Машынна-трактарны парк ААТ «Даватарскі» папоўніўся новым энерганасычаным трактарам МТЗ-3522

Сельское хозяйство

загадчык механічных майстэрань ААТ “Даватарскі” Віталій Крывашонак каля новага МТЗ-3522
загадчык механічных майстэрань ААТ “Даватарскі” Віталій Крывашонак каля новага МТЗ-3522

На абласным фестывале-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2015”, які прайшоў у горадзе Талачын 3 кастрычніка, сярод разнастайных пляцовак, дзе дэманстраваліся тавары айчыннай вытворчасці, праходзілі паказальныя выступленні і майстар-класы сілавых структур вобласці, працавала выстава сельскагаспадарчай тэхнікі. Тут былі прадстаўлены два старыя трактары — “Універсал-2” і ДТ-20, адноўленыя навучэнцамі і выкладчыкамі Ульскага і Глыбоцкага прафліцэяў, некалькі дзясяткаў сучасных трактароў і сельскагаспадарчых агрэгатаў вытворчасці нашай краіны.
Выставу перад пачаткам асноўнай часткі святкавання наведалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў і іншыя афіцыйныя асобы. Пазнаёміцца з узорамі тэхнікі мінулага і паглядзець на сучасныя мадэлі маглі ўсе жадаючыя, а іх была вялікая колькасць.
На новых трактарах і сельгасагрэгатах можна было ўбачыць надпісы, дзе ўказвалася, якому сельгаспрадпрыемству будзе ўручана тая або іншая адзінка тэхнікі. Сярод іх быў і энерганасычаны трактар МТЗ-3522, сертыфікат на атрыманне якога на галоўнай сцэне “Дажынак” ва ўрачыстай атмасферы губернатар Мікалай Шарстнёў уручыў дырэктару ААТ “Даватарскі” Сяргею Струю.
— Нам вельмі пашчасціла атрымаць такі каштоўны падарунак, — кажа галоўны інжынер гаспадаркі Пётр Васілеўскі. — З Талачына сваім ходам яго прыгнаў механізатар нашай гаспадаркі Алег Палягошка. Трактар па сваіх тэхнічных характарыстыках шматфункцыянальны: можа выкарыстоўвацца для апрацоўкі глебы, пры сяўбе і ўборцы сельгаскультур, нарыхтоўцы кармоў, здольны працаваць у саставе камбінаваных і шыроказахватных агрэгатаў і комплексаў. У складзе машынна-трактарнага парку гаспадаркі ўжо маецца пяць адзінак сучасных энерганасычаных трактароў МТЗ-3022. Гэты, МТЗ-3522, стане дапаўненнем да астатняй тэхнікі. Цяпер ён будзе пастаўлены на захоўванне, а з пачаткам вясны задзейнічаем новую тэхніку на палявых работах.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *