодшы Міша. А свой прыгожы і вялікі дом Ліпскія будавалі разам — і бацькі, і дзеці. Наваселле адзначылі каля чатырох гадоў назад.

Двое старэйшых дзяцей ужо вылецелі з бацькоўскага гнязда. Дачка Вікторыя стварыла сваю сям’ю і разам з мужам пражывае ў  Полацку, працуе фельчарам-акушэрам у адной з бальніц гэтага горада. Сын Юрый абраў для сябе будаўнічую спецыяльнасць. А двое малодшых дзяцей Аня і Міша (якіх вы бачыце на здымку) яшчэ вучацца ў школе, жывуць разам з бацькамі і дапамагаюць ім ва ўсіх хатніх справах.

На працягу 18 гадоў Наталля Вітольдаўна працуе аператарам машыннага даення КУВСП імя Маркава, яе муж Аляксандр Алегавіч — механізатар гэтага ж прадпрыемства. Сельскі лад жыцця прывычны для жанчыны — яна працуе і нарадзілася ў вёсцы, там жа пазнаёмілася з будучым мужам. Таму без хатняй гаспадаркі не ўяўляе свайго існавання.

— Калі пажаніліся, — успамінае Наталля, — адразу ж купілі казу, потым карову. Паступова з нараджэннем дзяцей гаспадарка павялічылася, і сёння на нашым падворку ўтрымліваюцца 2 каровы, конь, козы, куры, свінні, узведзены шматлікія гаспадарчыя пабудовы.

Як і многія жыхары нашага раёна, Ліпскія маюць свой зямельны ўчастак, на якім у вялікай колькасці вырошчваюць усю неабходную садавіну і агародніну, а тэрыторыю вакол дома  ўпрыгожваюць садовымі кветкамі.

Наталля ганарыцца  мужам і дзецьмі і мае на гэта поўнае права. А яны, у сваю чаргу, вельмі любяць маці і жонку, якая робіць усё магчымае для таго, каб у новым доме ўсім было ўтульна. Можна толькі здзіўляцца, як гэта абаяльная і яшчэ маладая жанчына ўсё паспявае: і на працу схадзіць, і вялікую сям’ю  накарміць, навесці ў доме парадак і праверыць урокі ў малодшых дзяцей. А колькі клопатаў з хатняй гаспадаркай!

Наталля — маці, якая заслугоўвае самых лепшых слоў у свой адрас. Яе жыццё неразрыўна звязана з клопатамі пра родных і дзяцей, з жаданнем зрабіць усё ад яе залежнае, каб яны былі здаровымі і шчаслівымі. А сёння, у дзень Маці, Наталля Вітольдаўна Ліпская прымае самыя шчырыя віншаванні ў горадзе Віцебск. Яна удастоена спецыяльнай прэміі аблвыканкама імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, якую кожны год атрымліваюць лепшыя маці Прыдзвінскага краю. Віншуем з заслужанай узнагародай!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *