
Дапамагаць іншым — чалавечы абавязак, такой формулай кіруюцца ў сваім жыцці Кіт і Прысцыла Хаф, амерыканская сямейная пара са штата Юта, якая прадстаўляе ў Беларусі Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Сафія». Арганізацыя, якая спансіруецца Гуманітарнай службай Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён, аказвае дапамогу па ўсім свеце і ў Беларусі дзейнічае ўжо не першы год. Сёлета сярод іншага была аказана дапамога «Александроўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў». Пра падрабязнасці даведваемся ў дырэктара ўстановы Станіслава Альфонсавіча Верушэўскага.
— Сувязь з дадзенай дабрачыннай арганізацыяй мы падтрымлівалі і раней,

— расказвае ён. — Але гэта была разавая дапамога. А цяпер яны сталі займацца канкрэтнымі праектамі і вясной прапанавалі нам сваю дапамогу. У межах нашага праекта, агульны кошт якога склаў 45 мільёнаў рублёў, у нас было ўстаноўлена новае абсталяванне. Спецыяльныя прылады ў швейным цэху, шафа жарачная трохсекцыйная, дзве чатырохканфорачныя электрапліты для сталовай, а таксама цэнтрыфуга на 25 кг для адціскання бялізны ў пральні. Увогуле, амерыканцы вельмі акуратныя, абавязковыя людзі. Таму на працягу двух з паловай месяцаў тое, што яны абяцалі, было зроблена. Вось сёння павінны прыехаць паглядзець, як яно ў нас працуе.

Неўзабаве пад’язджаюць да ганка дома-інтэрната замежныя госці, Кіт і Прысцыла, а таксама выканаўчы дырэктар МДГА Сяргей Станіслававіч Зубовіч, які таксама выступае ў якасці перакладчыка. У ходзе гутаркі даведваемся, што дома ў Амерыцы ў Кіта і Прысцылы вялізная сям’я: 7 дзяцей і ўжо 24 ўнукі. Дзеці ўжо дарослыя і жывуць самастойным жыццём. А пажылае пара, выканаўшы бацькоўскія і грамадзянскія абавязкі, рашыла цяпер згодна з патрабаваннямі сваёй веры паклапаціцца пра агульначалавечыя і выказала пажаданне стаць гуманітарнымі валанцёрамі. З усіх краінаў свету, у якіх дзейнічае гуманітарнае аб’яднанне «Сафія», ім выпала правесці, займаючыся дабрачыннай дзейнасцю, год і восем месяцаў у Беларусі. Ну і канешне, гэта добрая магчымасць паглядзець, як жывуць людзі тут, у Беларусі. На традыцыйнае пытанні пра ўражанні ад нашай краіны адказала Прысцыла:
— Спадабалася Беларусь, вельмі спадабалася. У вас вельмі прыгожая прырода, якая не можа не спадабацца. На гарадскіх вуліцах пануе парадак. Ну а галоўнае, вядома, гэта людзі. Ветлівыя, сумленныя, працавітыя, з адкрытай душой.
Пасля невялікай гутаркі Станіслаў Альфонсавіч Верушэўскі вядзе гасцей

паказваць, на што і як былі патрачаныя грошы. У швейным цэху, у сталовай, у пральні у вочы адразу кідаецца, выразна выдзеляючыся на фоне старой, новенькае тэхніка. Уся яна спраўна працуе і намнога аблягчае работу абслугоўваючага персаналу. Таму ў адрас амерыканскіх гасцей і іх арганізацыі гучаць словы падзякі, тыя ж, бачачы, што іх дапамога сапраўды прынесла карысць, задаволена пасміхаюцца.
Ну і, канешне, звяртае ўвагу гасцей агульны выгляд тэрыторыі дома-інтэрната. Акуратныя будынкі, разнастайныя малыя архітэктурныя формы, шмат кветнікаў, градкі і парнікі, у якіх вырошчваецца садавіна на ўласныя патрэбы. Усё гэта выклікае добрую ацэнку незалежна ад нацыянальнасці. «Гэта ў вас, як такая невялікая вёска, нават, можна сказаць, самастойная дзяржава, — робяць агульную выснову ад убачанага амерыканцы. — Перакананы, што падапечным у вас камфортна.»

Застаецца дадаць, што не толькі замежнікі кіруюцца гуманістычнымі прынцыпамі. Згодна са сваімі магчымасцямі падапечным Александроўскага дома-інтэрната аказваюць дапамогу шаркаўчане, як асобныя людзі, так і прадпрыемствы. Асабліва адзначыў Станіслаў Альфонсавіч прыхаджан Свята-Успенскай царквы і святара Васілія Стрыжнёва, а таксама начальніка ДРБУ-131 Віктара Віктаравіча Багінскага.
Андрэй БУРЭЦ
