
Канешне, у большасці шаркаўчан ёсць свае агароды, з якіх яны збіраюць немалы ўраджай. Але не факт, што яго абавязкова хопіць на ўсю зіму. Таму кожную восень прадастаўляецца цудоўная магчымасць папоўніць свае запасы гародніны, а таксама, калі ёсць такая неабходнасць, зерневых, купіўшы ўсё гэта па прымальных цэнах.
Вось і ў суботу, 3 верасня, каля рынкавай плошчы выстраіўся рад машын з усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Прадавалі па прынцыпе, хто чым багаты, той тым і рады: зерне фуражнае і насеннае, бульба, парасяты, мёд. Падводзячы адразу вынікі, скажам, што нагандлявалі сельгаспрадукцыяй на 20 мільёнаў 168 тысяч рублёў. Але, як вядома, не толькі бульбай з

зернем жывы чалавек, таму на кірмашы можна было ўбачыць і купіць шмат чаго іншага. Напрыклад, мяса. Ялавічыну прадставілі на продаж ААТ «Даватарскі», «Юдыцына», «Буеўшчына», КУВСП імя Маркава, каштавала яна 20 140 рублёў за кілаграм, прададзена 400 кг. Свініну за 28 660 руб. прадавала КУВСП «Гарадзец», рэалізавана было 250 кг. Апроч гэтага, райспажыўтаварыства прапанавала шаркаўчанам мяса з Віцебскага хладакамбіната па 23 060 руб. за кг, прададзена 700 кг.
Радавала вока стракатасцю этыкетак і разнастайнасцю слоікаў палатка

кансервава-агароднінасушыльнага завода. Прадаўцом тут была Наталля Балай, а побач назіраў за гандлёвым працэсам вядучы таваразнавец Аляксей Клакоўскі.
— Нешта апошнім часам не бачу вашай тушонкі ў шаркаўшчынскіх магазінах, — кажу яму. — Чаму так?
— Таму што раскупляюць, — адказвае Аляксей. — Карыстайцеся магчымасцю і купляйце цяпер тут у нас.
Блізка каля ўваходу на рынак была створана сапраўдная мастацкая кампазіцыя з садавіны і гародніны, пасярод якой важна сядзелі лялечныя гаспадар з гаспадыняй. А калі прыгледзецца, то можна было прачытаць жартаўлівыя надпісы-заклікі пакупнікам. Вось, напрыклад, наступная парада жанчынам пра карысць натуральных прадуктаў. «Еш моркву, буракі і хрэн, будзеш, як Сафі Ларэн». Цяжка з гэтым не пагадзіцца. Аўтарства гэтай прыгажосці належала прадстаўнікам аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Таццяне Голуб і Міхаілу Кавалеўскаму. Побач знаходзілася іх гандлёвая палатка з шырокім выбарам дарункаў прыроды.
— Добра ідзе гандаль, — расказвае Міхаіл Браніслававіч, — людзі ахвотна купляюць часнок, капусту, брусніцы, усё гэта папулярны тавар.
— О, якія малайцы, — ацэньвае адна з пакупніц прадстаўлены асартымент, — усё ў вас тут ёсць. Вось шкада, што я сёння без транспарта, а так бы закупілася.
— Транспарт для адвозкі набытага можам прадставіць, — адказвае прадавец. — Ну і гэта не апошні кірмаш, прыязджайце закупляцца ў наступную суботу.
І гэта праўда, такія кірмашы будуць праходзіць і ў далейшым, так што магчымасць запасціся сельгаспрадукцыяй яшчэ застаецца.
Зазначым таксама, што сельскагаспадарчыя кірмашы праходзяць і ў іншых населеных пунктах. Так, 2 верасня адбыўся ён у аграгарадку Іёды (выручка склала 1 мільён 36 тысяч рублёў), а 4 верасня — у аграгарадку Лужкі (нагандлявалі на 3 мільёны 226 тысяч). Асноўнымі прадаўцамі тут выступалі мясцовыя гаспадаркі.
Андрэй БУРЭЦ
