Са снежня 2010 года ў Іёдскай урачэбнай амбулаторыі працуе Алена Леанідаўна Ерамеева. Дагэтуль яна была загадчыцай Варонкаўскага ФАПа. Нягледзячы на невялікі стаж працы на новым месцы, “сельскі ўрач” паспела зрабіць шмат добрага людзям. Пра гэта сведчыць ліст, які даслалі жыхары Іёдаў у рэдакцыю.
“Шмат цёплых слоў хочацца сказаць у адрас Алены Леанідаўны. Гэта цудоўная жанчына вызначаецца сваёй сардэчнасцю, дабрынёй, чуласцю і ўважлівасцю. Усе гэтыя чалавечыя якасці з’яўляюцца толькі дапаўненнем да яе прафесіяналізму, як медыка. Вядома, фельчар у сельскай мясцовасці — гэта і “хуткая дапамога”, і ўрач, і сястра міласэрнасці, і першы памочнік”.
Далей у лісце расказваецца, што Алена Леанідаўна адказна і добрасумленна выконвае свае прафесійныя абавязкі.
“Падчас прафілактычных абходаў Алена Леанідаўна ўсім удзяляе шмат увагі, у прыватнасці, гэта тычыцца пажылых людзей. Яна заўсёды знаходзіць час, каб пагутарыць. Жанчына выпісвае лекі не толькі ад хваробы, але і душу лечыць. Усім вядома, што ўвага, клопат і цёплае слова могуць шмат значыць для хворага чалавека, у прыватнасці, не менш, чым медыцынскія прадпісанні”.
Такім чынам, вяскоўцы высока ацэньваюць прафесіяналізм Алены Леанідаўны Ерамеевай.
“Вялікі Сакрат сказаў, што самае складанае — вучыць, судзіць і лячыць людзей. Трэба адзначыць, што Алена Леанідаўна добра спраўляецца са сваімі абавязкамі: дапамагае людзям вярнуць здароўе. І мы, жыхары Іёдаў, вельмі ўдзячны гэтай жанчыне!”.
Матэрыял падрыхтаваў Аляксандр БАРЫЛА
