Прафілактычны рэйд супрацоўнікаў РАНС

Служба 101

А. М. Федуковіч правярае спраўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў доме сям’і Бруйка
А. М. Федуковіч правярае спраўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў доме сям’і Бруйка

Выконваць правілы пажарнай бяспекі — такое патрабаванне прад’яўляюць супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях да ўласнікаў дзяржаўных і прыватных пабудоў. І гэта вельмі актуальна асабліва цяпер, калі з наступленнем мінусавых тэмператур вонкавага паветра гаспадары дамоў пачалі карыстацца ацяпляльным абсталяваннем.
Адзін з чарговых прафілактычных рэйдаў супрацоўнікаў РАНС прайшоў на тэрыторыі Радзюкоўскага сельскага Савета. У вёсцы Балтрамеі пражывае шматдзетная сям’я Васілія і Вольгі Сяткоўскіх. Хатнія пакоі, як і належыць, абсталяваныя аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі ў спалучэнні з сігнальна-гукавым устройствам. Было на чым засяродзіць увагу начальніку РАНС Андрэю Мечыслававічу Федуковічу пры наведванні дома, які належыць Леаніду Рымдзёнку, у вёсцы Пашкі. Гаспадар у адным з пакояў прымацаваў да столі аўтаномны пажарны апавяшчальнік, але не паклапаціўся ўстанавіць у ім элемент сілкавання, што з’яўляецца грубым парушэннем правілаў супрацьпажарнай бяспекі. Цэгла на комінах над страхой ў некалькіх месцах рассыпалася і на іх утварыліся адтуліны, праз якія праходзіць дым. Гаспадару вынесена прадпісанне на выпраўленне дадзеных парушэнняў.
Падчас рэйду наведалі сям’ю Васілія і Алены Бруйка ў вёсцы Балбекі, на выхаванні ў якіх знаходзіцца трое непаўналетніх дзяцей. Андрэй Мечыслававіч, агледзеўшы наяўныя аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, выявіў адсутнасць у адным з іх элемента сілкавання. На справе аказалася, што гаспадар, які мае прывычку курыць у хатніх пакоях, проста адключыў “крону”, каб тая не спрацоўвала на цыгарэтны дым. Вось такая нядбайнасць з боку дарослага чалавека.
У гэтай жа вёсцы начальнік РАНС правёў прадметную размову з гаспадыняй адной з сядзіб Наталляй Марахавец. Прычынай таму стала няправільнае складзіраванне рулонаў сена. Вялікая сцірта ўшчыльную размешчана да гаспадарчых пабудоў. Небяспека ў гэтым відавочная: у выпадку, калі адбудзецца ўзгаранне сухога сена, агонь на сваім шляху знішчыць будынкі. Тады і пажарныя-выратавальнікі не змогуць своечасова дапамагчы гаспадарам, тым больш, што да бліжэйшай пажарнай часці адлегласць амаль 20 кіламетраў.
Падобныя рэйды супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях у далейшым будуць працягвацца. “Галоўнае, каб людзі цалкам маглі ўсвядоміць, што грэбаваць элементарнымі правіламі супрацьпажарнай бяспекі нельга, бо за гэтым стаіць чалавечае жыццё”, — зазначыў Андрэй Мечыслававіч Федуковіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *